Перагаворы ў Крамлі прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна завяршыліся. Лідары краін у розных фарматах размаўлялі 5 гадзін і 22 хвіліны, паведамляе БелТА.
Сустрэча стартавала днём крыху пазней за 12.00. Роўна паўтары гадзіны прэзідэнты гаварылі тэт-а-тэт у Прадстаўніцкім кабінеце. Потым Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі рабочы сняданак. Тэлеграм-канал «Пул Першага» апублікаваў меню: бялковы амлет з фарэллю і спаржай, рол з пастрамі з ялавічыны, зялёная грэчка з авакада і яйкам, прасяная каша з гарбузом і буякі. А яшчэ — кіноа на адтопленым малаку з персікам і тварожная запяканка з разынкамі і клубніцамі.

Пасля сняданку размова прадоўжылася. Да таго моманту лідары краін ужо размаўлялі ў агульнай складанасці 3 гадзіны і 40 хвілін. Але, відавочна, парадак дня не быў вычарпаны, і яны перайшлі ў рабочы кабінет Прэзідэнта Расіі.
Агульны хранаметраж сустрэчы — 5 гадзін 22 хвіліны.
На пачатку сустрэчы ў прысутнасці СМІ Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін зрабілі невялікія заявы. Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў калегу абмеркаваць шэраг рэгіянальных праблем, а таксама некаторыя пытанні двухбаковага парадку дня.
Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў аб намеры абмеркаваць магчымасць будаўніцтва ў Беларусі яшчэ адной АЭС, у тым ліку з разлікам на пастаўкі электраэнергіі ў новыя рэгіёны Расіі. Пытанні фінансавання таксама былі абазначаны, але дэталі Прэзідэнт публічна агучваць не стаў.
«Калі будзе рашэнне, мы адразу пачнём новы энергаблок або новую станцыю ставіць, калі будзе патрэбнасць на захадзе Расіі і ў вызваленых рэгіёнах», — сказаў беларускі лідар.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што пытанне з фінансаваннем увогуле не стаіць: «Калі ёсць спажывец, які будзе браць электраэнергію і плаціць патрэбны тарыф, гэта наогул не праблема».

Прэзідэнты пагадзіліся з тым, што атамная энергетыка ў цэлым садзейнічае якаснаму росту эканомікі і з’яўленню новых кірункаў. Гэта, напрыклад, пашырэнне выкарыстання электратранспарту, перавод на электрычнае ацяпленне жылога сектара, магчымасці для развіцця штучнага інтэлекту, майнінгу, будаўніцтва дата-цэнтраў.
Уладзімір Пуцін у сваім уступным слове падкрэсліў, што Беларусь — сур’ёзны партнёр Расіі ў галіне атамнай энергетыкі. «Створана першая АЭС у Беларусі і, больш за тое, узнікла галіна ў Беларусі, спецыялісты якой зараз разам з „Расатамам“ працуюць нават над узвядзеннем атамных аб’ектаў у трэціх краінах. І гэта, вядома, не можа не цешыць», — сказаў ён.

Прэзідэнт Расіі таксама заявіў, што сітуацыя па супрацоўніцтве дзвюх краін у эканамічнай сферы вельмі добрая — тавараабарот звыш $50 млрд і прадаўжае расці. Па ўсіх кірунках ідзе актыўная работа, у тым ліку ў пытаннях гарантавання бяспекі Саюзнай дзяржавы.