Top.Mail.Ru
270

Педагог дала эфектыўныя рэкамендацыі па барацьбе з інтэрнэт-залежнасцю ў дзяцей

Выпускніца факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, выкладчык кафедры сацыяльнай педагогікі БДПУ імя М. Танка Марына Гусакова стала лаўрэатам XXXI Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Перамогу ёй прынёс праект пад назвай «Сацыяльна-педагагічная дзейнасць па прафілактыцы лічбавых дэвіяцый падлеткаў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі», паведамляе БелТА.



«На чацвёртым курсе я пачала працаваць сацыяльным педагогам у школе, каб атрымаць практычны вопыт. Пры выбары тэмы для дыпломнай работы я вырашыла сканцэнтравацца на прафілактыцы лічбавых дэвіяцый сярод падлеткаў, паколькі гэта праблема цяпер час вельмі актуальная. У маім даследаванні разглядаюцца тры ключавыя аспекты лічбавай дэвіяцыі: кібербулінг, кіберагрэсія і кібермахлярства. У рамках работы былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па прадухіленні гэтых негатыўных з’яў, якія ўключаюць узаемадзеянне з навучэнцамі, педагогамі і бацькамі на працягу навучальнага года», — расказала Марына Гусакова.

Педагог адзначыла, што комплекс прафілактычных мерапрыемстваў складаецца з розных відаў дзейнасці ў свабодны час, квестаў, ролевых гульняў і псіхалагічных трэнінгаў, якія дапамагаюць школьнікам ва ўзросце 14-17 гадоў распазнаваць махляроў у інтэрнэце, процістаяць кіберагрэсіі, а таксама зніжаць узровень інтэрнэт-залежнасці. «Што датычыцца залежнасці ад гаджэтаў, існуюць некаторыя рэкамендацыі для дзяцей, як з гэтым змагацца. Самыя эфектыўныя з іх — часцей выходзіць у рэальнае жыццё, узаемадзейнічаць з равеснікамі ў рэале, менш завісаць у сетцы. Таксама я рэкамендую паспрабаваць работу з псіхолагам на тэму эмацыянальнага стану. Таму што інтэрнэт-залежныя дзеці заўсёды хочуць адысці ад рэальнасці, акунуцца ў віртуальнае жыццё, дзе яны знаходзяць сабе субяседнікаў. Гэта сведчыць аб унутраных праблемах дзіцяці, якія не дазваляюць яму знайсці сяброў у рэале. Магчыма, там ёсць і сямейныя праблемы. Таму адназначна ў такіх сітуацыях павінен працаваць псіхолаг, каб прапрацоўваць усе гэтыя ўнутраныя праблемы», — падкрэсліла аўтар конкурснай работы.

Паводле яе слоў, школьныя псіхолагі здольны аказаць такую дапамогу дзецям. «Гэтыя спецыялісты праходзяць розныя курсы падрыхтоўкі, яны гатовы працаваць з такімі момантамі. Пачынаючы ўжо з 5-га класа школьныя псіхолагі праводзяць дыягностыку на эмацыянальныя станы дзяцей, каб адчуць і паглядзець кожнага дзіцяці. Калі дзіця само адчувае нейкую праблему, яно можа самастойна звярнуцца да школьнага псіхолага ў любы момант. Калі гэта малодшы школьны ўзрост, то спецыяліст павінен паведаміць аб існуючых праблемах бацькам. Калі дзіця, якое звярнулася, старэйшае за 14 гадоў, то ў такіх выпадках паведамляць бацькам аб звароце неабавязкова», — дадала Марына Гусакова.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю