У вялікай зале кінатэатра імя Калініна ў Гомелі ўстанавілі лазерны лічбавы праектар і экран, якія забяспечваюць гледачу эфект поўнага паглыблення ў атмасферу карціны, перадае БелТА.
Інжынер эксплуатацыйна-тэхнічнага аддзела кінатэатра Сяргей Герасіменка растлумачыў тэхнічны складнік.
«Ранейшы праектар працаваў ад лямпы, аб’ектыўна ён не дацягваў па якасці малюнка на такім вялікім экране: прасядаў паказчык яркасці. Таму было вырашана замяніць яго на новы з лазернай крыніцай святла. Таксама быў заменены экран — на адпаведны гэтаму абсталяванню. Для нас важна даць максімальна выразную, кантрасную і яркую карціну», — падкрэсліў ён.
Сярод пераваг гэтага абсталявання — і тэхнічны бок, рэсурснасць праектара такога тыпу. «Не патрабуецца фактычна штомесячная замена лямпы. Праектар будзе працаваць больш за 50 тыс. гадзін без замены расходных элементаў», — адзначыў Сяргей Герасіменка.
Экран і праектар — кітайскай вытворчасці, у найбліжэйшы час чакаецца дастаўка і новага гукавога абсталявання.
«Больш якасным і аб’ёмным будзе і гук, каб максімальна забяспечыць гледачу эфект паглыблення ў кіно», — расказаў Сяргей Герасіменка.
Паводле звестак спецыялістаў, лазерны праектар такога ўзроўню — першы не толькі ў Гомельскай вобласці, але і ва ўсёй краіне.
Ацаніць карцінку на новым экране аднымі з першых змаглі юныя гледачы. Сёння адбыўся спецыяльны перадпрэм’ерны паказ анімацыйнага фільма «Ваўчок» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». З 8 кастрычніка гэты праект будзе ў афішах усіх кінатэатраў Гомельскай вобласці.