Пасведчанні аб занясенні на дошку Гонару раёнаў, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Гомельскай вобласці ўручыў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
— Сёння мы працягваем традыцыю, правераную дзесяцігоддзямі, называем тых, хто зрабіў крок далей за іншых, хто здолеў дабіцца большага, хто не словамі, а вынікам рухае рэгіён наперад. Менавіта іх імёны заносяцца на абласную дошку Гонару — сімвал прызнання і павагі, — падкрэсліў на цырымоніі ўручэння пасведчанняў кіраўнік рэгіёна.
Іван Крупко адзначыў дасягненні аграрыяў вобласці. Па яго словах, упэўнена замацавалася ў ліку лідараў рэспублікі ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна, дзе дасягнуты вынік — больш за 10 тысяч кілаграмаў малака на карову. Гаспадарка — сярод лідараў па нарыхтоўцы кармоў і ўборцы збожжавых. Узорныя сельгаспрадпрыемствы Гомельшчыны «Саўгас-камбінат «Зара» і «Эксперыментальная база «Крынічная» Мазырскага раёна.

Як звярнуў увагу старшыня аблвыканкама, прамысловы сектар Гомельшчыны зноў пацвярджае сваю канкурэнтаздольнасць, і, як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт Беларусі, моцная эканоміка — гэта перш за ўсё вынік працы канкрэтных людзей на канкрэтных прадпрыемствах. І дасягнутыя паказчыкі пераканаўча гэта пацвярджаюць.
— За апошнія пяць гадоў за кошт удасканалення тэхналогіі аб’ём вытворчасці солі на «Мазырсоль» вырас амаль на 20%. Па выніках 2025 года экспартная выручка вырасла на 7 % і склала 67 мільёнаў долараў. Інфраструктуру заўтрашняга дня фарміруе калектыў «Беларуснафта-Прамсэрвіс». З 2024 года прадпрыемства пачало вытворчасць электразарадных станцый для сеткі Malanka. «Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт» у год свайго 90-годдзя пацвердзіў статус лідара, — на актыўнае развіццё энергетычнай і інжынернай інфраструктуры, укараненне сучасныя тэхналагічных рашэнняў у прамысловым сегменце звярнуў увагу Іван Крупко. — Паслядоўна мяняе энергетычны ландшафт рэгіёна «Гомельэнерга». За адзін толькі год — сотні кіламетраў абноўленых сетак, лічбавая падстанцыя «Цэнтраліт», электрыфікацыя населеных пунктаў, — нагадаў старшыня аблвыканкама.
Станоўчую ацэнку даў кіраўнік рэгіёна прадпрыемствам перапрацоўчай галіны, якія дэманструюць высокую вытворчую загрузку, значныя аб’ёмы гатовай прадукцыі, арыентаваных на экспарт.
— На Тураўскім малочным камбінаце перапрацоўваюць да 800 тон малака ў суткі і выпускаюць 40 тысяч тон прадукцыі ў год, пры гэтым практычна кожная тона — прадукт з высокай дабавачнай вартасцю. Каля 80 % прадукцыі пастаўляецца за мяжу. Амаль 90 % сыравіны Калінкавіцкага мясакамбіната перапрацоўваецца ў гатовую прадукцыю. У мінулым годзе тут пашырылі асартымент, выйшлі на новыя рынкі, у тым ліку Узбекістана, В’етнама. Пяціслаёвая вакуумная ўпакоўка «Фрэшпак Салюшэнс» — тэхналогія, якая падаўжае тэрмін захоўвання і адкрывае экспартныя магчымасці для цэлых галін вытворчасці, — зрабіў акцэнт кіраўнік рэгіёна.

Старшыня аблвыканкама адзначыў установы, якія адыгрываюць найважнейшую ролю ў развіцці навукова-медыцынскага патэнцыялу вобласці, паспяхова развіваюць напрамкі высокатэхналагічнай медыцыны, штогод выконваюць тысячы складаных аперацый, укараняюць сучасныя метады лячэння. Як падкрэсліў кіраўнік рэгіёна, у цэлым сістэма аховы здароўя Гомельшчыны дэманструе ўстойлівае развіццё: мадэрнізуюцца ўстановы, укараняюцца новыя тэхналогіі, павышаецца даступнасць і якасць медыцынскіх паслуг ва ўсіх раёнах вобласці. Істотныя змены адбываюцца і ў санаторна-курортнай сферы, фарміруецца сучасная інфраструктура аздараўлення.
— Мы заносім на дошку Гонару не толькі прадпрыемствы і арганізацыі, але і раёны, якія фарміруюць эканоміку вобласці. І асабліва важна падкрэсліць, што за кожным паказчыкам стаяць людзі і калектывы, — падкрэсліў Іван Крупко.
Так, на абноўленую дошку Гонару Гомельскай вобласці занесены Савецкі раён Гомеля, Мазырскі, Жыткавіцкі і Буда-Кашалёўскі раёны.

На цырымоніі ўзнагароджання былі агучаны пераможцы конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь — 2025», якімі сталі амаль 30 відаў прадукцыі 21 арганізацыі Гомельшчыны.
— Арганізацыі Гомельскай вобласці з’яўляюцца флагманамі ў развіцці якасці нашай рэспублікі. І прыемна, што многія прадпрыемствы, якія сёння з’яўляюцца пераможцамі, атрымлівалі з рук кіраўніка дзяржавы Дзяржаўны знак якасці. Гэта сапраўды лідары беларускай якасці. Яны з’яўляюцца ўзорам якасці для іншых прадпрыемстваў у рэспубліцы, — на цырымоніі ўшанавання падкрэсліў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Аляксандр Бурак.
У рамках урачыстай цырымоніі былі адзначаны ветэраны працы, заслужаныя працаўнікі розных галін. Старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Клічкоўская таксама адзначыла, што сярод узнагароджаных з нагоды Свята працы — сямейныя дынастыі, якія дэманструюць любоў і адданасць абранай справе, належныя адносіны да сямейных, карпаратыўных і агульнанацыянальных каштоўнасцей.

Была адзначана працоўная дынастыя педагогаў Гомельшчыны, агульны стаж працы ў галіне адукацыі якой 112 гадоў. Заснавальнік дынастыі — Петрухно Яўгенія Міхайлаўна, на працягу 22 гадоў працавала настаўнікам фізікі і матэматыкі Дзвіжкоўскай базавай школы Ельскага раёна і 23 гады ўзначальвала Ельскую раённую арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Цяпер узначальвае Савет ветэранаў працы галіны адукацыі Ельскага раёна. У другім пакаленні справу Яўгеніі Міхайлаўны працягнулі дочкі — Рыбак Алена Уладзіміраўна, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі "Сярэдняя школа № 59 г. Гомеля" і Сідарэнка Святлана Уладзіміраўна, настаўнік геаграфіі Ельскай раённай гімназіі. Трэцяе пакаленне дынастыі прадстаўляе ўнучка, Кубанава Марына Дзмітрыеўна, якая вось ужо 9 гадоў працуе настаўнікам англійскай мовы сярэдняй школы № 59 г. Гомеля.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара і ТК «Гомельшчына афіцыйна»