Першаму гадаванцу адзінага ў краіне дзяржаўнага прытулку для безнаглядных жывёл «МаксЛай», што ў Віцебску, сабаку па мянушцы Доля, сёлета споўнілася 15 гадоў.
Цёмныя справы звычайна хаваюць пад покрыва ночы. Так было і на гэты раз: познім кастрычніцкім вечарам да гаражнага кааператыва пад’ехаў мікрааўтобус. Імжэў дождж. Вадзіцель, не заглушыўшы матор, выкінуў на халодную мокрую зямлю сабаку са шчанюкамі і з’ехаў. Відавочцы не разгледзелі нумар машыны, ды і што гэта дало б? Так павялося, што выкінутыя хатнія жывёлы не такое ўжо і злачынства. Мужчыны спрабавалі заманіць сабаку ў гараж, а яна толькі дрыжала ўсім целам, якім закрывала сваіх дзяцей, рыкала і ашчэрвала пашчу...

Сабачая доля
Раніцай за няшчасным сямействам прыбыла брыгада адлову, але чатырохлапую маці спаймаць не ўдалося. Яна адбегла і здалёк назірала, як забіралі яе дзесяць чорненькіх бутузаў, якія толькі-толькі расплюшчылі вочы. Аднак на наступны дзень іх маці, пераадолеўшы страх, сама прыйшла ў прытулак для бяздомных хатніх жывёл. Ёй далі паесці цёплай кашы з мясам і завялі ў ізалятар да шчанюкоў, якія тут жа прагна прыпалі да маміных малочных грудоў.
— Такія драмы разварочваюцца на нашых вачах амаль кожны дзень, — расказвае начальнік участка «Прытулак для безнаглядных жывёл» дзяржаўнага прадпрыемства «Спецаўтабаза г. Віцебск» Ала ПРАСОЛАВА. — Прывыкнуць да гэтага немагчыма. Як, на жаль, і ўратаваць усіх сабак і катоў. Але ж мы стараемся дапамагчы як можна большай колькасці няшчасных «хвосцікаў».
Ала Прасолава — выпускніца Санкт-Пецярбургскай акадэміі аэракасмічнага прыборабудавання, радыётэхнік па спецыяльнасці. Працавала вядучым інжынерам-канструктарам на адным з віцебскіх прадпрыемстваў. З 2013 года была актыўным валанцёрам прытулку «Добрык», а ў 2019-м стала начальнікам адпаведнага ўчастка «Спецаўтабазы г. Віцебска». Так загадала ёй вялікае сэрца.
Уся сям’я Прасолавых — муж Аляксандр, сыны Сяргей і Арцём — бярэ непасрэдны ўдзел ва ўратаванні бяздомных жывёл. Выкормліваюць сляпых кацянят, выконваюць сантэхнічныя, зварачныя і іншыя гаспадарчыя работы ў прытулку. Аб’яднаныя агульнай справай, яны кожнага з гадаванцаў «МаксЛая» лічаць сваім.
Пажыццёвае ўтрыманне
Прытулак у Віцебску — адзіная падобная дзяржаўная арганізацыя ў Беларусі, якая дае дах над галавой і шанс на жыццё бадзяжным хатнім жывёлам. Ён разлічаны на адначасовае ўтрыманне 350 сабак і 100 катоў. Зараз на ўчастку іх крыху менш. Штомесяц служба адлову дастаўляе сюды ад 30 да 100 небаракаў. Такой жа колькасці жывёл штомесяц знаходзяць новы дом.

— Многія гады наш прытулак называўся «Добрык», — працягвае Ала Прасолава. — У сакавіку назва змянілася і стала сугучнай назве нашага генеральнага спонсара — футбольнага клуба «МЛ Віцебск», вядомага таксама як «Макслайн». Цяпер мы — «МаксЛай». Функцыі нашы не змяніліся, а вось умовы ўтрымання жывёл палепшыліся.

Толькі сёлета ФК «МЛ Віцебск» замест старых пабудаваў каля 30 уцепленых будак для ўтрымання сабак на ланцугах, два рады вальераў з драўлянай падлогай і дыхтоўнымі будкамі, замяніў уваходныя дзверы ў адміністрацыйна-гаспадарчым будынку, уладкаваў у ім стэлажы для захоўвання гуманітарнай дапамогі, склад халоднага захоўвання, аказвае іншую дапамогу.
Сціплае фінансаванне і шчодрая дапамога
Бюджэтнае фінансаванне разлічана толькі на ўтрыманне памяшканняў і заработную плату. Дарэчы, у рабочых па доглядзе за жывёламі яна сціплая — 850 рублёў на рукі, і на бягучы момант гэта ці не галоўная праблема прытулку. Асноўнай крыніцай пакрыцця выдаткаў на стэрылізацыю, лячэнне, вакцынацыю, кармленне жывёл, водазабеспячэнне (вальеры і памяшканні трэба часта мыць), рабочы інвентар з’яўляюцца добраахвотныя ахвяраванні арганізацый і грамадзян. У тым ліку пераводы на дабрачынны разліковы рахунак.

— Горад вельмі дапамагае, крок за крокам мы пабудавалі сяброўскія адносіны бадай з усімі прадпрыемствамі, установамі адукацыі, грамадскімі арганізацыямі, грамадзянамі, — адзначае Ала Прасолава. — Сёння да 80 % ад агульнага аб’ёму дапамогі, уключаючы пастаянна патрэбныя ашыйнікі, павадкі і клеткі, паступае ў «МаксЛай» па ініцыятыве добраахвотнікаў. Школы збіраюць макарону, крупы, сухія кармы і прэсервы, магазіны сэканд-хэнда перадаюць рыззё, са скідкамі нам рэалізоўвае мясныя прадукты для кармлення жывёлы магазін «Мясаед». Вытворцы ветэрынарных прэпаратаў «Ветгандальпартнёр», «КлінКасмік», «Рубікон» таксама стараюцца рэалізаваць сваю прадукцыю па акцыях.
Каб штодня накарміць падапечных прытулку, у вялізным паравым катле вараць па дзве закладкі мясазмяшчальных прадуктаў агульнай вагой да 35 кілаграмаў. Столькі ж патрабуецца круп і макароны. Малым, хворым і аслабленым жывёлам даюць больш далікатны корм.
Вышчык на вушку
Адзіная крыніца дадатковага заробку для «МаксЛая» — аказанне платных паслуг па стэрылізацыі і кастрацыі жывёл, якіх дастаўляюць грамадзяне. Цэны на працэдуры разумныя: ад 90 рублёў за стэрылізацыі кошкі да 240 рублёў за кастрацыю вялікага сабакі.
— У нас створаны ўмовы для наступнай ператрымкі бяздомных жывёл, якія перанеслі аперацыю па стэрылізацыі. Яны атрымліваюць неабходную лекавую тэрапію, — звяртае ўвагу Ала Прасолава. — Фірменны знак прытулку, які сведчыць аб тым, што кошка не будзе прыносіць патомства, — акуратны вышчык на вушку. Нават калі жывёліна і надалей будзе на вулічным самавыгуле, стэрылізацыя гарантуе, што яна не абзавядзецца непажаданым прыплодам.

Хвастатыя «падбярозавікі»
Трэці год як функцыі вымання жывёл з гарадскіх вуліц і падвалаў перададзены службе адлову прытулку. Разам з намаганнямі зоаабаронцаў гэта дае станоўчы вынік. Бадзяжных катоў і сабак стала прыкметна меней.
Ала Прасолава дэманструе зграйку хударлявых сабачак, якіх у прытулку празвалі «падбярозавікамі»: нядаўна яны прыйшлі з лесу да прыдарожнага кафэ без мамкі, відаць, на пах ежы. У «МаксЛай» іх даставілі міліцыянеры.
Важная акалічнасць: толькі служба адлову і супрацоўнікі падраздзяленняў унутраных органаў надзелены правам прывозіць у прытулак жывёлін, якіх вымаюць, і толькі ў межах гарадской рысы. Ад насельніцтва катоў і сабак не прымаюць — на жаль, тут няма такой фізічнай магчымасці.
— А колькі гаротнікаў цяпер, з наступленнем халадоў, бадзяюцца па-за горадам, у дачных пасёлках і садовых таварыствах! — бядуе Ала Прасолава. — Адзінае выйсце, каб не паўтаралася з году ў год гэта прыкрая з’ява, не з’яўляліся на свет новыя чатырохлапыя пакутнікі, — стэрылізацыя жывёл.

Шляхам гуманізму
Дырэктар прытулку вельмі станоўча ацэньвае Закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». На яе погляд, гаспадароў дысцыплінуе абавязковая рэгістрацыя гадаванцаў, наяўнасць у іх жэтонаў. Ала Прасолава дадала б яшчэ і абавязковае чыпіраванне сабак.
Стварэнне прытулкаў з пажыццёвым утрыманнем хатніх жывёл, падобных на «МаксЛай», — няпростая справа. Прычына крыецца ў захаванні вельмі строгіх ветэрынарна-санітарных нормаў да памераў памяшканняў, наяўнасці ветблокаў, вентыляцыі, халадзільных і маразільных установак, іншага абсталявання. Лягчэй арганізоўваць пункты часовага ўтрымання жывёлы, але час утрымання ў іх катоў і сабак абмежаваны. І ўсё ж гэта шанц на жыццё. Раптам замест усыпляючага ўколу бедалагам пашчасціць знайсці дом і любячых гаспадароў?
— Грамадства павінна ісці шляхам гуманізму, інакш яно супыніцца ў развіцці, — пераканана Ала Прасолава. — А адносіны да братоў нашых меншых служаць той лакмусавай паперкай, якая сведчыць, ці ёсць у нашых сэрцах міласэрнасць.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара