Першую за 40 гадоў рысь здабылі на паляванні ў Беларусі, паведамляе БелТА.
На тэрыторыі Шаркаўшчынскай паляўнічай гаспадаркі ўстановы «Верхнядзвінская міжраённая арганізацыйная структура» РДАА «БАТР» паспяхова здабыты першы трафей рысі. У таварыстве нагадалі, што паляванне на рысь стартавала 1 кастрычніка і скончыцца 31 студзеня. «Гэтае паляванне ў Беларусі было пад забаронай каля 40 гадоў і дазволена заканадаўствам з 2025 года з прычыны росту колькасці рысі ў асобных рэгіёнах краіны. Пры гэтым рысь, гэтак жа, як і мядзведзь, у Беларусі мае бінарны прыродаахоўны статус — з’яўляецца адначасова паляўнічай жывёлай і дзікай жывёлай, аднесенай да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь», — адзначылі ў БАТР.
Здабыча рысі дазваляецца на падставе плана кіравання папуляцыяй рысі ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Паляванне на рысь дазволена толькі ў пэўных рэгіёнах: Віцебская вобласць (15 раёнаў), Гомельская вобласць (14 раёнаў), Гродзенская вобласць (2 раёны), Мінская вобласць (8 раёнаў).