Сакрэты вялікай вытворчасці
Ён дазволіў блогерам Міншчыны па-новаму зірнуць на Слуцкі раён. Удзельнікі змаглі ацаніць унікальнае спалучэнне прамысловага патэнцыялу і культурнай спадчыны рэгіёна, прайшоўшы па маршруце з наведваннем знакавых лакацый. Карэспандэнты «Звязды» таксама далучыліся да займальнага падарожжа.
Работа будуецца... На бактэрыях!
Пілотны праект для блогераў «Цэнтральны рэгіён: новыя гарызонты» прадугледжвае правядзенне падобных тураў штомесяц — кожны раз у новым рэгіёне Міншчыны. Гэтым разам журналістаў і блогераў сустракала гасцінная Слуцкая зямля. Самым першым пунктам на маршруце стаў Слуцкі воцатны завод. Удзельнікі тура не толькі пазнаёміліся з асаблівасцямі вытворчасці, але і наведалі мясцовы музей, дзе даведаліся пра гістарычныя вехі прадпрыемства.
Як адзначае галоўны тэхнолаг прадпрыемства Жанна Шчарбіцкая, Слуцкі воцатны завод — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларусі, якое спецыялізуецца на вытворчасці розных відаў харчовага воцату. Гісторыя завода пачынаецца з 1875 года:
— Мы маем свае ўнікальныя запатэнтаваныя рэцэптуры, сёння іх каля 19. У той жа час, мы гатовыя рэагаваць за запыт нашых спажыўцоў і пашыраць асартымент, — расказала спецыяліст, дадаўшы, што вытворчая магутнасць завода складае 4.2 тысячы тон воцату ў год. Прадукцыя рэалізуецца пераважна на айчынным рынку, частка пастаўляецца ў Расію і Грузію.
Вытворчасць натуральнага воцату на прадпрыемстве заснавана на мікрабіялагічным акісленні спіртазмяшчальнай вадкасці воцатнакіслотнымі бактэрыямі. Пры аптымальных умовах бактэрыі актыўна размнажаюцца і бесперапынна пераўтвораць спірт у кіслату.
— Для гэтага неабходны пастаянны прыток кіслароду, падтрыманне неабходнай тэмпературы і бесперапыннасць працэсу. У выпадку гібелі бактэрый, аднаўленне вытворчасці зойме да паўгода! З гэтай прычыны завод не спыняе сваю працу ні на хвіліну, — падкрэслівае Жанна Шчарбіцкая.
Дарэчы, стабільную і зладжаную працу прадпрыемства забяспечвае невялікі працоўны калектыў колькасцю 50 чалавек.
Лактаферын, прамысловы турызм і харчовая бяспека
Далей маршрут пралягаў да Слуцкага сыраробнага камбіната: тут журналісты і блогеры ўбачылі ў дзеянні сучасныя вытворчыя лініі і паназіралі за стварэннем малочных прадуктаў. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці розных відаў сыроў, масла, натуральнамалочнай прадукцыі, сухіх малочных прадуктаў. Штодня тут перапрацоўваецца каля 3,5 тысячы тон малака, якое паступае з 120 гаспадарак, уключаючы ўласныя сельскагаспадарчыя падраздзяленні.
Прадукцыя айчыннага вытворцы экспартуецца ў 37 краін свету, пераважна ў Расію, Казахстан, Азербайджан, Кітай, Бангладэш. Таксама камбінат паспяхова асвойвае ўсходнія рынкі.
У нашай краіне актыўна развіваецца прамысловы турызм, адзначае намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Віталь Злобін:
— Сёння мы атрымліваем сапраўды шмат зваротаў. Актыўна праводзім экскурсіі для моладзі. Гэта свайго роду прафарыентацыя, якая накіруе іх на атрыманне пэўнай адукацыі для прафесіі. Я распавядаю маладым людзям пра прафесіі, запатрабаваныя на нашым прадпрыемстве, пра гарантыі, якія яны могуць атрымаць, паступіўшы на навучанне і прыйшоўшы да нас на працу.
Блогерам Міншчыны на прадпрыемстве прадэманстравалі працэсы вытворчасці, паказалі лабараторыі, якія адказваюць за якасць, а таксама розныя тэхналагічныя аперацыі: прыёмку малака, першасную апрацоўку малака і выпрацоўку некаторых гатовых прадуктаў, такіх як сыры, тварог і смятану.
Віталь Злобін асабліва спыніў увагу на нашумелым лактаферыне:
— Гэта інавацыйны праект, які знаходзіцца ў актыўнай фазе. Ужо адбылася пастаўка часткі абсталявання, мы паглядзелі лакацыю, дзе пачата будаўніцтва. Праект плануецца да здачы ў 2027 годзе з паступовым выхадам на вытворчую магутнасць. Гэта спецыфічнае выцягванне па ўнікальнай тэхналогіі пэўнага бялку ў малацэ, які мы можам у наступстве дадаваць у іншыя прадукты, узбагачаючы іх гэтым бялком з рознымі карыснымі ўласцівасцямі.
Наступным пунктам праграмы стаў Слуцкі цукрарафінадны камбінат. Гэта адно з вядучых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі тура атрымалі магчымасць даведацца тонкасці цукровай вытворчасці. Штосутачна тут перапрацоўваецца каля 8 тысяч тон буракоў. Прадпрыемства забяспечвае прадукцыяй патрэбы ўнутры краіны, забяспечваючы яе харчовую бяспеку. Частка, вядома, экспартуецца ў краіны СНД, паведамілі на прадпрыемстве.
Кіраўніцтва камбіната надае вялікую ўвагу развіццю вытворчасці, укараненню перадавых тэхналогій. Канкурэнтаздольнасць забяспечваюць граматная коштавая і асартыментная палітыка, а таксама агульная эканамічная эфектыўнасць вытворчасці. У вытворчым працэсе выкарыстоўваюцца самыя сучасныя і энергаэфектыўныя тэхналогіі.
Дакрануцца да багатай мастацкай спадчыны
Фінальным акордам займальнага падарожжа стала наведванне музея Слуцкіх паясоў. Экспазіцыя дазволіла гасцям глыбей адчуць самабытнасць рэгіёна і дакрануцца да яго багатай мастацкай спадчыны. Прычым дакрануцца ў літаральным сэнсе! Журналісты і блогеры папрактыкаваліся ў ткацтве і набіванні падушак.
Слуцкія паясы — гэта нацыянальны сімвал Беларусі, які ўзнік у XVIII стагоддзі на мануфактуры князёў Радзівілаў у Слуцку. Станок для вырабу гэтага ўнікальнага вырабу — адзіны ў свеце. Ён абсталяваны шасцічалночным прыборам і жакардавай машынай, што дазваляе прайграваць складаныя ўзоры і структуру арыгінальных вырабаў. Акрамя гэтага, прадпрыемства вырабляе прадукцыю пад заказ, у тым ліку з выкарыстаннем залатых нітак!
На гэтым блог-тур завяршыўся. У ім узялі ўдзел 15 блогераў Міншчыны з агульнай колькасцю аўдыторыі каля 1 мільёна падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Сваімі ўражаннямі ад паездкі падзяліўся блогер з Салігорска Артур Бацьковіч:
— Шчыра кажучы, я нават не ўяўляў, наколькі цікавым можа быць вытворчасць воцату! Было дзіўна даведацца аб шматвяковых традыцыях і сучасных тэхналогіях, якія тут спалучаюцца. Асабліва ўразіў музей — столькі гістарычных артэфактаў, звязаных з мясцовай вытворчасцю. Ужо чакаю наступных лакацый тура. Упэўнены, яны не менш займальныя.
Яшчэ адзін блогер з Салігорска Анастасія Сянюк лічыць, што такія сацыяльныя праекты сапраўды неабходныя:
— Адной з галоўных пераваг мерапрыемства стала магчымасць наведаць буйныя беларускія прадпрыемствы, убачыць працэс вытворчасці і стварэння розных тавараў, зазірнуць «унутр» вытворчасці і паказаць падпісчыкам, як гэта выглядае знутры. Таксама варта адзначыць каштоўнасць новых знаёмстваў, якія ўдалося завязаць. Гэта быў першы дзень, і я спадзяюся, што арганізацыйныя моманты будуць улічаныя і палепшаныя ў далейшым. Асабліва прыемна, што арганізатары праявілі зацікаўленасць у зваротнай сувязі — спыталі наша меркаванне, удакладнілі, што спадабалася, і папрасілі ўнесці прапановы. Гэта вельмі каштоўна і кажа аб прафесійным падыходзе.
Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Генадзь Буйвіла, ключавая ініцыятыва — запуск рэгулярных блог-тураў па Мінскай вобласці:
— Праект прадугледжвае арганізацыю паездак для блогераў па рэгіёнах Міншчыны. Маршруты будуць аб’ядноўваць разнапланавыя лакацыі: ад прамысловых прадпрыемстваў і санаторыяў да гісторыка-культурных аб’ектаў і ўнікальных мясцовых славутасцяў.
Тур удала злучыў індустрыяльную дынаміку і гістарычную глыбіню, падаўшы блогерам шырокі матэрыял для стварэння кантэнту і падарыўшы яркія ўражанні ад знаёмства з цэнтральным рэгіёнам Беларусі.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Ксеніі ЛІННІК
г. Слуцк.