Другую прэмію падзялілі расіянін Дзмітрый Беразняк і Аляксандр Данілаў, саліст Белдзяржфілармоніі і артыст Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Трэцяя — у Ганны Валеевай з Расіі. Міжнародны конкурс піяністаў, які ладзіць Рэспубліка Беларусь, мае 30-гадовую гісторыю. Сёлета ён прайшоў сёмы раз і пацвердзіў: у нашай краіне добры творчы патэнцыял.
Старшыня журы конкурсу, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў адзначыў:
— У нас цудоўная фартэпіянная школа, на маю думку. Добра выбудавана сістэма музычнай адукацыі, і нашы выканаўцы могуць вырасці ў вельмі вялікіх, цікавых асоб. Сёлета мне асабліва прыемна адзначыць, што ў лідарах не проста беларусы, а менавіта піяністы, якія атрымалі адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (а не дзесьці за мяжой). Тут менавіта выхаванцы нашых вядучых педагогаў. Асобы, што перамаглі на гэтым конкурсе, — ужо дасведчаныя майстры. Маюць багаж і выступленняў на конкурсах, і ўжо паспяхова працуюць. Можна сказаць, што сёлета перамог досвед і сталасць.
Мінчанка Любоў Глазава ведае пра багатую гісторыю беларускага конкурсу піяністаў, і нават мела досвед удзелу ў ім у 2021 годзе. Тады яе адзначылі спецыяльным дыпломам за выкананне музыкі Сяргея Рахманінава. Зараз, будучы піяністам, які сфарміраваўся як асоба, Любоў актыўна прапагандуе музыку беларускіх кампазітараў.

— Асабліва мне блізкія творы нашага сучаснага кампазітара Галіны Канстанцінаўны Гарэлавай, з якой мне пашчасціла быць знаёмай асабіста, нават кантактаваць наконт яе твораў, каб выявіць для сябе аўтарскую задуму, — прызнаецца Любоў Глазава, лаўрэат Першай прэміі конкурсу. — Я з вялікай павагай стаўлюся да нашых кампазітараў, і ў маім рэпертуары шмат іх твораў. Летась у мяне быў канцэрт у Санкт-Пецярбургу, які складаўся толькі з твораў беларускіх кампазітараў, і ён выклікаў вялікую цікавасць у слухачоў з Расіі.
Любоў збіраецца працягваць выкладчыцкую дзейнасць і хацела б пашырыць сваё супрацоўніцтва з калегамі-музыкантамі. Магчыма, перамога ў конкурсе гэтаму паспрыяе. У той жа час Аляксандр Данілаў, уладальнік Другой прэміі, адзначае, што конкурс дае магчымасць праверыць сябе:
— Вядома, калі яшчэ ў маладым узросце ўдзельнічаеш у конкурсах, у цябе ёсць нейкія амбіцыі, ты спрабуеш іграць хутчэй за ўсіх, чысцей за ўсіх. І зусім іншая справа — удзельнічаць у больш сталым, свядомым узросце. Мне хацелася ў першую чаргу паказаць тое, што я музыкант і нешта ўмею. На конкурсе выступалі сур’ёзныя, добрыя піяністы. Магчыма, удалы выбар рэпертуару і пранікнёнае выкананне дазволілі аказацца сярод фіналістаў. Конкурс — гэта праверка сябе на трываласць, устойлівасць.
Выступленні Аляксандра можна было неаднойчы чуць на сцэне Белдзяржфілармоніі, ёсць у яго канцэрты ў розных гарадах Беларусі. Праца ў Прэзідэнцкім аркестры дае магчымасць выконваць розную музыку, і ў гэтым ёсць свая карысць: для таго, каб быць добрым музыкантам, трэба паспрабаваць і ўмець шмат.
Ларыса ЦІМОШЫК