У гарадскім Палацы культуры праходзіць другі тур рэспубліканскага этапа конкурсу.
Па словах мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга Максіма Расохі, рэпертуар фіналістаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні сёлета радуе разнастайнасцю. Сёлета шмат новых, не так часта выкананых на сцэне песень беларускіх аўтараў.
У абласных адборачных этапах (без уліку раённых і гарадскіх) прынялі ўдзел 145 чалавек, самымі актыўнымі канкурсантамі былі жыхары Гродзенскай і Мінскай абласцей. У заключным рэспубліканскім этапе конкурсу ў Маладзечне выступаюць 20 удзельнікаў. Прадстаўлена кожная вобласць і Мінск. Паводле інфармацыі Палаца культуры Маладзечна, сёлета паўторна спрабуюць свае сілы чатыры канкурсанты.
Як і раней, удзельнікі выконваюць па дзве песні: пад фанаграму «мінус 1» і ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга.
Трэці тур рэспубліканскага этапа конкурсу таксама пройдзе 14 чэрвеня ў Палацы культуры Маладзечна на галоўнай сцэне і будзе трансліравацца ў прамым эфіры на тэлеканале «Беларусь 3» у 17.00. Па яго выніках будзе названа імя ўладальніка Гран-пры.
Лаўрэатамі Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў розныя гады станавіліся Наталля Тамела, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Дзмітрый Качароўскі, Руслан Аляхно, Ірына Вярковіч, Дзяніс Пацэвіч, Данііл Савеня і інш.