Top.Mail.Ru

Пенсія — час увасобіць мары ў жыццё?

Калі ўзрост не перашкода



На пенсіі жанчына нарэшце належыць сабе, а значыць, настаў час рэалізаваць мары. А хто з нас не марыць знайсці ўласны стыль і захапляцца сваім адлюстраваннем? Усвядоміўшы гэта, Ларыса Главацкіх стварыла студыю мадэлінгу «Новая Я» на базе ТЦСАН Савецкага раёна Мінска.

Мадэль у 60? А чаму не?

Прыроджаны лідар, яна рэалізавала сябе ў многіх галінах. Па спецыяльнасці філолаг, перакладала з сербскай мовы, выкладала стылістыку і культуру маўлення, затым узначаліла медыякампанію, стварала рэкламныя ролікі і фільмы, перамагала на «Тэлевяршыні». Дасягнуўшы «элегантнага ўзросту», Ларыса Главацкіх вырашыла не спыняцца, а ў якасці аб’екта для творчасці выбрала самую сябе.

— У недалёкім мінулым лічылася: для жанчыны 60 гадоў — ужо старасць, — кажа яна. — І псіхалогія ў нашых аднагодкаў была адпаведная. Цяпер людзі жывуць даўжэй, у 60 і 70 гадоў жадаюць атрымліваць асалоду ад кожнага моманту. Вядомыя брэнды вырабляюць для іх прыгожае адзенне, а на подыумы выйшлі «дарослыя» мадэлі. Колькі б гадоў ні было жанчыне — на поды-

уме яна адчувае сябе прынцэсай. Але ў маладосці ў большасці проста няма часу раскрыць у сабе гэта адчуванне.

«Не цяпер? Тады калі?» — спытала сябе Ларыса і скончыла першую ў Беларусі прыватную студыю мадэлінгу для жанчын, якія перасягнулі рубеж маладосці. Затым прайшла кастынг і стала ўдзельніцай італьянскага адукацыйнага праекта аднаго са скаўцкіх агенцтваў, дзе шукалі новыя твары для ўзроставага мадэлінгу.

— Я прыняла ўдзел у Міланскім Тыдні моды і нават атрымала тытул супермадэлі ў сваёй катэгорыі, — успамінае яна. — Поспех не прыйшоў сам сабой, яму папярэднічала сур’ёзная падрыхтоўка. Былі прапановы заключыць кантракт, але я адмовілася. Вырашыла, што працягну рэалізоўваць сябе ў любімай Беларусі.

Дазволь сабе быць яркай

Падчас навучання ў студыі мадэлінгу Ларыса Главацкіх задумалася аб стварэнні суполкі аднадумцаў. Агледзеўшыся вакол, пераканалася: колькі шмат сярод тых, хто займаецца разам з ёй, творчых, актыўных, гатовых да эксперыментаў жанчын. Галоўнае — не баяцца ўзросту! Так узнікла мадэльная група, якую пазней Ларыса (дарэчы аказаліся навыкі рэжысёра, прадзюсара, сцэнарыста) трансфармавала ў тэатр моды. Яго ўдзельніцы — самі сабе стылісты, дызайнеры, харэографы. І, вядома ж, мадэлі. Самі прыдумляюць вобразы, харэаграфічныя кампазіцыі з элементамі дэфіле і выходзяць на подыум. 

— Мы выступалі на Тыднях моды, у тым ліку ў Расіі, удзельнічалі ў фестывалях у розных гарадах Беларусі, — дзеліцца Ларыса Главацкіх. — Навагрудак, Докшыцы, Полацк... І ўсюды да нас падыходзілі жанчыны і шчыра дзякавалі: «Вы паказалі, што і ў нашым узросце можна быць прыгожай!» Некаторыя нават плакалі. Менавіта тады я ўсвядоміла, наколькі мая ініцыятыва патрэбна людзям.

Свой тэатр моды Ларыса прэзентавала ў ТЦСАН Савецкага раёна Мінска і атрымала прапанову стварыць пры цэнтры студыю мадэлінгу для жанчын 60+, на якую з радасцю пагадзілася.

Пенсія як нагода для творчасці

Мінскія пенсіянеркі сустрэлі ідэю «на ўра»: пачалі актыўна запісвацца ў чаргу на бясплатныя заняткі. Адбылося ўжо два выпускі студыі «Новая Я» — так назвала сваё дзецішча Ларыса Главацкіх, дакладна ўлавіўшы сутнасць таго, што адбываецца з жанчынамі.

— Прыходзяць яны ў розным псіхалагічным стане, а за час заняткаў расцвітаюць, — усміхаецца Ларыса. — Выпускныя паказы мы праводзім у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. Удзельніцы самі ствараюць для сябе вобразы, паказваюць дэфіле з харэаграфічнымі элементамі. І калі жанчына бачыць, якая яна прыгажуня, то сапраўды адчувае сябе абноўленай. З’яўляюцца ўпэўненасць, бляск у вачах. Некаторыя цалкам мяняюць стаўленне да сябе.

Прымаюць у студыю «Новая Я» з 60 гадоў. Самай сталай удзельніцы — 82.

— Мне ўжо больш за семдзесят, я займалася ў студыі з вялікім задавальненнем, — кажа мінчанка Тамара Андрэеўна. — Стала па-іншаму выглядаць, у адзенні з’явіўся стыль. Выпуск маёй групы ўжо адбыўся, цяпер удзельнічаю ў новай харэаграфічнай пастаноўцы, якую пакажам на гарадскім свяце.

Якімі будуць нашы сталыя гады, залежыць ад нас. Дык чаму не выкарыстаць шанц жыць паўнацэнна замест таго, каб чакаць старасці, лічыць Ларыса Главацкіх. І з ёй цяжка не пагадзіцца.

Фота дадзена Л. Главацкіх


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю