У Косаўскім палацы 7 жніўня адбылася ўрачыстая сустрэча з былымі і дзейнымі членамі Савета Рэспублікі да 30-годдзя Нацыянальнага сходу Беларусі. У мерапрыемстве прыняла ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, паведаміла БелТА.
Наталля Качанава сустрэлася з прадстаўнікамі Брэсцкай вобласці, якія ў розныя гады былі выбраныя і працавалі ў Савеце Рэспублікі. За восем скліканняў з 1997 года інтарэсы Брэстчыны прадстаўлялі 59 чалавек: 36 мужчын і 23 жанчыны. Пры іх удзеле за гэты час у паўднёва-заходнім рэгіёне запушчаная першая ў краіне свабодная эканамічная зона «Брэст», створаныя ўмовы для развіцця вядучых брэндаў харчовай індустрыі, праведзеныя маштабная газіфікацыя ў сельскай мясцовасці і рэканструкцыя ключавых устаноў аховы здароўя.

«Мы падумалі, што правільна будзе ўспомніць усіх, хто пачынаючы з першага склікання ствараў аснову і падмурак нашай дзяржавы ў заканадаўчым плане. Тады ўсё гэта было вельмі складана: такі быў час. На руінах Савецкага Саюза няпроста было адраджаць, аднаўляць усё тое, што ўжо ў нейкай меры страціла свае магчымасці (прадпрыемствы, арганізацыі, установы), як няпроста наогул было, таму што мы стваралі новую дзяржаву, новую краіну», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. Яна канстатавала: беларусы пабудавалі суверэнную дзяржаву са сваімі законамі і традыцыямі. «Сёння жывём у цудоўнай краіне. За гэтым праца велізарнай колькасці людзей», — сказала Наталля Качанава.
Спікер звярнула ўвагу, што ў кожным скліканні толькі восем чалавек ад кожнай вобласці прадстаўляюць свой рэгіён. Яны працуюць у розных сферах і галінах і займаюцца значнай дзяржаўнай работай. «Гэта людзі, якімі мы ганарымся, іх прафесійным ростам, чалавечымі якасцямі. Гэта сапраўдныя патрыёты сваёй краіны, якія стаялі плячо ў плячо з Прэзідэнтам і зрабілі ўсё для таго, каб сёння наша краіна была такой выдатнай, з якой лічацца і цэняць у свеце», — адзначыла Наталля Качанава.

Тры скліканні членам Савета Рэспублікі быў экс-старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. Ён згодны з выслоўем: «Кожны з нас — асоба, а разам мы — народ». «Разам мы пачыналі адраджэнне аграгарадкоў у Брэсцкай вобласці, будавалі сацыяльныя аб’екты і ўмацоўвалі эканоміку, — сказаў Канстанцін Сумар. — Цяпер, праз 30 гадоў, відаць, наколькі разумна паступіў беларускі народ, абраўшы Аляксандра Лукашэнку першым Прэзідэнтам нашай краіны. Дзякуючы яму прынятае рашэнне пра адраджэнне вёскі, пра стварэнне аграгарадкоў. Амаль у кожным райцэнтры пабудавалі плавальныя басейны і палацы спорту, каб іх наведвалі ўсе ахвотныя, асабліва дзеці на бясплатнай аснове. Праведзеная вялікая работа дзеля ўмацавання аграпрамысловага комплексу. Тыя, хто працуе цяпер на тым падмурку, працягваюць справу вельмі добра».

Два скліканні членам Савета Рэспублікі з’яўляецца галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Карпіцкі.
Ён падкрэсліў, што прыярытэтам былі і застаюцца мадэрнізацыя, якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі. «Без мадэрнізацыі ў ахове здароўя немагчыма казаць пра перспектывы. Гэта прадугледжвае не толькі рамонты. Закупляецца новае абсталяванне, урачы і медсёстры павышаюць узровень ведаў, растуць дыягнастычныя магчымасці, і як вынік — павялічваецца аб’ём і тэрапеўтычнага, і хірургічнага лячэння», — растлумачыў ён. Адзін з прыкладаў: калі раней медыкі праводзілі значную колькасць аператыўных умяшанняў з вялікімі разрэзамі, то цяпер у вялікіх аб’ёмах прымяняецца лапараскапія. Дзякуючы гэтаму пацыенты хутчэй ідуць на папраўку. «Працуем не толькі ў абласной бальніцы паводле сучасных стандартаў. Агульная задача — праецыраваць іх на ўсе куткі нашага рэгіёна», — удакладніў Аляксандр Карпіцкі.
Павысіць якасць і даступнасць меддапамогі дазволіць новы хірургічны корпус, які будуецца ў абласной бальніцы. «Мы павялічым хірургічную актыўнасць. У першую чаргу гаворым пра кардыяхірургічную і кардыялагічную дапамогу. Павялічым колькасць аперацый па клапаннай карэкцыі і шунціраванні, так званым інвазіўным лячэнні арытміі сэрца. Праводзім і іншыя аперацыі. Усё ў прагрэсе будзе павялічвацца, адпаведна, будзе павышацца і даступнасць», — запэўніў галоўны ўрач.

Да 30-годдзя Нацыянальнага сходу падобныя сустрэчы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.