Top.Mail.Ru

Перакладчык Адам Ахматукаеў з Грознага працуе над падрыхтоўкай кнігі Янкі Купалы і Якуба Коласа на чачэнскай мове

Купала гучыць па-чачэнску.


Адам Ахматукаеў не аднойчы бываў у Беларусі: у 2016 і 2017 гг. удзельнічаў у Днях беларускага пісьменства, а ў 2017, 2018 і 2019 гадах — у Міжнародным сімпозіўме літаратараў «Пісьменнік і час». 

Фактычна дзякуючы намаганням паэта і перакладчыка з Грознага наладзіліся трывалыя сувязі чачэнскай і беларускай літаратур у XXI стагоддзі. Ды і ў ранейшыя часіны іх фактычна не існавала. На крайні выпадак, згодна біябібліяграфічнаму слоўніку «Беларускія пісьменнікі», быў вядомы толькі пераклад легендарнага верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» у пераўвасабленні Алвадзі Шахіева. Адам Ахматукаеў падрыхтаваў і выпусціў у Грозным кнігу беларускай паэзіі ў сваіх перакладах. 
Але галоўнае беларускае захапленне чачэнскага літаратара — пераклады менавіта твораў Купалы і Коласа. Дзякуючы Ахматукаеву, чачэнскі чытач адкрывае на роднай мове літаральна дзясяткі твораў народных песняроў Беларусі, якія былі надрукаваны ў часопісах «Гоч», «Вайнах», газеце «Даймохк». Пераклаў Адам Ахматукаеў і ўрывак з паэмы «Новая зямля», і «Санеты», паэму Купалы «Нікому». Зараз перакладчык працуе над падрыхтоўкай кнігі вершаў і паэм Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

— Для мяне пераклад цэлай кнігі твораў класікаў беларускай і сусветнай паэзіі — вялікая адказнасць, — дзеліцца сваімі развагамі Адам Ахматукаеў. — І разам з тым вялікае шчасце, што я спрычыніўся да гэтай вялікай крыніцы натхнення, да сонечнай, светлай паэзіі, напоўненай і лірычнымі памкненнямі, і грамадзянскай узнёсласцю, шчырай ацэнкай часу і лёсу свайго народа. Спадзяюся, што ў бліжэйшы год-два завершу гэту вялікую працу. Тым болей, што ў 2027 годзе Беларусь і яе сябры будуць адзначаць 145-годдзе з дня нараджэння Купалы і Коласа. 

 Застаецца дадаць, што ў Грозным у апошнія гады з’явіліся і іншыя перакладчыкі твораў беларускіх пісьменнікаў на чачэнскую мову — Лула Куні, Пецімат Петрымава, Руслан Гадзіеў і іншыя літаратары. 

Мікола Берлеж 
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю