— Беларусь — гэта краіна, дзе створаны найлепшыя ўмовы для жыцця. Тут кожны адчувае сябе ў бяспецы, тут захоўваецца высокі ўзровень дысцыпліны, прычым ва ўсіх галінах. Не толькі ў сталіцы, але і ў раённых цэнтрах створаны асаблівыя парадак і чысціня. Вельмі важна, што ўдзяляецца вялікая ўвага патрыятычнаму выхаванню моладзі. Немагчыма не захапляцца тым, што ў Беларусі асаблівае стаўленне да фізічнай працы. Людзі, якія добрасумленна працуюць на палях, фермах, атрымліваюць дастойны заробак, — вось так, шчыра і пранікнёна, гаворыць перасяленка з Украіны Ала Курачка. За тры гады пражывання ў Оршы Ала Ігараўна адчула, наколькі наша краіна стала для яе дарагой і блізкай.
Працы было шмат, а заробак — невысокі...
...Гады дзяцінства Алы прайшлі ў цэнтральнай Украіне, у горадзе Смела Чаркаскай вобласці. Калі дзяўчынцы споўнілася 13 гадоў, разам з маці яна пераехала жыць у г. Наваміргарад Кіраваградскай вобласці. Скончыўшы школу, паступіла ў Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе набыла спецыяльнасць менеджара органаў дзяржаўнай улады і дакументазнаўцы.
Працавала на Наваміргарадскім кар’еры, які здабываў сыравіну, што выкарыстоўваецца для вытворчасці дыяксіду і тытанавага металу. Пасля таго, як кіраўніка ў 2014-м мабілізавалі, яна, зусім маладая дзяўчына, узначаліла аддзел кадраў прадпрыемства.
— Здабыча ільменітавага канцэнтрату вялася адкрытым спосабам, пры дапамозе экскаватараў. Штодзень работнікам даводзілася працаваць у напружаным рэжыме. Нягледзячы на тое, што сыравіна пастаўлялася ў многія краіны свету, заробак у работнікаў быў невысокі, — расказвае Ала Ігараўна. — А нам з мужам трэба было выплачваць крэдыты, аформленыя для патрэб сям’і. Акрамя таго, захварэла маці, на лячэнне якой была неабходна немалая сума грошай. У рэшце рэшт муж паехаў працаваць у Еўропу. Я таксама стала задумвацца пра тое, каб пераехаць у іншую дзяржаву, каб палепшыць фінансавае становішча сям’і. Калі ў лютым 2022 года на тэрыторыі Украіны пачалася СВА, прыйшлося з’язджаць.
«Здзівіла шчырасць мясцовых жыхароў...»
Зведаўшы шчасця ў Літве, Ала Ігараўна вырашыла паехаць у Беларусь, бо тут у яе ёсць родныя па лініі бацькі. Жанчына прыняла прапанову прыехаць у госці і ад сябра, з якім пазнаёмілася праз сацыяльныя сеткі. Па шчаслівай волі лёсу Аляксандр і стаў пасля яе мужам.
— Першае, што я адразу зразумела пасля прыезду ў Беларусь, — гэта тое, што ва Украіне нам падавалася непраўдзівая інфармацыя. Мяне вельмі прыемна здзівілі шчырасць, душэўная адкрытасць і гасціннасць мясцовых жыхароў. У выпадку патрэбы ніхто не адмовіць у дапамозе, падтрымае добрым словам. З кожным днём я ўсё больш пераконвалася: усё адмоўнае, што кажуць пра Беларусь за мяжой, не адпавядае рэчаіснасці. Тут няма варожасці да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, жыхароў іншых дзяржаў. У Беларусі кожны мае магчымасць атрымаць месца працы і мець годны заробак. Мяне прыемна здзівіла і тое, што цэны на ўсе мясцовыя тавары нашмат ніжэйшыя, чым ва Украіне, — кажа суразмоўца. — Вельмі прыемна назіраць за тым, як хутка ўзводзяцца шматкватэрныя дамы, дзе атрымліваюць жыллё маладыя і шматдзетныя сем’і.
«Галоўнае — не баяцца работы...»
— Паколькі я ніколі не баялася цяжкай работы, вырашыла звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аршанскага райвыканкама, каб даведацца, якія вакансіі ёсць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Мне тут жа паведамілі, што патрэбны работнікі ў СВК «Ларынаўка», — працягвае суразмоўца. — Нават не раздумваючы, я прыйшла да кіраўніка і сказала, што жадаю працаваць на ферме. Вопыту работы з жывёламі, вядома, у мяне зусім не было, але было вялікае жаданне працаваць.
— Так, работы ў даяркі заўсёды шмат, але галоўнае — не баяцца яе. Кіраўнік камбіната адносіцца да работнікаў з асаблівай строгасцю. І гэта зразумела. Узровень дысцыпліны павінен быць высокі. Аднак разам з тым у кожнага ёсць магчымасць атрымаць і добры заробак, — дзеліцца жанчына. — Акрамя таго, пры камбінаце створаны членскі кааператыў. Уступіць сюды можна, адпрацаваўшы на камбінаце тры месяцы. Памер членскага ўзносу немаленькі — больш за 200 рублёў. Аднак кожны з членаў кааператыва атрымлівае дывідэнды ад гадавога прыбытку прадпрыемства. Фінансавая дапамога прадугледжана таксама з нагоды святвў. Асабіста я праз 4 месяцы знаходжання ў кааператыве атрымала дывідэнды.
Шчасце ў працы і сям’і
У 2024 годзе Ала і Аляксандр стварылі сваю сям’ю. Сыночку Ванечку ўжо споўніўся адзін год і сем месяцаў. У цяперашні час матуля знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Аднак, калі сынок пойдзе ў дзіцячы сад, жанчына зноў плануе вярнуцца працаваць на ферму, тым больш што заробкі ў даярак значна ўзраслі.
Шчаслівая сям’я жыве ва ўласным доме, пабудаваным садовым таварыствам. І хоць ён яшчэ не зусім добраўпарадкаваны, тут ёсць водазабеспячэнне, каналізацыя, устаноўлены бойлер, маецца душ.
Аляксандр — не толькі клапатлівы муж і тата, але і выдатны спецыяліст, на ўсе рукі майстар. Ён адкрыў сваё невялікае прадпрыемства, дзе працуюць піларама і сталярны цэх.
У выхадныя сям’я арганізоўвае цікавыя паездкі па памятных мясцінах Беларусі. Шмат уражанняў пакінулі экскурсіі ў Нясвіжскі, Мірскі замкі. Запланавалі яшчэ пабываць у многіх іншых знакавых месцах краіны.
— Прызнаюся шчыра: я вельмі рада, што ў свой час прыняла рашэнне пераехаць у Беларусь. Тут я знайшла сваё шчасце, тут у мяне нарадзілася дзіця. У краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб чалавек адчуваў сябе шчаслівым. Па ўзроўні развіцця Беларусь можа займаць адно з вядучых месцаў у свеце. Актыўна развіваюцца медыцына, прамысловасць, сувязь, тут укараняюцца лічбавыя тэхналогіі. У натуральнай беларускай прадукцыі — малака, смятаны, масла — няма аналагаў. Тут усе прадукты такія смачныя! Высокую якасць мае таксама беларуская касметыка. Асаблівыя клопат і ўвагу з боку дзяржавы адчуваюць шматдзетныя сем’і. У гэтай краіне можна знайсці жаданую прафесію і атрымліваць добры заробак, пабудаваць жыллё. Пры дапамозе дзяржавы можна займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Кожны можа паглыбіць прафесійную падрыхтоўку, — дзеліцца Ала Ігараўна. — Самае ж галоўнае — у Беларусі забяспечаны надзейная бяспека і правапарадак. Мясцовыя жыхары могуць быць упэўнены ў заўтрашнім дні, у тым, што знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота гераіні