Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў літаратурных конкурсаў «І кружыцца планета Куляшова» і «З табой маё слова, Радзіма» прайшла сёння на галоўнай сцэне XXXIII Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах, перадае БелТА.
«Я лічу вельмі важным, што ў нашай нацыянальнай міратворчай арганізацыі і Саюза пісьменнікаў Беларусі ёсць магчымасць супрацоўнічаць у арганізацыі конкурсаў, якія запрашаюць да творчасці ўсіх людзей: дзяцей, моладзь і ўжо вопытных аўтараў. Якраз два конкурсы, вынікі якіх мы падвялі на гэтай сцэне, дэманструюць, што ў нас ёсць поспехі ў такой рабоце», — расказаў старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Фонд міру» Андрэй Нікіцін.
Як адзначыў Андрэй Нікіцін, конкурс «З табой маё слова, Радзіма» — гэта конкурс беларускамоўных вершаў. «Ён задумваўся намі разам з беларускім паэтам Аляксандрам Казекам як інструмент, які запрашае ў свет беларускага слова менавіта моладзь. Таму што гэта конкурс, у якім удзельнічаюць дзеці і моладзь, тыя, хто яшчэ не дасягнуў 31 года і шукае свой шлях у беларускамоўнай творчасці, — падкрэсліў ён. — Наша мова — гэта вялікі сродак, які ўплывае не толькі на фарміраванне асобы, але і для любой дзяржавы мова вельмі важная. Гэта фундамент незалежнасці і суверэнітэту, ён фарміруе нас менавіта як народ. І нашы дзеці з малых гадоў павінны гэта разумець».
Другі конкурс, лічыць старшыня праўлення, таксама вельмі прыгожы і значны.
«Арганізатарамі яго, акрамя нашага Фонду міру і Саюза пісьменнікаў, з’яўляецца Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова. І гэта лагічна, таму што ВНУ — гэта калыска для тых, хто нясе з сабой прыгажосць нашага слова, культуру і адукацыю. Таму мы бачым, што сярод удзельнікаў творчага конкурсу шмат настаўнікаў, — расказвае ён. — Тут творы як на рускай, так і беларускай мовах. Абсалютна розны фармат работ і ўзрост удзельнікаў. Мы бачым, як шмат людзей сёння прыехала на цырымонію ўзнагароджання. Гэта нашы землякі, гэта жыхары Міншчыны, Гродзенскай і Віцебскай абласцей. І гэта той поспех, якім, я лічу, Аркадзь Куляшоў ганарыўся б».
Як адзначыў Андрэй Нікіцін, усяго на конкурсы было пададзена каля 500 работ.
Сярод тых, хто атрымаў узнагароды ў двух конкурсах, старшыня Магілёўскага абласнога штаба маладзёжнага руху «Іскра» Беларускай партыі «Белая Русь» Марыя Ісаенка. Усяго ў яе тры дыпломы.
«У конкурсах я ўдзельнічаю не адзін год. І я хачу выказаць удзячнасць чалавеку, які прывёў мяне калісьці ў літаратуру, разгледзеў мой талент і дапамог яго раскрыць, — гэта Аляксандр Казека, якога, на жаль, не стала ў гэтым годзе. Ён заўсёды падтрымліваў мяне на маім творчым шляху, — сказала яна. — У свае творы часцей за ўсё я ўключаю патрыятычную тэму, ваенную, міратворчую. У гэтым годзе я ўпершыню паспрабавала сябе ў ролі лірыка і напісала верш пра беларускую жанчыну. І ён адгукнуўся журы».
Малады аўтар адзначыла, што літаратура не перастае быць моднай. І здорава, што моладзь цікавіцца гэтым, спрабуе сябе ў творчасці.
Сярод пераможцаў конкурсу «І кружыцца планета Куляшова» — Настасся Алданава з Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна. Школьніцы 15 гадоў, аднак у яе багажы ўжо нямала перамог у творчых конкурсах. Сёння ў гэту скарбонку дабавілася яшчэ адна.
«Мяне вельмі прывабіла паэзія. І я вырашыла, што таксама хачу паспрабаваць сябе ў такой творчасці. І магу сказаць, што мне вельмі падабаецца пісаць вершы. Я спадзяюся, што ў будучым я прадоўжу пісаць і, можа, калі-небудзь таксама ўвайду ў склад Беларускага саюза пісьменнікаў, — падзялілася яна патаемным. — У гэтым конкурсе я першы раз удзельнічала. Падавала сюды свой твор „І заўтра была вайна“. Мне хацелася закрануць тэму Вялікай Айчыннай вайны. Таму што мне здаецца важным гаварыць пра гэты перыяд. Гэта частка нашай гісторыі. А яшчэ гэта важна таму, што адыходзяць ветэраны. З кожным годам усё менш і менш людзей, хто бачыў усё на свае вочы, хто змагаўся за нас, будучыню. Нам захоўваць памяць пра іх, пра іх гісторыі, пра тыя падзеі».