У яе скарбонцы таленавітага педагога — 58 гадоў працы ў гімнастыцы. Яна магла б проста расказваць пра тое, колькі талентаў адкрыла, колькі лёсаў правяла праз спартыўныя залы.
Але, як кажа сама Святлана Васільеўна Бурдзевіцкая, за лічбамі — жыцці, за медалямі — пот, слёзы і бяссонныя ночы. Яе вучні — гэта гісторыя беларускай гімнастыкі, якую яна пісала разам з імі. Заслужаны трэнер Беларусі па мастацкай гімнастыцы з нагоды 80-гадовага юбілею расказала пра дзяцінства ў пасляваеннай вёсцы, першыя крокі ў спорце, гады беспрытульнага жыцця ў Магілёве і пра тое, што трымае яе ў спорце ўжо больш за паўстагоддзя.
У гімнастыку прыйшла сама
Святлана Васільеўна нарадзілася ў 1946-м. Яе бацька, Васіль Фёдаравіч Караткевіч, быў народным суддзёй і абіраўся на гэту пасаду восем разоў. Прайшоў вайну, насіў гімнасцёрку і партупею. Маці, Любоў Фёдараўна, працавала медсястрой. Імя Святлана ёй далі ў гонар дачкі Сталіна.
У гімнастыку Святлана прыйшла сама — без дапамогі дарослых. Было ёй на той момант гадоў восем. У Вілейку, дзе жыла тады сям’я, прыехалі маладыя спецыялісты Ірына і Віктар Чакалавы. Яна набірала дзяўчынак, ён — хлопчыкаў. Гэта школа дала пачатак многім талентам, у тым ліку будучаму двухразоваму алімпійскаму чэмпіёну Віталю Шчэрбу.
«Прыйшла я на ўрок. Дзеці стаялі ў кружочку, мяне таксама паставілі. І калі трэба было пакласці рукі на плечы — аказалася, што рукі вялікія, была пераросткам. Але я займалася, была гнуткай», — успамінае яна.
Пасля інстытута Святлану накіравалі ў Магілёў — падымаць мастацкую гімнастыку.
Пяць гадоў яна жыла без уласнага жылля.
«Спецыялістаў запрасілі, а жылля няма. У мяне было адзінаццаць гаспадынь. Жыла ў зале, за піяніна», — расказвае яна. Нягледзячы на цяжкасці, гімнастыка жыла.
І менавіта з Магілёва, калі яна прыязджала ў Мінск на спаборніцтвы, яе заўважыла легендарная Ларыса Гаўрылава і запрасіла ў Мінск. Так яна апынулася на спартыўнай базе, дзе яе прапісалі разам з лепшай вучаніцай Святланай Карпечанкай. Тая выйграла Спартакіяду, стала майстрам спорту міжнароднага класа.
Свайго мужа Святлана Васільеўна сустрэла на спартыўнай базе. Ён не быў спартсменам — любіў футбол і рыбалку. Вяселле адбылося незвычайна. Ларыса Гаўрылава не дазволіла ёй ісці ў ЗАГС і заставацца там святкаваць: «Сказала: „На працу“. І я прыйшла спачатку на працу ў 9 раніцы, у 11.00 адпрацавала, а ў 12.00 пайшла ў ЗАГС». Разам сужэнцы пражылі 50 гадоў.
Пакінуць след, які працягнецца
Сама Святлана Васільеўна не была ў вялікім спорце, таму засталася працаваць з малымі. «Паказаць, растлумачыць, весці. Устаць на калені, каб вочы ўбачыць. І калі цяпер пайду на набор, я, вядома, устану, але ўжо не падымуся», — жартуе яна.
Сваіх вучаніц яна адбірае старанна: вузкая шчыкалатка, доўгая ножка, пад’ём ступні. «Вельмі цяжка адмаўляць. Стаіць перад табой дзіця. Яно ўбачыла стужку, марыць пра яе. А ты кажаш: „Дзіцятка, у цябе ножка не падымаецца“. Яно цябе не зразумее».
Святлана Васільеўна працуе ў гімнастыцы амаль шэсцьдзясят гадоў. Яе вучаніцы — тыя, хто потым самі становяцца трэнерамі. Адна з самых вядомых — Таццяна Нянашава, якая вырасціла Насцю Ванькову. Тая ў складзе зборнай заваявала «серабро» і «бронзу» Алімпійскіх гульняў. Дзве алімпійскія ўзнагароды — дзякуючы таму, што калісьці Святлана Васільеўна заўважыла пяцігадовую дзяўчынку.
«Калі я не на працы, я „ржавею“. Кожны дзень збіраюся, нават калі стагну, і іду. І калі прыходжу, мне нічога не баліць», — прызнаецца яна. Кожны дзень — пры макіяжы, прычэсаная. Маладыя калегі здзіўляюцца. «Мне гэта трэба, каб добра пражыць дзень. Я не гультайка».
«Што б я хацела да юбілею? Я ўзросту не адчуваю. Выходзіць на працу, радавацца, кіраваць машынай. Яшчэ мару пажыць на зямлі», — кажа Святлана Васільеўна.
У дзень нараджэння побач з трэнерам былі яе маленькія выхаванкі — яе падтрымка, як яна іх называе. «Калі дзеці запомняць мяне — значыць, пакуль жывая памяць, жывы чалавек».
Сярод вучаніц Святланы Бурдзевіцкай — заслужаны майстар спорту Анастасія Іванькова, якая заваявала «бронзу» Алімпійскіх гульняў у Пекіне ў 2008-м, «серабро» ў Лондане ў 2012-м. Самая знакамітая вучаніца нашай гераіні — Таццяна Нянашава, якая належыць да эліты трэнерскага цэху і якая ў 1998 годзе прывяла сваю каманду да «золата» на чэмпіянаце свету. У лік яе выхаванак уваходзіць і легендарны заслужаны трэнер СССР Ларыса Германаўна Гадзіева. Рыхтавала для савецкай зборнай Святлану Карпечанку, Ірыну Струннікаву, Наталлю Серафімовіч, Нэлі Пяшчэіну — заслужаных майстроў спорту, якія праслаўлялі Беларусь на ўсіх арэнах свету. Менавіта Святлана Карпечанка, пераможца Спартакіяды народаў СССР, стала тым талентам, дзякуючы якому на Святлану Бурдзевіцкую звярнулі ўвагу яшчэ ў Магілёве. Пасля распаду СССР у зборную Беларусі траплялі яе вучаніцы — Наталля Пракопава, Наталля Пальчэўская, сярод яе выхаванак таксама і Валерыя Курыльская — першы нумар у свеце ў сваёй узроставай катэгорыі. Яе вучаніца Ганна Рабцава выступала за гонар краіны на чэмпіянатах свету, а цяпер сама працуе трэнерам. Арына Шарапа — сярэбраны прызёр юнацкіх Алімпійскіх гульняў.
Надзея ЗУЕВА