У Аргенціне да 152-годдзя горада Мар-дэль-Плата кандытары спяклі традыцыйнае печыва (альфахор) вагой 720 кг. Пра гэта паведаміла БелТА.
У мінулую нядзелю ў музеі MAR сабралася вялікая колькасць жыхароў горада і турыстаў, каб паспрабаваць дэсерт, які дасягнуў рэкорднай вагі ў 720 кг. Падзея заклікана прыцягнуць увагу да аднаго з самых знакавых прадуктаў Мар-дэль-Платы.
З году ў год ініцыятыва, якую прасоўвае Саюз вытворцаў альфахору, кандытараў, піцаёлаў і марожаншчыкаў, прыцягвае тысячы людзей, якія прыходзяць паназіраць за прыгатаваннем і прэзентацыяй унікальнага твора кандытарскага мастацтва, які ўжо паспеў стаць класікай гарадскіх свят.
«Стварэнне самага вялікага ў свеце альфахору трэці год запар — гэта прадмет гонару для жыхароў Мар-дэль-Платы і турыстаў. Як і кожны год, мы спадзяёмся стварыць найвялікшы альфахор і паказаць яго публіцы», — адзначыў генеральны сакратар саюза вытворцаў альфахору, кандытараў, піцаёлаў і марожаншчыкаў Хасэ Гарсія.
На прыгатаванне альфахору вагой 720 кг пайшло два з паловай тыдні. У праекце ўдзельнічалі восем чалавек, у тым ліку два кандытары з Кардовы і яшчэ адзін з Сальты.
Галоўны кандытар саюза вытворцаў Літа Санчэс расказаў, што ў першы тыдзень бісквіты выпякаліся на падносах. Потым спецыялісты дадалі карамель, пасля чаго пакрылі альфахор шакаладам. Ужо ў музеі MAR альфахор разрэзалі традыцыйным спосабам і раздалі ўсім ахвотным. На працягу гэтых тыдняў на прыгатаванне кандытарам спатрэбілася ад 11 да 12 гадзін працы.