Працуюць для людзей, захоўваюць памяць, адраджаюць прыгажосць
«Праз два гады пасля выбараў мы з заробленых усёй краінай грошай заснавалі прэмію „За духоўнае адраджэнне“. З году ў год мы прысуджаем яе за тое, што зроблена па поклічы сэрца. Не напаказ. У імя мастацтва. Не на продаж. Дзеля краіны, але не дзеля славы».
Лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» стаў калектыў Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Беларускай праваслаўнай царквы.
Асаблівая каштоўнасць бескарыслівай дабрачыннай дапамогі, паводле слоў Рамана Арцёмава, заключаецца менавіта ў тым, што гэта рух да сэрца. «Чалавек хоча дапамагчы іншаму чалавеку, прычым не задаецца пытаннем: „А што мне за гэта будзе, колькі мне за гэта заплацяць і чаму я павінен гэта рабіць?“. А проста бярэ і робіць. І царква ў гэтым плане якраз поўная такіх людзей, якія дзейнічаюць на карысць, — заўважыў святар. — У цэлым, я перакананы, беларусы ўмеюць дапамагаць. Мы спагадная нацыя, і гэта сапраўды наш скарб, якім трэба ганарыцца».
Аўтарскі калектыў у складзе мастацкага кіраўніка Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіславы Арцюкоўскай і паэта-песенніка Ганны Лукашэнка адзначаны высокай узнагародай за значны ўклад у захаванне гістарычнай памяці, умацаванне духоўных каштоўнасцяў беларускага народа, стварэнне і рэалізацыю высокамастацкага патрыятычнага праекта «Кожны трэці»:
— Усе, хто мае дачыненне да стварэння канцэрта-рэквіема «Кожны трэці», успрымае яго як спосаб данесці людзям праўду, — гаворыць Уладзіслава Арцюкоўская, мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра. — Мы расказваем непрыкрытую праўду пра Вялікую Айчынную вайну, пра генацыд беларускага народа, які адбываўся ў той час, распавядаем, што цяпер пракуратура вядзе расследаванне па гэтай тэме. І нам надзвычай важна са сцэны данесці ісціну пра тыя падзеі, асабліва цяпер, калі ў некаторых краінах забываецца гісторыя, разбураюцца помнікі, перапісваецца гісторыя. І нам хочацца не проста паказаць дакументальныя кадры пра Вялікую Айчынную вайну, але і расказаць, асабліва маладому пакаленню, як усё было. Каб моладзь пасля магла распавесці праўду будучым пакаленням.
Стварыць канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» было складанай задачай, якую нам паставіла Ганна Сяргееўна Лукашэнка. Яна сабрала сапраўды прафесійную каманду. У ёй людзі, якія займаліся відэакантэнтам, падбіралі профільныя кадры, працавалі з дакументалістыкай, пісалі і выконвалі песні, прапрацоўвалі кожны гук. Мне гэтая работа запомніцца як супрацоўніцтва з вялікай камандай прафесіяналаў, як магчымасць ствараць па-сапраўднаму маштабныя, правільныя і важныя праекты. Гэты канцэрт успамінаецца асобна і ў маёй творчай біяграфіі як самая сур’ёзная работа.
Лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» быў адзначаны старшы ўчастковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў Гомельскага райвыканкама маёр міліцыі Віктар Шыпкоў.
Ён адрадзіў і папулярызуе тэхніку пляцення на кругавой аснове («спрэнг»), па мясцовых традыцыях аднавіў і праводзіць абрадавыя дзеянні на Вялікдзень і Каляды. У 2024–2025 гадах Віктар Шыпкоў правёў этнаграфічныя даследаванні і аднавіў традыцыйныя касцюмы паўднёва-ўсходняй часткі Гомельскага раёна, а таксама традыцыю вырабу святочных і вясельных васковых вянкоў.
«Хоць я чалавек у пагонах, можна сказаць, што служба — для сэрца, а традыцыйная культура — для душы, — падзяліўся суразмоўца. — Гэта дачыненне да вытокаў малой радзімы, гэта тое, чым жылі нашы продкі. І, каб спасцігнуць традыцыйную культуру, трэба бачыць вачыма нашых продкаў тую прыгажосць, якую яны бачылі душой і спрабавалі перанесці на простыя прадметы побыту. Я ў яе акунуўся, можна сказаць, з галавой, і па гэты дзень яна мяне не адпускае».
Акрамя этнаграфічнай дзейнасці, Віктар Шыпкоў яшчэ з’яўляецца шматдзетным бацькам. «У мяне шасцёра выдатных дзяцей — адзін сыночак і пяць дачок, — з гонарам гаворыць ён. — Яны бачаць тое, чым я займаюся, падтрымліваюць мяне, удзельнічаюць у правядзенні традыцыйных абрадаў нашай мясцовасці. І, як гаворыцца, тут і адбываецца тая традыцыйная перадача каштоўнасцяў ад бацькі да дзяцей, гэта значыць, ад старэйшага пакалення да малодшага. Пакуль дакранаемся мы да гэтых вытокаў, пакуль мы вучым нашых дзяцей, зноў жа, прыходзіць да гэтых вытокаў, у простым бачыць прыгожае, беларуская культура будзе квітнець».
