Top.Mail.Ru

Першы форум маладых спецыялістаў «Час дзейнічаць» праходзіць у Мінску

Першы Мінскі гарадскі форум маладых спецыялістаў «Час дзейнічаць» стартаваў 27 жніўня, перадае БелТА.


Яго ўдзельнікамі сталі 150 маладых спецыялістаў з розных сфер дзейнасці. 

Ва ўрачыстым адкрыцці форуму і наступнай дыялогавай пляцоўцы прыняла ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля Качанава. 

У 2026 годзе ў эканоміку сталіцы прыйшлі больш як 9 тыс. маладых спецыялістаў. Наталля Качанава падкрэсліла, што на новым пакаленні працаўнікоў ляжыць асаблівая адказнасць.«Мінск — гэта сталіца нашай краіны, найбуйнейшы цэнтр, дзе сёння патрэбны маладыя кадры, гатовыя ўмацоўваць эканоміку. Маладое пакаленне, народжанае ў суверэннай і незалежнай Беларусі, абавязана прадоўжыць слаўныя працоўныя традыцыі. Дзяржава робіць усё для падтрымкі моладзі: у Канстытуцыі замацаваны асобны артыкул, каля пяцідзесяці законаў рэгулююць маладзёжную палітыку. Але самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека — гэта яго Радзіма, якую трэба шанаваць, берагчы і развіваць сваёй працай», — сказала спікер. 

Старшыня Савета Рэспублікі таксама звярнула ўвагу на важнасць першага працоўнага месца і ролю настаўніцтва. Дасведчаныя спецыялісты і кіраўнікі гатовы аказаць маладым людзям неабходную падтрымку, каб іх прафесійны шлях складаўся ўпэўнена і на доўгія гады.


З моладдзю таксама сустрэўся старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. Ён адзначыў, што цяпер для маладых спецыялістаў пачынаецца этап, калі ім трэба будзе дэманстраваць прафесіяналізм і навыкі, атрыманыя ў час вучобы, і ў той жа час набываць новыя веды і вопыт.

Сімвалічнае і месца правядзення форуму — Мінскі гарадскі тэхнапарк, рэканструяваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Уладзімір Кухараў нагадаў моладзі, што размешчаны ў тэхнапарку Мінскі мотавелазавод быў заснаваны пасля Вялікай Айчыннай вайны. «Людзі разумелі: каб жыць і развівацца, каб будавалася краіна — трэба працаваць», — адзначыў ён, дадаўшы, што тады гэта задача была выканана. Сёння эканоміка Беларусі стабільная: працуюць прадпрыемствы і будуюцца новыя. Моладзі трэба і далей развіваць краіну. 

У адкрыцці форуму таксама прынялі ўдзел старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінску Дзмітрый Равуцкі.


Пасля адкрыцця форуму маладыя спецыялісты змаглі задаць спікерам пытанні.

Форум будзе праходзіць два дні. Наперадзе — практыка-арыентаваныя пляцоўкі на прадпрыемствах Мінска, інтэнсівы па інфармацыйнай бяспецы, фінансавай граматнасці і рабоце органаў мясцовага самакіравання, стратэгічная сесія па распрацоўцы ініцыятыў і многае іншае.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю