Першы форум жанчын-навукоўцаў «Роля жанчыны ў навуцы і адукацыі» адкрыўся ў Мінску, перадае БелТА.
Асноўная мэта форуму — аб’яднанне і актуалізацыя ролі жанчын у навуцы, дэманстрацыя і папулярызацыя ўкладу навуковых прац жанчын у рэалізацыю задач сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, а таксама прыцягненне моладзі ў розныя сферы навуковай і навукова-педагагічнай дзейнасці.
У НАН сёння пройдзе пленарнае пасяджэнне форуму. Таксама ў Акадэміі навук і Беларускім дзяржаўным універсітэце запланавана работа тэматычных секцый. Асаблівая ўвага будзе нададзена кірунку «Жыццё ў дэталях: біямедыцына і біятэхналогіі», дзе з дакладамі выступяць прадстаўнікі навуковай супольнасці. Акрамя таго, у ліку секцый — «Матэрыялы будучыні і тэхналогіі», «Лічбавы сусвет», «Лічбавы прагрэс без маральнай дэградацыі: роля гуманітарных навук», «Сацыяльныя навукі: падмурак устойлівага жыцця», «Маладыя жанчыны ў навуцы: уклад у навуку і перспектывы ўмацавання эканомікі краіны».
Арганізатарамі форуму выступаюць Беларускі саюз жанчын, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства адукацыі, а таксама Мінскі гарадскі і абласныя выканаўчыя камітэты.