Прамысловасць па праве лічыцца ключавой галіной народнай гаспадаркі. Гэта галоўная рухаючая сіла эканомікі, наймагутнейшы фактар развіцця і росквіту дзяржавы і грамадства. Імпартазамяшчэнне ў сваю чаргу — адказ на сучасныя выклікі. Пераможцы і лаўрэаты конкурсу «Імпартазамяшчэнне», які праводзіцца ўжо трэці раз, — прыклады прафесіяналізму, смеласці і адказнасці. Конкурс аб’ядноўвае тых, хто стварае якасную айчынную прадукцыю, развівае вытворчасць, прапануе сучасныя рашэнні і ўмацоўвае эканамічную незалежнасць Беларусі. На ўрачыстым мерапрыемстве ўзнагароджання пераможцаў пабывала карэспандэнт «Звязды».
Экспертная камісія прааналізавала дзейнасць 57 удзельнікаў і вызначыла шэсць пераможцаў і чатыры лаўрэаты, якія былі ўдастоены ганаровых дыпломаў і памятных прызоў.
Пераможцамі сталі:
- ТАА «АКАРЫМ» (г. Мінск);
- Рэспубліканскае інавацыйнае ўнітарнае прадпрыемства «Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік» (г. Мінск);
- ТАА «Аляксандраў» (Любанскі раён, Мінская вобласць);
- ЗАТ «Салігорскі інстытут праблем рэсурсазберажэння з доследнай вытворчасцю» (г. Салігорск, Мінская вобласць);
- ТАА «Навукова-вытворчае аб’яднанне «Пасат» (Салігорскі раён, Мінская вобласць);
- ТАА «ІНТАТЭХГРУП» (г. Мінск).
Лаўрэатамі конкурсу прызнаныя арганізацыі:
- ААТ «Экзон» (г. Драгічын, Брэсцкая вобласць);
- ААТ «Дражджавы камбінат» (г. Мінск);
- ТДА «Прамметызвырабы» (г. Баранавічы, Брэсцкая вобласць);
- ТАА «Аграхарчпрам» (г.Брэст).
Міністр эканомікі Юрый Чабатар падчас урачыстай цырымоніі адзначыў, што імпартазамяшчэнне для многіх прадпрыемстваў сёння — гэта тэхналагічны суверэнітэт і самадастатковасць. Для Міністэрства эканомікі падтрымка такіх ініцыятыў з’яўляецца безумоўным прыярытэтам.
«Мы бачым тут людзей, якія не спалохаліся выклікаў, а ўспрынялі іх як магчымасць заняць пустыя нішы і стварыць унікальны нацыянальны прадукт, — падкрэсліў Юрый Чабатар. — Па выніках 2025 года ў краіне выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі практычна на 30 мільярдаў долараў. Асаблівая роля тут адводзіцца малому і сярэдняму бізнесу. У мінулым годзе сектар МСП забяспечыў трэць усяго аб’ёму імпартазамяшчэння краіны. Вашы вынікі даказваюць: знак „Зроблена ў Беларусі“ — сінонім тэхналагічнасці, надзейнасці і высокай якасці».
Міністр эканомікі выказаў упэўненасць, што поспех сённяшніх пераможцаў натхніць іх калег на выбудоўванне моцных кааперацыйных ланцужкоў і асваенне новых відаў прадукцыі.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА