Нязломная Арыядна
Усе, хто ведаў гэту жанчыну асабіста, адзначалі сярод мноства яе добрых якасцяў сціпласць. Імя яе брата ведаў кожны савецкі піянер, а пра свой подзвіг яна распавядала мала. Арыядна Казей, сястра Героя Савецкага Саюза Марата Казея, нястомна ўвекавечвала памяць брата, стварыла музей яго імя ў мінскай школе № 28, дзе доўгія гады выкладала беларускую мову і літаратуру. Музей працуе і сёння.
У артыкулах і інтэрв’ю яна падрабязна расказвала пра Марата, маму і баявых сябровак — партызанак, падпольшчыц, франтавічак. Дзясяткі імёнаў, фактаў... і толькі некалькі фраз — пра сябе. Не бачыла «нічога такога ўжо гераічнага» ў сваёй ваеннай біяграфіі і пераадоленні тых выпрабаванняў, якія выпалі на яе долю.
Між тым, усё яе жыццё — трыумф мужнасці, сілы духу, нязломнай волі і проста чалавечага аптымізму. Пасля вайны Арыядна Казей выхавала пакаленні вучняў. Стала заслужаным настаўнікам Беларусі, была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Вяла вялікую грамадскую работу, была дэпутатам Вярхоўнага Савета, членам рэвізійнай камісіі ЦК КПБ. Нарадзіла і вырасціла дваіх дзяцей. Увесь гэты доўгі жыццёвы шлях — яе не стала ў 2008 годзе — Арыядна Іванаўна прайшла на пратэзах, у час Вялікай Айчыннай вайны застаўшыся без ног.
А да гэтага было савецкае дзяцінства ў шчаслівай шматдзетнай сям’і, якое прайшло ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна і азмрочылася арыштам у 1930-я гады бацькі — камуніста, былога марака Балтыйскага флоту Івана Казея. Маці Ганну таксама затрымлівалі, але выпусцілі. Тыя драматычныя падзеі не падштурхнулі жанчыну на шлях здрады. З пачаткам вайны Ганна стала актыўна дапамагаць партызанам. У № 6 «Работніцы і сялянкі» за 1974 год Арыядна Іванаўна ўспамінае пра маму: «З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны яна дапамагала, чым магла, савецкім байцам і камандзірам, якія згрупаваліся ў атрад, што дзейнічаў у Станькаўскім лесе ля Мінска. Хавала ў доме параненых, лячыла. Распаўсюджвала партызанскія лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, займалася разведкай, збірала зброю для партызан. У гэтую барацьбу ўключыла і мяне з Маратам. Двойчы яе арыштоўвалі фашысты...»
Бясстрашная Ганна Казей была павешана гітлераўцамі ў Мінску ў канцы 1941 года. Арыядна і Марат працягнулі барацьбу. У № 7 «Работніцы і сялянкі» за 1984 год чытаем: «Каб дапамагчы партызанам разведаць, якая ваенная часць прыбыла ў былы панскі маёнтак пад Мінскам, я ўладкавалася туды мыць посуд. Шмат дзён мінула, а далей кухні кроку ступіць не магла — сачылі. Нават зуб разбалеўся ад перажыванняў. Ды так, што ардынарац гаўптмана павёў да іх лекара. Ішлі праз парк. Гэтага было дастаткова, каб пералічыць усе 26 гармат і заўважыць, што кожную абслугоўвалі чатыры немцы. Усё, што прыкмеціла, назаўтра ведалі партызаны. Заданне выканала, але працягвала хадзіць на працу, пакуль мяне не ўбачыў перакладчык. Сказаў гаўптману, што маю маці ў Мінску павесілі — дапамагала партызанам. Мяне адразу выгналі. Не марудзячы, пайшла ў партызанскі атрад. Марат аказаўся ў іншым атрадзе той жа брыгады імя Ракасоўскага. У свае трынаццаць гадоў ён удзельнічаў у баях, хадзіў у разведку. У маі сорак чацвёртага — сорак гадоў назад! — у вёсцы Хароміцкія на Уздзеншчыне карнікі адкрылі агонь, пад Маратам забілі каня. Ён адстрэльваўся да апошняга патрона, потым падарваў сябе і знішчыў яшчэ некалькі гітлераўцаў...»
Але ў той трагічны дзень яна нічога пра гібель брата не ведала, бо сама ў шпіталі за лініяй фронту перажывала сваё выпрабаванне... У партызанах Арыядна была паўнавартасным байцом — хадзіла ў разведку, ляжала ў засадах. Узімку 1943 года немцы вырашылі канчаткова знішчыць народных мсціўцаў. Партызаны неслі страты, часта мянялі дыслакацыю. Падчас аднаго з акружэнняў Арыядна, 12 гадзін праляжаўшы ў снезе, абмарозіла ногі. Пачалася гангрэна. Адправіць дзяўчыну на Вялікую зямлю адразу не было магчымасці, аперацыю зрабілі ў палявых умовах. «Пад ёлкаю партызанскі доктар ампутаваў абедзве нагі», — коратка расказвае Арыядна Іванаўна пра перажытае. «Адправілі мяне ў шпіталь за лінію фронту, дзе бачылася яшчэ адна ампутацыя, але я гатова была на ўсё, каб толькі жыць».
Яна ўсё пераадолела. Скончыла філалагічны факультэт Мінскага педінстытута, стала настаўніцай. І не засталася за бортам жыцця — актыўная, добразычлівая, заўсёды гатовая дапамагчы, была ў самым яго віры. На сустрэчах з баявымі сяброўкамі і ў выступленнях перад моладдзю не стамлялася нагадваць пра ахвяры, прынесеныя дзеля Перамогі. Напярэдадні трыццацігоддзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў апублікавала ў «Работніцы і сялянцы» вялікі артыкул, які прысвяціла беларускім жанчынам — партызанкам, падпольшчыцам. Называе імёны Надзеі Траян, Марыі Осіпавай, Алены Мазанік — яна была знаёма з кожнай з іх, сустракалася і не шкадавала слоў захаплення іх мужнасцю. Расказвае пра Аляксандру Захараву, былога камісара партызанскай брыгады, пра франтавую сувязістку Таццяну Сямёнаву, разведчыцу Ніну Вараб’ёву, сувязную партызанскага атрада Вольгу Гладкую, пра сваю маці Ганну і многіх іншых жанчын, дзяўчат. Каб ніводная не была забытая! Пра свой подзвіг — адзін кароткі сказ.
Акрамя сціпласці Арыядны Іванаўны, людзі адзначалі: яна ніколі не скардзілася. Не рабіла скідкі на сваю інваліднасць, і іншым не дазваляла яе шкадаваць. Мабыць, нават не ўсе яе вучні, якім яна натхнёна распавядала пра Купалу і Багдановіча, ведалі, што іх настаўніца ўвесь школьны дзень ходзіць па класе на пратэзах. На фатаграфіях яна — у коле дзяцей, з добрай усмешкай, якая свеціцца ў вачах. «Як жа не даражыць тым, што я жыву? За іх і за сябе», — казала яна, маючы на ўвазе тых, хто прынёс свае жыцці на алтар Перамогі.
Лёс адмерыў Арыядне Іванаўне Казей 82 гады. Пахавана яна на Паўночных могілках Мінска. У канцы 2025-га споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння гэтай моцнай духам беларускі, гераіні, Настаўніцы, светлага, шчырага чалавека. Хочацца, каб яе помнілі нашчадкі.
Алена БРАВА
Фота з адкрытых крыніц