Арганізатарамі конкурсу прафесійнага майстэрства выступае Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў пры падтрымцы Мінскага аблвыканкама.
Як адзначыла старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гур’ева, беларуская дзяржава і грамадства трымаецца на людзях працы, на тых, хто стварае нацыянальнае багацце, мір, спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Без адданых сваёй справе майстроў немагчыма развіццё ніводнага сектара эканомікі.
Так, у сталіцы сабраліся найлепшыя прафесіяналы Мінскай вобласці. Сярод іх 23 прадстаўнікі розных прафесій: швачка, ветэрынар, прадавец, фрэзероўшчык, трактарыст-машыніст, слесар аварыйна-аднаўленчых работ, электраманцёр і іншыя. Яны прадстаўляюць зусім розныя сферы дзейнасці, але кожны падыходзіць да сваёй працы з усёй адказнасцю і самааддачай. Адметна, што кожны трэці сярод пераможцаў — маладыя людзі.
Асаблівасцю цырымоніі ўзнагароджання сёлета стала запрашэнне ў якасці ганаровых гасцей заслужаных ветэранаў працы — людзей, якія прысвяцілі сваёй справе не адзін дзесятак гадоў, людзей, якія дасягнулі вялікіх вышынь у прафесіі. Ветэраны працы павіншавалі пераможцаў і ўручылі лаўрэатам дыпломы.
Так, ветэран працы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, ЦК КПСС і Савета Міністраў Аляксандр Кошаль шчыра павіншаваў з высокім тытулам швачку ААТ «Світанак» Таццяну Галушка з Жодзіна. На цырымонію ўзнагароджання Таццяна Васільеўна прыехала, дарэчы, у сукенцы, пашытай уласнымі рукамі.
А ўладальнік звання «Заслужаны лесавод Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Дамнянкоў з задавальненнем павіншаваў майстру лесу Крупскага лясгаса Аляксею Строцкаму і машыністу тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны лесапункта Лагойскага лясгаса Аляксандру Яскевічу.
Арганізатары конкурсу рыхтуюць яшчэ адзін сюрпрыз для лаўрэатаў. Хутка ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці з’явяцца банеры з фатаграфіямі пераможцаў прэстыжнага конкурсу.