Твор, які быў, ёсць і будзе на беларускай сцэне, без сумневу. Толькі цяпер у інтэрпрэтацыі галоўнага балетмайстра тэатра, заслужанага артыста Расіі Ігара Колба. Але для айчынных аматараў балета будзе істотнай магчымасць сустрэчы з музыкай Пятра Чайкоўскага — яна чароўная, узнёслая, рамантычная. За такое адчуванне варта падзякаваць аркестру пад кіраўніцтвам дырыжора-пастаноўшчыка Арцёма Макарава: прыгожыя вальсы, асобныя танцавальныя нумары — тонкія ці з каларытам розных культур. Музычнае падарожжа будзе прыемным для тых, хто ўмее слухаць.
Другая частка гледачоў зверне ўвагу на відовішчны складнік, бо, як у любой казцы, тут шмат што магчыма. Напярэдадні свята людзі збіраюцца за вячэрай, дораць падарункі дзецям і чакаюць цудаў. Нездарма чароўная ноч стала вялікай таямніцай: цёмныя сілы сыходзіліся ў брарацьбе са светлымі. Дзяўчынка Мары атрымлівае ў падарунак ад хроснага Драсельмеера маленькую ляльку Шчаўкунка, здаецца, самую сціплую з усіх, што займела ў гэты вечар. Але сапраўдныя героі сябе не выяўляюць да пэўнага моманту. Бо калі свечкі патушаны, а людзі засынаюць, то рэшткі ежы могуць прыцягваць мышэй... У гэты час сціплы Шчаўкунок узначальвае супраціўленне і разганяе ворагаў (па іх б’юць нават з гармат). Шчаўкунок становіцца прынцам для Мары, якую далей чакае казачная вандроўка дзякуючы Драсельмееру — ён дэманструе розныя іншыя цуды быцця, незаўважныя днём...
- Калі хто ведае класічную версію балета, ці тую, што была ў тэатры ў пастаноўцы Валянцiна Елізар’ева, то будзе параўноўваць з новым варыянтам: лібрэта стала іншым, парушыўшы традыцыйнае ўспрыманне казкі, закладзенай у аснову кампазітарам. Але казкі маюць асаблівую логіку ці могуць не мець яе наогул (а шмат што лёгка вызначыць як цуд), і кожны іх ўспрымае па-свойму.
У новым «Шчаўкунку» некаторыя акцэнты змяніліся (у адрозенні ад класічнага лібрэта Марыуса Пеціпа), некаторыя героі ці танцы сталі па сутнасці іншымі (напрыклад, танец змяі падобны на акрабатычны нумар, а рускі танец — з пеўнем, нібыта клоўнска-цыркавы). Танец феі Дражэ паводле Чайкоўскага і згодна з гучаннем увасабляе дабрыню і святло, чаго вартыя не толькі казачныя персанажы, але і дзяўчынка Мары — з гэтым наўрад ці хто будзе спрачацца.
Як і з тым, што калядная казка ў разуменні большасці людзей вартая яскравага афармлення (над ім працавала мастак-пастаноўшчык Вольга Мельнік, мастак па свеце — заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі Ірына Уторнікава, мастак па камп’ютарнай графіцы і відэашэрагу — Вікторыя Злотнікава). Як ні дзіўна, у казачным шоу шмат што нагадвае рэальнае чалавечае свята і вызначана літаральна: ёлка з ліхтарыкамі, якія гараць, печыва, зефіркі, арэшкі ды сыр з капустай, што прыцягвае мышэй. Яны і самі натуралістычныя і немаленькія (не нейкія абстрактныя носьбіты зла), нездарма іх баяцца нават дарослыя. А Шчаўкунок — адпужвае, хоць і маленькі, але ж у ім жыве Прынц. А пасля ён зноў становіцца драўлянай лялькай ростам з Мары, а яна яе носіць на руках. Бывае і так. Магчыма, гэта вялікі сімвал яе перамогі над уласнымі страхамі? Але тут не варта замарочвацца падобнымі пытаннямі, бо спектакль не стварае нейкага псіхалагічнага напружання ці драматызму (пры тым, што ў «Шчаўкунка» ёсць і такія версіі), а якраз наадварот. І гэта той выпадак, калі не трэба быць глыбокім знаўцам балета, каб пайсці ў тэатр. Для спектакля прадугледжаны некалькі выканальніцкіх складаў, але сутнасць будзе адна, незалежна ад таго, хто выходзіць на сцэну. А казкі нашы гледачы любяць, асабліва ў чаканні свята...
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Віктара Драчова