Чэмпіёны і прызёры інтэлектуальных гульняў з усёй краіны збяруцца на рэспубліканскай адукацыйнай змене ў аздараўленчым лагеры «Спадарожнік». Аб гэтым БелТА паведамілі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Змена пройдзе з 11 па 25 жніўня. Да яе далучацца 160 чэмпіёнаў і прызёраў рэспублікі 12-17 гадоў, якія спаборнічалі на працягу года. Сярод іх — удзельнікі фіналаў школьнага чэмпіянату Беларусі па інтэлектуальных гульнях (праходзіў у красавіку — маі) і агульнарэспубліканскага сінхроннага адборачнага этапу, у якім з 400 каманд выбралі 36 лепшых.
Паводле слоў арганізатараў, кожны дзень змены будзе дзяліцца на тры часткі. З раніцы праводзяцца туры «Што? Дзе? Калі?» або «Сваёй гульні» і іншыя, правяраюцца хуткасць, рэакцыя і кемлівасць. Ідуць унутраныя залікі па ўсіх відах гульняў, агульны залік, а ў канцы змены выберуць уладальніка Кубка чэмпіёнаў.
Другая частка — спартыўная. Удзельнікі змогуць пагуляць у валейбол, настольны тэніс, біятлон. Дзецям прапануюць паўдзельнічаць і ў інтэлектуальных эстафетах: у час іх правядзення канкурсантам на стрэльбішчах задаюць пяць кароткіх пытанняў, калі хтосьці памыляецца, то павінен будзе прабегчы круг, а значыць, патраціць каштоўны час.
Вечар — час культурных мерапрыемстваў. Трэба будзе падрыхтаваць візітку атрада, правесці тэатральны фестываль. Пройдзе вечар аўтарскай музыкі і паэзіі: кожны ўдзельнік можа выйсці на сцэну, выканаць твор любімага аўтара ці ўласнага сачынення. Не абыдзецца змена і без вясёлых дыскатэк.
Упершыню ідэя правядзення такіх змен сярод самых паспяховых і рэзультатыўных узнікла ў сярэдзіне 1990-х. Папулярныя на той час тэлефарматы адаптаваліся ў сістэму адукацыі ў выглядзе інтэлектуальных гульняў. Педагогі адзначаюць, што гэта нестандартны спосаб міждысцыплінарнага навучання. Такая форма, паводле слоў экспертаў цэнтра, дае магчымасць рыхтаваць дзяцей адразу па некалькіх кірунках.