Top.Mail.Ru

Пераможцаў фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» назвалі ў Клімавічах

У Клімавічах праходзіў XXIV Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка". Сёння на галоўнай сцэне назвалі ўладальнікаў Гран-пры і пераможцаў творчага спаборніцтва, паведамляе БелТА.



На працягу некалькіх дзён канкурсанты ад 9 да 18 гадоў дэманстравалі свае таленты ў намінацыях: эстрадны і народны вакал, сучасны, народна-сцэнічны і народна-стылізаваны танец, жывапіс і графіка.

Па выніках конкурснай праграмы Гран-пры ўдастоены: у намінацыі «Эстрадны вакал. Салісты» — вучань Дзіцячай музычнай школы мастацтваў нумар 13 Мінска Арсеній Сабалеўскі, кіраўнік Вікторыя Каблукова; у намінацыі «Жывапіс» — вучаніца Магілёўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Марыя Чыжэўская, кіраўнік Настасся Блінкова; у намінацыі «Графіка» — вучаніца Клімавіцкай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Ульяна Галалобава, кіраўнік Іна Уладзімірава.

Высокую ўзнагароду ў намінацыі «Калектывы сучаснага танца» атрымала група «Краски» ўзорнага ансамбля эстрадна-спартыўнага танца «Серпанцін» установы «Палац культуры горада Навашына» з Ніжагародскай вобласці. У намінацыі «Калектывы народна-стылізаванага танца» — заслужаны аматарскі калектыў Беларусі народны фальк-шоу балет «Альянс» з гімназіі-каледжа мастацтваў Бабруйска імя К.І Лукашэвіч, у намінацыі «Калектывы народна-сцэнічнага танца» — дзіцячы харэаграфічны ансамбль «Зярнятка» Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў нумар 3 імя Салдатава.

Пра свае ўражанні аб конкурсе і перамозе расказала вучаніца Клімавіцкай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Ульяна Галалобава. «Мне 11 гадоў, пяты год займаюся ў нашай школе. А ў такім вялізным фестывалі ўдзельнічала ўпершыню. Мая работа — пра дзяцінства. Я адлюстравала дзяўчынку, якая бяжыць па полі з паветраным змеем — для мяне гэта ўвасабленне шчаслівага дзяцінства», — сказала яна.

Яе настаўнік класа кампазіцыі Іна Уладзімірава падзялілася, што сярод яе вучняў гэта пятае Гран-пры «Залатой пчолкі». «Ульяна добрая і таленавітая дзяўчынка, стараецца ўсё рабіць сама, — адзначыла яна. — Мы імкнёмся распрацоўваць новыя тэхнікі, новыя падыходы. Мне здаецца, гэта і чапляе журы. Яны глядзелі работу Ульяны і думалі, што гэта прынт надрукаваны. Мы выкарыстоўвалі аловак і акрылавыя маркеры».

На конкурсе дзецям давалі заданне на пэўную тэму, якая раней не агучвалася. Удзельнікі малявалі работы на месцы. І калі Іна Уладзімірава ўбачыла тое, што намалявала яе вучаніца, была ўпэўнена, што створаную карціну ацэняць па заслугах. «Дзеці цяпер так малююць, як мы ў каледжы раней малявалі. Напэўна, такое адоранае пакаленне, — дзеліцца яна. — Калі я ўбачыла работу Ульяны — мне не было чаго нават раіць або выпраўляць. Яна ўсё зрабіла класна».

Як адзначыў у час урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання старшыня Клімавіцкага раённага Савета дэпутатаў Васіль Захаранка, тры фестывальныя дні, напоўненыя творчасцю, радасцю і натхненнем, прайшлі ярка і цікава. «На нашым фестывалі запаліліся сотні новых зорачак. І гэты год — не выключэнне, — падкрэсліў ён. — Дзякуй вам, нашы юныя ўдзельнікі, за вашы ўсмешкі, шчырасць, смеласць і талент, якія зрабілі гэтыя дні незабыўнымі. Асобныя словы ўдзячнасці журы — за высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць, аб’ектыўнасць і каласальную працу. Я ўпэўнены, што фестываль „Залатая пчолка“ будзе і далей працвітаць і развівацца, збіраць юныя таленты з розных краін».

У гэтым годзе ўдзельнікамі конкурсу сталі каля 700 юных талентаў з розных куткоў Беларусі, Расіі і Таджыкістана.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю