У Гродне на першым форуме «Жанчына — лідар, жанчына — партнёр» сёння збяруцца больш за 80 кіраўніц устаноў аховы здароўя рэгіёна і кіраўнікоў першасных прафсаюзных арганізацый медыкаў. Пра гэта расказалі ў Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.
Тэма размовы — роля жанчыны-кіраўніка і жанчыны-арганізатара ў галіне, дзе прадстаўніцы прыгожага полу складаюць абсалютную большасць калектываў. Гаворка пойдзе пра складнікі эфектыўнага кіравання: як прымаць рашэнні, выбудоўваць адносіны ў калектыве, трымаць планку патрабавальнасці і пры гэтым заставацца сабой. Перад удзельніцамі выступяць паспяховыя жанчыны-кіраўнікі, псіхолагі і эксперты прафсаюзнай супольнасці.
Асобны блок прысвецяць сацыяльнаму партнёрству — таму самаму дыялогу паміж наймальнікам і прафсаюзам, ад зладжанасці якога шмат у чым залежыць дабрабыт калектыву. Прычым у ахове здароўя вобласці часцяком складваецца сітуацыя, калі па абодва бакі гэтага дыялогу — жанчыны: галоўны ўрач і старшыня прафкама. Як гендарныя асаблівасці такога ўзаемадзеяння накіраваць у канструктыўнае рэчышча і атрымаць максімальны вынік для людзей — пра гэта і будуць гаварыць спікеры.
«Сацыяльнае партнёрства — гэта штодзённая работа і ўменне чуць адно аднаго. Калі і кіраўнік, і прафсаюзны лідар — жанчыны, у такога дыялогу ёсць свая спецыфіка: больш эмпатыі, больш увагі да дэталяў, да чалавечых абставін. І гэта моцны бок, які трэба выкарыстоўваць, — адзначыў старшыня абласной арганізацыі прафсаюзаў Уладзіслаў Галяк. — Наша задача — даць удзельнікам форуму інструменты, каб іх голас быў пачуты, а рашэнні прымаліся ў інтарэсах калектыву».