У горадзе Юэян, што ў правінцыі Хунань (Цэнтральны Кітай), адкрылася першая ў краіне «Акадэмія барбекю». Набор першага курса пачаўся сёлета ў сакавіку, а ў маі першыя выпускнікі паспяхова прайшлі выніковую атэстацыю, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Юэян — сапраўдная сталіца кітайскага стрыт-фуду і шашлычкоў: тут працуе больш за 3 тыс. профільных устаноў, а штогадовы рост рынку перавышае 20%. Адгукаючыся на рост попыту, Юэянскі адкрыты ўніверсітэт сумесна з гарадской асацыяцыяй барбекю заснаваў першую ў краіне «Акадэмію барбекю».
Ажыятаж перасягнуў усе чаканні: на 30 месцаў першага набору было пададзена звыш 4 тыс. заявак — конкурс склаў больш за 130 чалавек на месца. Перад другім наборам тэлефоны прыёмнай камісіі не змаўкалі яшчэ да афіцыйнага адкрыцця рэгістрацыі. Павышаная цікавасць да індустрыі супала з важным дзяржаўным рашэннем: Міністэрства працоўных рэсурсаў і сацыяльнага забеспячэння КНР афіцыйна ўключыла прафесію «майстар па гатаванні барбекю» у дзяржаўны рэестр новых прафесій.
Месячны вочны курс ахоплівае не толькі майстэрства абсмажвання. Выкладчыкі — прызнаныя мясцовыя шэф-кухары — навучаюць тонкасцям працы з кожным відам прадуктаў: ад раздзелкі і марынавання да кантролю тэмпературы і часу смажання аж да секунды. Апроч кулінарных тэхнік, студэнты вывучаюць кіраванне рэстаранам, разлік сабекошту, псіхалогію спажыўцоў і прасоўванне ў сацыяльных сетках. Пасля заканчэння навучання выпускнікі атрымліваюць дзяржаўны сертыфікат аб прафесійнай кваліфікацыі.
Нядаўна адбыўся першы выпускны. Многія дыпламаваныя спецыялісты маюць намер вярнуцца ў родныя рэгіёны, каб адкрыць уласныя ўстановы, аб’яднаўшы традыцыі Юэяна з мясцовымі кулінарнымі асаблівасцямі. «Мы рыхтуем не проста майстроў мангала, а будучых прадпрымальнікаў. Туды, куды паедуць нашы выпускнікі, пацягнецца і ўвесь вытворчы ланцужок», — падкрэсліў прарэктар Юэянскага адкрытага ўніверсітэта Цзян Цзунфу.
У мінулым годзе ў Юэяне было прададзена каля 600 млн. шампураў шашлычкоў, а абарот усяго вытворчага ланцужка перавысіў 3 млрд. юаняў. На працягу трох гадоў гэты паказчык плануецца давесці да 10 млрд. юаняў. Сёння галіна забяспечвае працоўнымі месцамі амаль 100 тысяч чалавек.