У Мінскай вобласці зафіксаваны выпадкі тэлефоннага махлярства, накіраванага на пенсіянераў і людзей перадпенсіённага ўзросту. Зламыснікі тэлефануюць грамадзянам, прадстаўляючыся супрацоўнікамі Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, органаў сацыяльнай абароны або пенсіённых аддзелаў.
Пра гэта папярэджвае Упраўленне па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі УУС Мінскага аблвыканкама.
У якасці падставы махляры выкарыстоўваюць пераразлік пенсіі, праверку страхавога стажу або выплаты неразмеркаваных надбавак. Падчас размовы яны спасылаюцца на неабходнасць запісу для афармлення пераразліку і іншымі псіхалагічнымі хітрасцямі спрабуюць увайсці ў давер. Мэта — атрымаць персанальныя даныя, рэквізіты пашпарта і страхавога поліса, поўныя даныя банкаўскіх картак, а таксама коды пацверджання з СМС. У выніку грамадзяне губляюць свае зберажэнні.
У міліцыі падкрэсліваюць: супрацоўнікі органаў сацыяльнай абароны і ФСАН ніколі не звязваюцца з грамадзянамі праз мэсэнджары. Дзяржаўныя служачыя не запытваюць па тэлефоне коды з СМС, даныя банкаўскіх картак, паролі, PIN-коды і іншую персанальную інфармацыю. Усе пытанні аб пераразліку пенсій, праверцы стажу або прызначэнні дапамог вырашаюцца толькі пры асабістым візіце ва ўпаўнаважаны орган альбо па афіцыйных тэлефонах даведачных службаў. Правяраць інфармацыю і звяртацца ў дзяржорганы варта праз іх афіцыйныя сайты ў даменнай зоне. by або асабіста.
Калі паступіў падобны званок, трэба неадкладна перарваць размову і не паведамляць свае даныя. Для праверкі інфармацыі варта самастойна ператэлефанаваць у адпаведную структуру па афіцыйным нумары, указаным на яе сайце. Калі вы ўжо сталі ахвярай махляроў, неабходна неадкладна звярнуцца ў органы ўнутраных спраў па тэлефоне 102.
Ягор ЧУРЫК