У сучасным свеце ўсё больш узрастае запыт на ідэнтычнасць. Сёння вышыўку мы ўспрымаем як адзін з візуальных элементаў нашага культурнага коду. Арнаменты сталі модным трэндам і актыўна выкарыстоўваюцца рознымі вытворцамі на ўпакоўках, без вышываных рэчаў цяжка прадставіць сучасную аграсядзібу, напэўна, як і сустрэчу важных гасцей па-беларуску без ручніка з хлебам. Але важна за гэтай модай не ўпускаць, што народная вышыўка — гэта не проста пазнавальныя арнаменты ці сакральныя сімвалы. Па ёй можна чытаць гісторыю роду і мясцовасці (у пэўных рэгіёнах розніліся арнаменты і тэхнікі). А яшчэ вышыўка можа нагадаць і пра традыцыйны ўклад, сувязь пакаленняў і нават пра сакрэты выхавання. У гэтым я пераканалася, калі пазнаёмілася з Аленай МІХЕД — майстрам народных мастацкіх рамёстваў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Слонімскага раённага цэнтра культуры.
Працяг матулінай справы
«Пасля вайны, калі ў людзей нічога не засталося, уменне шыць, ткаць, ствараць адзенне і рэчы для дома — гэта не тое што аснова выжывання, гэта абавязковы навык, — расказвае Алена Мікалаеўна. — Нават, калі ўсё неабходнае можна было набыць у краме, у нас у сям’і працягвалі вырошчваць лён. Я бачыла, як яго трапалі, часалі, пралі, золілі попелам, як ткалі палатно. Бабуля прала, а маме на гэта не было часу — яна бяліла, калі трэба фарбавала, ткала». Маці Алены Мікалаеўны была знанай майстрыцай, добра валодала рознымі відамі ткацтва. Сама снавала (навівала ніткі), ткацкі станок запраўляла не толькі сабе, але і суседкам (не кожная жанчына магла засвоіць гэта складанае рамяство). «Аснова запраўлялася з восені. Вялізная, адразу на некалькі пакрывал. Усю зіму маці ткала. Ад працэсу яе ніхто не адцягваў, родныя дапамагалі з падсобнымі работамі, у тым ліку і я, тады яшчэ зусім малая», — згадвае Алена Міхед.
Сёння яна — адзіны на Слонімшчыне майстар, які адраджае традыцыі ткацтва. У раённым аддзеле рамёстваў ганарацца і тым, што гэтым аўтарам створана вялікая калекцыя вышытых ручнікоў, многія з работ былі адзначаны на разнастайных фестывалях і конкурсах.
Вышываць Алена Міхед таксама вучылася ў сям’і. «Можна сказаць, што напачатку маці мяне нават прымушала гэта рабіць. Мне малой вельмі падабалася вязаць, а маці тады мяне накіроўвала, казала, што вышыўка больш важная, яна мне давала заданні» — згадвае майстар. Яна родам з Гомельшчыны. Памятае, што раней жанчыны багата шчыравалі з тэкстылем, у вышыўцы быў увесь дом: на ручніках, падузорніках, навалачках. На абразы вешаліся вялікія вышытыя набожнікі, якія прыгожа закладваліся. Пераважна ў яе мясцовасці вышывалі роўняддзю (гладдзю), таму цяпер яна імкнецца папулярызаваць гэту тэхніку.
Сакрэты майстра
Свае работы Алена Мікалаеўна робіць не толькі на аснове народных узораў, а раскрываецца творча. «Вышыўку немагчыма паўтарыць, нават калі я ўзнаўляю пэўны ўзор рэгіёна, усё роўна раблю гэта па-свойму.
Магу крыху дарабіць, напрыклад, падправіць, калі малюнак на арыгінале няроўны, тое ж і з размяшчэннем узору, імкнуся выканаць яго сіметрычна. У мяне вышыўка крыжыкам больш дробная, значыць памер узору будзе іншым. Вось і атрымліваецца, з аднаго боку, імкнуся стары ўзор захаваць, з другога, і сваё майстэрства мне паказаць трэба», — дзеліцца майстар прафесійнымі сакрэтамі. Дарэчы, яе тэхніка мае свае асаблівасці — яна вышывае ў адну нітку, у выніку чаго работы падаюцца «намаляванымі».
У аўтарскай калекцыі Алены Міхед ёсць работы, вышытыя процягам, крыжыкам, насцілам, але асаблівая павага да гладзі засталася: «Вышыўка крыжыкам — гэта матэматыка, трэба думаць, як укалоць, каб атрымаўся роўны малюнак, ніткі ляглі правільна. А гладзь як мелодыя, шыеш ды песню спяваеш. Рэлакс, так бы мовіць». Ёй падаецца, што праз гэту тэхніку раскрываецца прыгажосць: невыпадкова нашы продкі вышытымі рэчамі аздаблялі хаты, абразы.
Алена Мікалаеўна заўважае, што попыт на рэчы з «культурным кодам» расце. Гэта яна бачыць на шматлікіх фестывалях рознага ўзроўню, у якіх удзельнічаюць слонімскія майстры, і нават па тым, па якія заказы звяртаюцца да рамеснікаў, напрыклад, тыя модніцы, якія хочуць сучасныя сукенкі аздобіць вышыўкамі. Для людзей старэйшага пакалення работы майстроў — гэта як сувязь з мінулым, яны з цеплынёй узгадваюць пра сваіх бабуль-рукадзельніц, расказваюць, якія ў іх мясцовасці былі ручнікі. Майстар упэўнена, што такая папулярнасць — у тым ліку і вынік дзяржаўных праграм, калі на самым высокім узроўні падтрымліваецца прыгажосць і якасць па-беларуску.
Алена Дзядзюля
Фота Валерыя Картуля