У Віцебску абмеркавалі дзейнасць мясцовага самакіравання ў вырашэнні надзённых пытанняў насельніцтва.
Першы рэгіянальны форум «Мясцовае самакіраванне ў Віцебскай вобласці: Агульная справа. Дыялог аб будучыні» прайшоў у Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў. Мерапрыемства сабрала каля 250-ці найлепшых прадстаўнікоў сістэмы органаў мясцовага самакіравання, у тым ліку старшыняў базавых і першасных саветаў, старэйшын і актыўную моладзь рэгіёна.
Адкрываючы форум, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў падкрэсліў ключавую ролю мясцовых саветаў у вырашэнні паўсядзённых задач грамадзян і развіцці тэрыторый. Паводле яго слоў, эфектыўнасць мясцовай улады напрамую ўплывае на ўспрыманне ўсёй вертыкалі кіравання. «Усё пачынаецца з работы на месцах. Сельскія і пасялковыя саветы дэпутатаў — першыя, хто прыходзіць на дапамогу насельніцтву ў любой сітуацыі. Менавіта таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў мудрае рашэнне захаваць саветы пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню», — падкрэсліў спікер.
Сёння роля і значнасць дэпутатаў пярвічнага, базавага і абласнога ўзроўняў у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі аб’ектыўна ўзрастае, адзначыў на форуме Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка. Таму ініцыятыва правядзення першага рэгіянальнага форума мясцовага самакіравання вельмі своечасовая. Дэпутацкі корпус Віцебшчыны налічвае звыш 2000 дэпутатаў, дзейнічаюць калектыўныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. «Гэта сур’ёзны рэсурс і фактычна — наша апора ў грамадстве», — падкрэсліў Ігар Сергяенка, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць больш эфектыўнай каардынацыі дзеянняў дэпутатаў пярвічнага, базавага і абласнога ўзроўняў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Спікер вызначыў тры найважнейшыя напрамкі сумеснай дзейнасці: работа са зваротамі грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, маніторынг правапрымяняльнай практыкі і падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на эфектыўнае развіццё тэрыторый і рэгіёнаў.
«На нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта кіраўнік дзяржавы даў дакладную ўстаноўку — звароты грамадзян павінны вырашацца, як правіла, на месцах, — нагадаў удзельнікам форуму Ігар Сергяенка. І, у канчатковым выніку, яны вырашаюцца вамі. Нават калі паступаюць вышэй. І тут роля дэпутатаў немалаважная. У большай ступені ролю звязуючага звяна паміж дзяржаўнымі органамі і насельніцтвам іграюць менавіта дэпутаты».
Са зваротамі грамадзян звязаны і маніторынг правапрымяняльнай практыкі — ён дапамагае вызначаць меры рэагавання на актуальныя запыты і патрэбы насельніцтва. Ігар Сергяенка прывёў прыклад: па выніках семінара Палаты прадстаўнікоў у мінулым годзе па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў і арганізацыі дзейнасці службы «адно акно», які прайшоў у Брэсцкай вобласці, рэжым работы гэтай службы быў у гэтым рэгіёне перагледжаны і стаў больш зручным для насельніцтва. У працэсе рэалізацыі таксама знаходзяцца рэкамендацыі парламенцкіх слуханняў па пытаннях рэгулявання лічбавай эканомікі.
Што датычыцца падтрымкі актыўнасці насельніцтва і структур грамадзянскай супольнасці, накіраванай на эфектыўнае раскрыццё эканамічнага патэнцыялу рэгіёну, то, паводле слоў Старшыні Палаты прадстаўнікоў, заканадаўчая база для гэтага сфарміравана. У 2023 годзе набылі моц змены ў Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, дзе быў упершыню вызначаны прававы механізм рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. «Мы бачым, што ён запатрабаваны на практыцы, — сказаў Ігар Сергяенка. — Конкурс грамадзянскіх ініцыятыў, які праводзіцца абласнымі асацыяцыямі мясцовых Саветаў дэпутатаў, становіцца ўсё больш маштабным і выклікае цікавасць у нашых грамадзян».
Удзельнікам форуму была прадстаўлена выстаўка-прэзентацыя ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці, якая дэманстравала шэраг паспяховых прыкладаў рэалізацыі ініцыятыў, што зыходзяць як ад насельніцтва, так і ад дэпутатаў.
Акрамя таго, адной са знакавых падзей у рамках форуму стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве Віцебшчыны з суб’ектамі дзяржаўнага кіравання і самакіравання Рэспублікі Карэлія.
Лізавета ГОЛАД,
Фота аўтара.