Top.Mail.Ru

Пазнаёміліся са спецыялістам, ад якога залежыць здароўе жывёл і якасць малака

Якасць кармоў для жывёлагадоўлі — тэма, якую Прэзідэнт трымае на асабістым кантролі. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў: ад тэхналогіі нарыхтоўкі і захоўвання кармоў напрамую залежыць вынік работы ўсяго аграрнага комплексу.Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу хочацца ўспомніць працу тых прафесіяналаў, без якіх не трымаецца ні адзін жывёлагадоўчы комплекс. Адна з такіх прафесій — фуражыр. Менавіта ад гэтага чалавека ў гаспадарцы залежыць, ці будзе ў кармушках якасны корм, жывёла — здаровай, а малако — добрага гатунку.

«Дваццаць траншэй — і ўсе поўныя»

Фуражыр — гэта чалавек, які адказвае за корм. За тое, каб ён быў якасны, каб яго было дастаткова, каб кармавая база была правільна закладзена і захавана. У ААТ «Залужжа» Старадарожскага раёна гэтым займаецца Святлана Назарава — фуражыр і брыгадзір паляводчай брыгады. Яна прыехала сюды дваццаць гадоў таму, выгадавала двух сыноў і знайшла справу, якой аддае сябе цалкам.

«Здаецца, што праца фуражыра — гэта сезонная работа, — тлумачыць Святлана Савельеўна. — Аднак мы не толькі займаемся нарыхтоўкай сенажу з мая па ліпень, але і з верасня да лістапада закладваем сілас на корм скаціне. Узімку працую брыгадзірам паляводчай брыгады. Кірую камандай з шасці чалавек. За мной — дысцыпліна работнікаў, размеркаванне іх абавязкаў. Выдаём корм, салому. Нагрузка вельмі вялікая, але спраўляемся».


«У нас 20 сіласных траншэй, — кажа Святлана Савельеўна. — Ёсць і на пяць тысяч тон, і на тры тысячы, на тысячу».

Закладка, вільготнасць, тэмпература — за ўсім гэтым сочыць фуражыр, менавіта гэты спецыяліст адказвае за тэхналогію закладкі і захоўвання будучага корму. «Праз кожныя тры гадзіны падчас запаўнення траншэй сакавітымі кармамі неабходна замяраць і запісваць даныя ў журнал. Кантралюю ўвесь працэс закладкі заглыбленага сховішча ад першай да апошняй трамбоўкі», — тлумачыць жанчына спецыфіку сваёй работы.

У «Залужжы» яшчэ ў пачатку кастрычніка ўсе траншэі былі запоўненыя. Святлана Назарава падзялілася, што цяпер гаспадарка працуе над закладкай сенажу.

«Корм — гэта ўсё»

Спецыяліст тлумачыць, што сянажныя ямы нельга трымаць адкрытымі. Пасля завяршэння ўтрамбоўкі — адразу накрываюць плёнкай, калі гэтага не зрабіць — тэхналагічны працэс будзе незавершаны. «Для правільнай кансервацыі, каб усё гатавалася, укісала, — тлумачыць спецыяліст. — Таму што ад гэтага залежыць, як потым будзе пераварвацца ежа арганізмам жывёлы, а таксама — якой якасці будзе малако. Таму корм — гэта ўсё», — сказала працаўніца.


Святлана Савельеўна гаворыць, што скошаная трава павінна быць добра правяленая: мокрая не кладзецца. «Мы пільна сочым за якасцю, у тым ліку наш кіраўнік Дзмітрый Каролька кантралюе, каб у жывёлы быў здаровы і разнастайны рацыён. Ён часта бывае на комплексе нарыхтоўкі, таму мы адчуваем яго ўдзел у кожным нашым відзе дзейнасці. Каля пяці гадоў таму ён да нас прыйшоў, не пабаяўся цяжкасцяў і падняў наш калгас на добры ўзровень. Малады, так стараецца — вам не расказаць. Больш бы такіх хлопцаў працавітых, такой моладзі, якія любяць сельскую гаспадарку!» — дзеліцца фуражыр.

«15 гадоў працую на адным месцы»

Родам наша гераіня з Асіповіцкага раёна. Жыла ў гарадскім пасёлку Ялізава, на Магілёўшчыне. Аднак дваццаць гадоў таму лёс прывёў жанчыну ў Старадарожскі раён. У Святланы Савельеўны два сыны. Андрэй — дальнабойшчык, жыве ў Бабруйску. Вадзім — майстар змены на шклозаводзе ў пасёлку Ялізава. «Прыехала сюды, і вёска мне вельмі спадабалася, — успамінае яна. — Наш тагачасны старшыня, Аркадзь Мікалаевіч Нікановіч, быў вельмі добры, таму, у тым ліку, праз яго добрае стаўленне да калгаснікаў, я засталася тут жыць».



Святлана Назарава скончыла Магілёўскі каледж, па адукацыі — прадавец. Аднак суразмоўніца ніколькі не шкадуе, што засталася ў Залужжы. Спачатку працавала прадаўцом, кухарам у сталовай. А потым жанчыне прапанавалі стаць фуражырам. «І вось ужо 15 гадоў, як я фуражырам на адным месцы працую», — кажа яна.

Дома Святлана Савельеўна адпачывае за вязаннем, прычым, як заўважае, вяжа ўсё. «Не ведаю, — усміхаецца яна. — Усё вяжу і пруткамі, і кручком — дыванкі з нітак, шпагату, нават з пакетаў з-пад малака, — тлумачыць. — Усё ідзе ў ход: нічога не выкідваю». Яна дорыць людзям і абрусы, і покрыўкі. Святлана Савельеўна смяецца, што ёй не дай паспаць, а дай павязаць: «Я ўвечары прыходжу дадому, паела, памылася — і да адзінаццаці гадзін вяжу, — кажа яна. — Раніцай падымаюся а палове на пятую, каб хутчэй павязаць да работы»...

«Проста раблю тое, што павінна»

У Святланы Савельеўны два сыны, падрастаюць два ўнукі. «Прыязджаюць, — кажа бабуля. — Ну, у асноўным, на канікулы. А зімой, падчас майго водпуску, дзеці прыязджаюць, забіраюць мяне да сябе ў горад.

Дома ў яе жыве маленькі сабачка Пупсік. «Мой ахоўнік», — з цеплынёй усміхаецца жанчына.

Святлане Савельеўне хутка на пенсію, але сыходзіць яна не збіраецца, ды, як яна жартуе, не дадуць. «Ну, я і не ўпіраюся, — бадзёра гаворыць жанчына. — Хоць цяжкавата. Вы ўяўляеце, на ямах сядзець — гэта днямі і спёка, і холад, і пыл, скразнякі, а дакументацыя! Гэта вельмі складана. Але я не скарджуся, а проста раблю тое, што павінна».


Мы спыталі ў Святланы Савельеўны пра яе жыццёвы дэвіз, якім яна кіруецца, — «Трэба імкнуцца, жыць далей, нягледзячы на ўсе нягоды, трэба радавацца», — адказала жанчына.

Напярэдадні прафесійнага свята ў Старых Дарогах плануецца ўрачыстае мерапрыемства. Святлану Савельеўну ўжо запрасілі. Яна паедзе, як заўсёды. «У нас ад гаспадаркі падарункі такія добрыя даюць, — дзеліцца працаўніца. — На Дзень маці, на Новы год абавязкова віншуюць і ў наш прафесійны дзень — таксама вельмі адчуваецца ўвага з боку кіраўніцтва».

Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю