Top.Mail.Ru

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын з рабочай паездкай наведаў Гомельскую вобласць

Стратэгічныя задачы для важных галін 


Кіраўнік урада азнаёміўся з ключавымі аб’ектамі аграпрамысловага комплексу і прамысловасці, дзе рэалізуюцца значныя для эканомікі краіны праекты. 


Эканоміка і працоўныя месцы

Першым пунктам рабочай паездкі Прэм’ер-міністра стала пляцоўка будаўніцтва новага свінакомплексу на 100 тысяч галоў непадалёк ад пасёлка Фашчаўка ў Гомельскім раёне. Рэалізацыя гэтага інвестыцыйнага праекта — адзін з кірункаў стратэгіі развіцця свінагадоўлі ў Беларусі і знаходзіцца пад асабістым кантролем Прэзідэнта. Вытворчая магутнасць аб’екта замкнёнага цыкла, які ўзводзіцца, — 12,5 тысячы тон свініны ў жывой вазе ў год. 

— Неабходна ў максімальна сціслыя тэрміны пабудаваць і правесці мантаж абсталявання. У нас няма стрымліваючых фактараў. Будуйце! Тэрмін уводу аб’екта ў эксплуатацыю — кастрычнік 2027 года. З лістапада 2027-га пачаць камплектаванне аб’екта пагалоўем, — акрэсліў канкрэтную задачу па рэалізацыі інвестпраекта Аляксандр Турчын.

Будаўніцтва свінакомплексу пачалося ў лістападзе мінулага года і праходзіць паэтапна. На гэты час поўнасцю завершаны работы першага этапу. Завяршаецца добраўпарадкаванне пад’язных і ўнутрыпляцовачных аўтадарог. Вядуцца будаўніча-мантажныя работы па другім-сёмым этапах. Як адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гомельагракамплект» Аляксандр Стрыбук, аб’ект будаўніцтва ў цэлым разбіты на 10 этапаў. 


— На сённяшні дзень сабраны і зманціраваны 26 будынкаў для ўтрымання пагалоўя. Далей мы прыступаем да аснашчэння і паралельна да мантажу абсталявання, — паведаміў ён.

На аб’екце працягваецца мантаж металаканструкцый, сценавых панэляў, будаўніцтва ўнутраных і вонкавых сістэм выдалення гною, а таксама падмуркаў будынкаў.

Як падкрэсліў Аляксандр Стрыбук, на свінакомплексе будуць прыменены самыя сучасныя тэхналогіі, IT-працэсы закрануць і пытанні кармлення, і раздачы кармоў, і вызначэння актыўнасці жывёл, вагавага параметру. Самая пільная ўвага — абавязковым мерам аховы жывёлы. Так, на комплексе будуць укаранёныя каля 20 розных мерапрыемстваў біялагічнай абароны. 

— Першую прадукцыю мы атрымаем у лістападзе 2028 года. А на праектную магутнасць павінны выйсці да 1 студзеня 2031 года. Усё ў графіку, — зазначыў Аляксандр Стрыбук. 

Для камплектавання новага комплексу, прыкладна 200 галоў за месяц, жывёлы будуць дастаўляцца з племяннога свінагадоўчага комплексу ААТ «Вуцеўскае» Добрушскага раёна.

Як звярнуў увагу першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі, пытанне камплектацыі новага свінакомплексу на 100 тысяч галоў ужо цалкам вырашана. 

— Практычна штотыдзень з гэтага свінакомплексу мы будзем прадаваць каля 2 тысяч галоў свіней, таварных свінак на мясакамбінаты, — падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама. — Будаўніцтва свінакомплексу на 100 тысяч галоў — гэта першы ўнікальны праект. Максімальна ў нас на тэрыторыі пакуль выкарыстоўваюцца свінакомплексы на 24 тысячы галоў адкорму ў год. Мы вельмі доўга пераймалі досвед і ў суседзяў, у замежных краінах, вывучалі новыя перадавыя тэхналогіі.

З уводам свінакомплексу ў Гомельскім раёне ў вытворчасці мяса рэгіён дадасць каля 12 тысяч тон свініны за год. 


Прысутнасць на сусветным рынку 

Прэм’ер-міністр таксама ў Жлобіне азнаёміўся з вытворчым працэсам і бягучай эканамічнай сітуацыяй на ўнікальным прадпрыемстве — Беларускім металургічным заводзе. У рамках выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы сёння завод актыўна павялічвае аб’ёмы вытворчасці і замацоўвае сваю прысутнасць на экспартных рынках.

Кіраўнік урада ацаніў работу металургаў электрасталеплавільнага цэха № 1, дзе ў кастрычніку 1984 года адбылася першая плаўка металу БМЗ. Сёння гэта асноўная пляцоўка вытворчасці сталі.

Як было адзначана, у 2015 годзе на БМЗ з удзелам кіраўніка дзяржавы адбыўся запуск сортапракатнага цэха № 2, аснашчанага сучасным драбнасортна-драцяным пракатным станам агульнай прадукцыйнасцю 700 тысяч тон у год з перспектывай нарошчвання вытворчасці да 1 мільёна тон у год.

У сталедрацяным цэху № 2 выпускаецца металакорд для патрэб вядучых вытворцаў аўтамабільных шын. 


Па словах генеральнага дырэктара ААТ «Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынга «Беларуская металургічная кампанія» Аляксандра Саковіча, нягледзячы на тое, што сёння прадпрыемства працуе ў складаных умовах кан’юнктуры сусветнага рынку з высокім узроўнем канкурэнцыі, яно развіваецца, і ад месяца да месяца Беларускі металургічны завод павялічвае аб’ёмы вытворчасці. 

— Калі казаць аб лічбах, то ў маі — гэта 122 тысячы тон сталі, у чэрвені выплавілі каля 130 тысяч тон, па ліпені бачым, што набліжаемся да лічбы ў 140 тысяч тон сталі, — канкрэтызаваў генеральны дырэктар. 

Сёння больш як 30 % прадукцыі прадпрыемства — інавацыйная, а ў працэсе распрацоўкі знаходзяцца 170 даследчых работ.

— Гэта практычная рэалізацыя тых напрацовак, якія раней доўгія гады былі немагчымы. Напрыклад, наш паласавы пракат прадстаўлены на сённяшні дзень на выпрабаваннях на найбуйнейшых прадпрыемствах машынабудавання як Рэспублікі Беларусь, так і Расійскай Федэрацыі. Гэта і шэраг напрацовак у тым ліку ў метызнай вытворчасці. Рухаемся менавіта па шляху новых кірункаў, якія даюць магчымасць працаваць на новых маржынальных нішах сусветнага рынку, — рэзюмаваў генеральны дырэктар БМЗ. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю