Top.Mail.Ru
183

Пенсіянер з Брэста перадаў аферыстам $15 тыс. і зліткі каштоўных металаў

Пенсіянер з Берасця перадаў кібермахлярам буйную суму грошай і зліткі каштоўных металаў.

У Брэсцкім міжраённым аддзеле Следчага камітэта распачалі крымінальную справу, паведамляе БелТА са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка УСК па Брэсцкай вобласці Рамана Зармаева.

На мабільны тэлефон 65-гадоваму мужчыну патэлефанавалі кібермахляры. Прадставіліся супрацоўнікамі банка і растлумачылі, што трэба тэрмінова задэклараваць усе зберажэнні, інакш узнікнуць праблемы. Пенсіянер паверыў суразмоўцам і сабраў свае назапашванні — $15 тысяч, пяць зліткаў золата і адзін злітак плаціны. Па ўказанні аферыстаў усё гэта ён прывёз у Мінск і перадаў кур’еру. 

Гісторыя атрымала працяг. Пасля вяртання мужчыны ў Берасце кібермахляры працягнулі яму тэлефанаваць, пераконваючы ўзяць крэдыт і перавесці грошы на пэўны рахунак. У адным з банкаў пенсіянеру адмовілі ў крэдытаванні, а ў іншым работнікі папярэдзілі, што ён мог стаць ахвярай злачынства. Толькі пасля гэтага пацярпелы звярнуўся ў праваахоўныя органы.

Следчыя распачалі крымінальную справу паводле ч. 4 арт.209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры) КК. Праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне і затрыманне зламыснікаў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю