Top.Mail.Ru

Перамога ў нашых сэрцах

Жанчыны Вялікай Айчыннай.



Яна жадала адправіцца на фронт — адпомсціць за гібель мужа, але з-за ўзросту і стану здароўя ёй адмаўлялі. Тады Марыя Акцябрская прадала ўсю сваю маёмасць, пералічыла грошы ў фонд абароны, напісала ліст Іосіфу Сталіну, у якім прасіла, каб сродкі былі выкарыстаны для вырабу танка, а яе саму адправілі ў дзеючую армію яго кіроўцам. 

Марыя прасіла назваць танк «Баявая сяброўка». Атрымаўшы станоўчы адказ, жанчына прайшла навучанне і самааддана ваявала. Танк удзельнічаў у баях на тэрыторыі Беларусі, але пад Віцебскам быў падбіты. Цяжка параненая Марыя памерла ў шпіталі, а танк «Баявая сяброўка» працягнуў ваяваць і адным з першых перасек мяжу Германіі.

photo_2025-06-13_17-04-46 (2).jpg

Жанчыны-снайперы, сувязісткі, танкісты, медыцынскія сёстры Чырвонай арміі, партызанкі... Многія з тых адважных дачок свайго народа не дажылі да Перамогі. Пра іх расказваецца ў кнізе-фотаальбоме «Мы пераможам! Савецкая жанчына ў Айчыннай вайне». 

— Кніга выдадзена ў 1943 годзе ў Маскве па заказе Саюза таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР і прысвечана ўкладу жанчын у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Аўтар выявы на вокладцы — народны мастак СССР Вера Мухіна, — пазнаёміла з унікальным фотаальбомам намеснік загадчыцы аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Іна Байдакова. — Перамогі на той момант яшчэ не было, але была ўпэўненасць у тым, што савецкі народ пераможа фашысцкую Германію. 

Пагартаем старонкі фотаальбома. Мірнае жыццё краіны перапынена нападам фашыстаў. Пасля адыходу мужчын на фронт жанчыны асвоілі новыя для сябе прафесіі: працуюць на чыгуналіцейнай вытворчасці і рамонце свідравін нафтапромыслаў, машыністамі чыгуначных саставаў, будуюць супрацьтанкавыя ўмацаванні ў прыфрантавой паласе, выконваюць задачы на ваенных заводах і ў грамадзянскай абароне. Каб не рассакрэчваць інфармацыю, дакладныя найменні абаронных прадпрыемстваў і воінскіх часцей у кнізе не пазначаны.

photo_2025-06-13_17-04-47.jpg

Сярод тых, хто ў першыя дні вайны ўстаў на абарону Радзімы, студэнтка Гідраметэаралагічнага інстытута Ніна Курганава. Скончыла курсы медыцынскіх сясцёр, адправілася на фронт санінструктарам. Вызначылася падчас баявых дзеянняў на подступах да Ленінграда. На фронце пазнаёмілася з нашым земляком, снайперам Феадосіем Смалячковым, будучым Героем Савецкага Саюза, які навучыў Ніну страляць. Пасля змены ў медсанбаце яна адпраўлялася біць фашыстаў на перадавую ўжо ў якасці снайпера. Дзяўчына была цяжка паранена і загінула.

Аддала жыццё за Перамогу і наша зямлячка Аляксандра Самусенка. Мяркуюць, што яна нарадзілася ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. На фронт пайшла з Чыты радавым пехацінцам. Дзяўчына напісала ліст Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Міхаілу Калініну з просьбай даць ёй магчымасць паступіць у танкавае вучылішча. Паспяхова скончыўшы яго, стала камандзірам танкавага ўзвода. Ёсць інфармацыя, што была прызначана намеснікам камандзіра танкавага батальёна, але не паспела ўступіць на пасаду. Памерла ад ран у сакавіку 1945 года.

Шырока вядома імя Людмілы Паўлічэнка, Героя Савецкага Саюза, самай паспяховай жанчыны-снайпера ў сусветнай гісторыі. На рахунку 25-гадовай Людмілы ў 1943 годзе — 309 забітых фашыстаў. Амерыканскія журналісты называлі яе «Лэдзі Смерць». Кожная яе куля несла смерць ворагу. З дэлегацыяй савецкай моладзі падчас Вялікай Айчыннай вайны пабывала ў ЗША, дзе сустракалася з прэзідэнтам і першай лэдзі дзяржавы.

Фотахроніка паказвае фашысцкі «новы парадак»: разбураныя гарады, расстраляныя і закатаваныя мірныя жыхары. Асірацелыя дзеці глядзяць са старонак кнігі вачыма, поўнымі болю. Гэтыя кадры — абвінавачанне катам. Асобны раздзел прысвечаны партызанскаму руху. У кнізе размешчаны фота Зоі Касмадзям’янскай, Лізы Чайкінай і іншых патрыётак, закатаваных гітлераўцамі.

photo_2025-06-13_17-04-46.jpg

Кніга-фотаальбом (на сённяшні дзень — бібліяграфічная рэдкасць) лягла ў аснову праекта «Мы перамаглі!» Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, прысвечанага 80-годдзю Вялікай Перамогі і аб’яднаўшага арыгінальныя выданні, выпушчаныя ў СССР у перыяд з 1942 па 1945 гады. 

Праект — мультымедыйны, адзначылі ў бібліятэцы. З дапамогай сучасных тэхналогій можна ўбачыць яго агучаную прэзентацыю, а адсканаваўшы QR-код, чытач трапляе на Чырвоную плошчу, дзе праходзіць Парад Перамогі 24 чэрвеня 1945 года. 

Алена БРАВА 

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю