Неяк, здаецца, пад канец 90-х мінулага стагоддзя трапіў мне на вочы цікавы артыкул пра італьянскага фермера. У яго быў дойны статак на 600 галоў, які даглядалі ўсяго 13 чалавек, і сярэдні гадавы надой ад кожнай каровы — больш за дзесяць тысяч літраў.
Аднак больш за ўсё мяне ўразіла не гэта, а тое, што кіруе ўсім праўнук пісьменніка Льва Талстога Луіджы Альберціні.
Сельскагаспадарчых акадэмій ён не заканчваў, заатэхнію, ветэрынарыю ды шэраг іншых патрэбных навук спасцігаў самастойна, камп’ютары ўкараніў.
Помню, як пераказваў гэта свайму цесцю Васілю Паўлавічу, як зацікаўлена той слухаў, бо і сам тады працаваў на малочнатаварнай ферме (прычым — адной з найлепшых у раёне!) з надоямі ў... тры тысячы літраў.
— А наконт дзесяці, — гарачыўся мой Васіль Паўлавіч, — я табе вось што скажу. Мы б іх таксама мелі, калі б нам іхнія машыны ды тыя камп’ютары. Пакуль жа...
Што «пакуль», мой цесць распавядаў з ранейшым запалам: што працуе ён «без выхадных і прахадных» за слесара, электрыка, механіка, ветэрынара, прычым усё — за адну зарплату... Што неяк раз махнуў быў у горад да сына. Усяго дзянёк там пабыў, пагасціў, паняньчыў унучку, а дамоў прыехаў — не паспеў парог пераступіць: жонка насустрач (яна ж — загадчыца фермы. — Аўт.) з умольным: «Ратуй, Васілёк! Транспарцёры паламаліся. Калі зараз жа не паправіць — жыжай заплывём!»
— Ну што было рабіць? — уздыхаў мой Паўлавіч. — Мігам пераадзеўся ды пабег ратаваць. І вось так, — працягваў, — ледзь не кожны дзянёк. Не паверыш: не было калі зубы ўставіць! Неяк раз, помню, у райцэнтр павезлі на так званы прафагляд. Ну, думаю, хоць трохі адпачну. Ды дзе там! Жонка ледзь не следам за мной машыну прыслала. Шафёру загадала, каб куляй на ферму даставіў — першацёлка абрадзіцца сабралася... Я з рэнтгена без майкі выскачыў, на хаду адзяваюся — да машыны бягу. Людзі глядзяць як на шызанутага... Але ж я паспеў — тое цялятка выратаваў...
— А цяпер ты мне скажы, — прапануе нарэшце мой цесць-«ратавальнік». — Твой італьянец змог бы так працаваць?
— Ды хто ж яго ведае? — паціскаю плячыма.
— Я, я ведаю! — рашуча заяўляе Паўлавіч. — Апошні зуб даю: больш за тры дні ён не пратрымаўся б, рады не даў! Так што звольнілі б яго падчыстую: не паглядзелі б, што праўнук Талстога.
З. Марозаў, г. Мінск