Прэміяй «За духоўнае адраджэнне» быў адзначаны і калектыў ААТ «Белрэстаўрацыя». Калектывам праводзіліся работы на такіх значных аб’ектах краіны, як Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, храм Аляксандра Неўскага ў Мінску, мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», Жыровіцкі манастыр.
Як адзначыў выканаўца работ ААТ «Белрэстаўрацыя» Ігар ЦЕРАШКОЎ, за рэстаўрацыяй стаіць велізарная праца цэлага калектыву прафесіяналаў, велізарная колькасць стадый: пачынаючы ад пошукавых работ, працягваючы навуковымі працамі аж да пошуку аналагаў і заканчваючы ўжо непасрэдна самімі працамі, якія ўключаюць велізарную колькасць этапаў. На тэматычнай выстаўцы, якая была зладжана да цырымоніі ўзнагароджання, калектыў прэзентаваў апошнія знакавыя работы. Гэта і Стары замак у Гродне, фрагменты дубовых дзвярэй з каванымі элементамі, лямпа льва з вялікіх металічных варот на ўездзе ў арцы... «Адзін з нашых знакавых аб’ектаў, якія звязаны з выстаўкай духоўнага адраджэння, — храм Аляксандра Неўскага ў Мінску і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку. Таксама мы можам назіраць дзве выявы нашых бягучых аб’ектаў — іканастас Жыровіцкага манастыра, а таксама рэстаўрацыю касцёла Божага Цела, — расказвае рэстаўратар. — У 2022 годзе мы скончылі рэстаўрацыю фасадаў касцёла. А ў 2024 годзе — рэстаўрацыю на тэрыторыі касцёла астатніх збудаванняў у выглядзе званіцы XVІ стагоддзя і капліцы Булгарына XVІІІ стагоддзя. На дадзены момант займаемся рэстаўрацыяй інтэр’ераў у касцёле Божага Цела».
Кацярына ДУЛАВА, генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі, група якога адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне і стварэнне творчага праекта «Патэтычны дзённік памяці», гаворыць:
— Гэта каласальная праца, пачынаючы са збору матэрыялу. Над сцэнічным увасабленнем працавалі сотні людзей. Гэта даследаванне ў галіне беларускага мастацтва і беларускай музыкі практычна за 100 гадоў, своеасаблівая анталогія сімфанічнай, харавой, опернай, балетнай музыкі. У спалучэнні з дакументальнай асновай у нас нарадзіўся асобны мастацкі твор. Раскрыць сутнасць генацыду беларускага народа мастацкімі сродкамі — справа няпростая. Але гэта трэба было зрабіць дзеля сучасных маладых гледачоў, калі меркаваць па рэакцыі на пастаноўку тых, хто яе паглядзеў у Мінску, у Брэсцкай крэпасці і ў Маскве. Таму ўвасабленне нашай гісторыі на сцэне тэатра будзе працягвацца. Найперш гаворка пра шматжанравы твор, які будзе прысвечаны гісторыі Полацка і беларускай дзяржаўнасці, на прыкладзе выдатных асоб, якія на працягу стагоддзяў стваралі нашу краіну.
Таццяна СТЭЛЬМАХ, дырэктар Мастоўскай раённай бібліятэкі, адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, рэалізацыю інавацыйнага літаратурнага праекта «Кнігі будуюць МАСТЫ»:
— Хачу падзяваць калектыву бібліятэкі — без згуртаванасці энтузіястаў нічога не атрымаецца. Праект, які мы пачалі рэалізоўваць у 2018 годзе, грунтуецца на некалькіх кірунках дзейнасці. Напрыклад, віртуальны кірунак мае на ўвазе развіццё баз даных, інфармацыйных рэсурсаў, інтэрактыўных мерапрыемстваў, а выставачны засноўваецца на арганізацыі мноства выставак, у тым ліку тэматычных — у рамках розных святкаванняў. Назва праекта «Кнігі будуюць МАСТЫ» сімвалічная. Горад стаіць на рацэ Нёман, сёння ў нас ёсць шэсць мастоў, у тым ліку новы падвесны. Гэтую асаблівасць мы не маглі не падкрэсліць, як і наша імкненне будаваць масты паміж чытачом і пісьменнікам, а яшчэ — паміж мінулым і будучыняй. А пачыналася ўсё з брэндавага мерапрыемства — бібліякаравана. У яго рамках мы раз на год у верасні запрашаем жыхароў горада і раёна на розныя мерапрыемствы. Летась, напрыклад, шмат эмоцый, асабліва ў дзяцей, выклікала батлейка «Чароўная скрыня». Тымі ці іншымі шляхамі стараемся ўпэўніць дзяцей, што чытаць — модна!
Паводле нашых карэспандэнтаў
Фота БелТА