У НАК Беларусі адбылася цырымонія ўшаноўвання пераможцаў і прызёраў XVIII летняга Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю, паведамляе БелТА.
На спаборніцтвах у сталіцы Паўночнай Македоніі Скоп’і ў канцы ліпеня выступілі 46 беларускіх спартсменаў, якія заваявалі 13 узнагарод — пяць залатых і па чатыры сярэбраныя і бронзавыя. У медальным заліку наша каманда заняла 12-е месца сярод 49 краін. Двухразовым пераможцам ЕЮАФ стаў плывец Максім Малышка (100 і 200 м брасам), золата і серабро ўзялі Мікіта Лях (50 і 100 м вольным стылем) і Аліна Несцяровіч (стральба з пісталета).
Яшчэ адзін медаль вышэйшай пробы прынеслі стралкі Дар’я Чупрыс і Арсеній Ліванцоў (мікст, вінтоўка), таксама Ліванцоў заваяваў бронзу ў асабістым турніры. Сярэбранымі прызёрамі фестывалю сталі плыўчыха Настасся Васіленка (50 м, вольны стыль) і тхэквандыст Уладзімір Шрамук (да 63 кг). На трэцюю прыступку п’едэстала падняліся стралок Юрый Краўцоў (пісталет) і тхэквандысты Мікіта Белавы (да 48 кг) і Марыя Струнец (да 49 кг).
«Удзел у такіх мерапрыемствах не прымалі з 2021 года. Так, мы спаборнічалі на Гульнях "Дзеці Азіі" і "Дзеці Прымор’я", але ўсё роўна была насцярожанасць, а наколькі ўдала зможам выступіць пасля вяртання. У выніку хлопцы і дзяўчаты пераадолелі ўсе перашкоды, не спужаліся, справіліся са спёкай і парадавалі нас медалямі. Алімпійскі фестываль — сур’ёзная вяха перад пераходам у вялікі спорт, а таксама ўнікальная магчымасць пасябраваць з равеснікамі з розных краін. Мы нацэлены на барацьбу, але гатовы сябраваць па-за спартыўнымі пляцоўкамі, — адзначыў кіраўнік НАК Віктар Лукашэнка. — Вельмі задаволены тым фактам, што беларусы выступалі пад эмблемай НАК у форме нацыянальных колераў. Недалёка той час, калі мы зможам выйсці на сусветную арэну з нацыянальным сцягам і гербам. Гэтыя перамогі — вынік работы ў тым ліку і бацькоў, трэнераў, урачоў і персаналу каманд».
«Хлопцы і дзяўчаты правялі вялікую работу і паказалі высокія рэзультаты, нялёгкая праца трэнераў прынесла свой плён, — сказаў першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дараховіч. — Вялікі ўсім дзякуй за гэтыя эмоцыі. Мы ганарымся маладым пакаленнем і спадзяёмся, што яно будзе расці і прыбаўляць. Важна, каб удзельнікі фестывалю адбыліся як дарослыя спартсмены і на галоўных сусветных стартах праслаўлялі Беларусь. Для гэтага ўсё ёсць: талент і настойлівасць, а таксама інфраструктура і забеспячэнне з боку дзяржавы».
Прызёры ЕЮАФ атрымалі грашовыя сертыфікаты і памятныя прызы ад НАК Беларусі, аналагічным чынам былі адзначаны трэнеры нацыянальных каманд па плаванні, кулявой стральбе і тхэквандо, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку юных чэмпіёнаў. Таксама хлопцы і дзяўчаты былі ўзнагароджаны падарункамі ад генеральнага спонсара НАК Беларусі ААТ «Белаграпрамбанк» і партнёра алімпійскага камітэта «Белавія», а спецыялістам былі ўручаны ганаровыя граматы і каштоўныя прызы ад Мінспорту.