З надыходам устойлівых маразоў на вадаёмах пачынае ўтварацца лёд. Ён пачынае фарміравацца, калі тэмпература паветра стабільна апускаецца ніжэй за нуль. Але ў гэты перыяд лёд яшчэ тонкі і крохкі. Змацаваны начным холадам, ён яшчэ здольны вытрымліваць невялікія нагрузкі, але днём становіцца сітаватым і слабым, хоць і захоўвае таўшчыню.
Як адзначыла вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Рэспубліканскага савета АСВОД Кацярына МІХАЛЁВА, бяспечнай таўшчынёй лёду лічыцца паказчык 7 см, аднак у выпадку з рыбалкай пакрыццё не павінна быць танчэй як 10 см, а пры катанні на лёдзе вадаёма — не менш за 25 см.
«Актуальныя звесткі пра таўшчыню лёду можна паглядзець на сайтах абласных арганізацый АСВОД. Адзначу, што там размешчана інфармацыя не па ўсіх вадаёмах. У такім выпадку раю патэлефанаваць нашым спецыялістам па ўказаных на сайце мясцовых філіялаў нумарах», — падкрэсліла яна.
Таксама Кацярына Міхалёва параіла рыбачыць паблізу выратавальных станцый, дзе дзяжурыць аператыўны персанал. Пры ўзнікненні небяспечнай сітуацыі дапамога прыйдзе значна хутчэй.
Пра важнасць нашэння выратавальных камізэлек. Гэты атрыбут нават на тоўстым лёдзе павінен абавязкова прысутнічаць на рыбаку. «Ён сапраўды ратуе жыццё. Паверце: у нашай практыцы яшчэ не было выпадкаў, калі вадалазы даставалі са дна патанулага, адзетага ў выратавальную камізэльку. Калі вы апынуліся ў вадзе, камізэлька дасць неабходную апорную здольнасць. Максімум, што вам пагражае — пераахаладжэнне. Зрэшты, у крытычнай сітуацыі гэта меншае з бед», — дадала эксперт.
Колькасць патанулых знізілася больш чым на чвэрць
У Беларусі за 11 месяцаў выратавана з вады 209 чалавек. З іх 135 — выратаваны работнікамі АСВОДа. Сярод іх 42 непаўналетніх. У цэлым колькасць патанулых непаўналетніх у параўнанні з 2024 годам знізілася на 50 %. «Летась іх было 22, а сёлета — 11. Пры гэтым шасцёра з іх патанулі ў закрытых тэрыторыях: калодзежы, басейне, ваннах», — дадала вядучы спецыяліст.
«Калі параўноўваць агульную колькасць патанулых за 2024 і 2025 гады, то яна знізілася на 26 %. З аднаго боку, гэта можна звязаць з павышэннем узроўню зладжанасці і аператыўнасці работы спецыялістаў. Але ўмовы надвор’я таксама адыгралі вялікую ролю: папярэдняе спякотнае лета было вельмі напружаным, а гэта выдалася прахалодным і дажджлівым», — сказала Кацярына Міхалёва.
За 2025 год праведзена больш за 18 тысяч мерапрыемстваў у працоўных і вучнёўскіх калектывах. Выпушчана вялікая колькасць матэрыялаў: больш за 1,7 тысячы ў друку, звыш 800 выступленняў на радыё і больш за 900 сюжэтаў на тэлебачанні. Праведзена звыш 36 тысяч рэйдаў па ўсёй краіне.
Тэхнічнае абсталяванне арганізацыі папаўняецца і пашыраецца. У бягучым годзе ўпершыню былі распрацаваны і створаны выратавальныя вышкі, цяпер устаноўлена 56 такіх канструкцый па ўсёй краіне. На ўзбраенні ў АСВОДа 25 аэралодак, якія ходзяць і па лёдзе, і па вадзе. «Паказальны прыклад — сітуацыя на Вілейскім вадасховішчы. Тады дзякуючы тэхніцы нам удалося выратаваць толькі з аднаго ўчастка лёду 18 рыбакоў», — расказала супрацоўніца арганізацыі.
Нягледзячы на вялікае зніжэнне колькасці гібелі людзей на вадзе, некаторыя праблемы ўсё ж захоўваюцца. «На жаль, каля 30 % ад усіх патанулых — рыбакі. Нярэдка рыбалка праходзіць з дапамогай плавальных сродкаў. Стараемся і тут праводзіць прафілактычную дзейнасць», — адзначыла Кацярына Міхалёва.
Сяргей КУРКАЧ