Top.Mail.Ru

Першы намеснік міністра абароны пракаментаваў вынікі праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл

На мерапрыемствах па праверцы баявой гатоўнасці Узброеных Сіл, якая па даручэнні Прэзідэнта праводзілася Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі, супрацьпаветраная абарона адпрацавала эфектыўна. Такое меркаванне ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» выказаў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Павел МУРАВЕЙКА.


«Экзамен трымалі сістэмы супрацьпаветранай абароны. Мы праводзілі маштабнае мерапрыемства для ацэнкі іх здольнасцяў выкрываць дзеянні паветранага праціўніка, рэагаваць на іх. Мы выкарыстоўвалі новыя прыёмы і спосабы, разгортвалі новую сістэму назірання, стваралі часовыя раёны абароны і гэтак далей. Наша супрацьпаветраная абарона адпрацавала даволі эфектыўна, — адзначыў Павел Муравейка. — Органы кіравання дзейнічалі зладжана, а тэхнічная аснова, якую яны стварылі і разгарнулі, пакрыўшы сеткай наглядальных і радыёлакацыйных пастоў Рэспубліку Беларусь, дае магчымасць кантраляваць паветраную прастору. Дзеянні зенітна-ракетных войскаў і авіяцыі паказалі, што падраздзяленні да выканання задач гатовыя».

Вядома, трэба правесці комплекс мерапрыемстваў па ацэнцы аб’ектыўнага кантролю, але ўражанні і ўспрыманне дзеянняў, паводле яго слоў, вельмі пазітыўныя. Павел Муравейка быў побач з камандуючым, які кіраваў баявымі дзеяннямі, таму ацаніць іх змог асабіста. «Гэта ўпэўненыя, зладжаныя, надзейныя дзеянні, якія дазваляюць радавацца за тое, што ў нас такая падрыхтаваная сістэма супрацьпаветранай абароны», — падкрэсліў першы намеснік міністра абароны.

У час праверкі з улікам вопыту сучасных ваенных канфліктаў было спланавана, між іншым, і задзейнічанне беспілотных лятальных апаратаў. 

«Мы імкнёмся ісці ў нагу з часам, і БЛА — гэта рэаліі сучаснай вайны і сучаснага бою. У ходзе праверкі яны вырашалі цэлы комплекс задач — вядзенне разведкі з выдачай адпаведных каардынат для агнявога паражэння, карэкціроўка агню артылерыі. Мы нават адпрацавалі такую спецыфічную задачу, як карэкціроўка стральбы танкаў на вялікія адлегласці з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў. Акрамя таго, інтэнсіўна прымяняліся такія прыёмы, як мініраванне і размініраванне мясцовасці з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў, пастаноўка дымавых перашкод, кіраванне каардынацыяй дзеянняў штурмавых груп ва ўмовах абмежаванай бачнасці ў лясіста-балоцістай мясцовасці. Гэта значыць рэальна беспілотнікі праніклі фактычна ў кожны элемент падрыхтоўкі падраздзяленняў воінскіх часцей», — растлумачыў Павел Муравейка.

Усё атрымалася, але ёсць нюансы, на якія трэба звярнуць увагу. Сярод іх першы намеснік міністра вылучыў неабходнасць нарошчвання колькасці беспілотнікаў, а таксама наяўнасць дублюючых спецыялістаў па іх кіраванні. «Часам беспілотны лятальны апарат 24/7 вісеў у паветры з пасадкай або ўзлётам іншага для таго, каб забяспечыць пастаянную выдачу інфармацыі. Трэба таксама навучыць крыху хутчэй рэагаваць, вывучаць, перадаваць каардынаты на сродкі агнявога паражэння. Чаму? 

Таму што абстаноўка вельмі хутка змяняецца, — заўважыў першы намеснік міністра абароны. — Мы бачым гэтыя пытанні, вызначылі тыя методыкі, якія трэба дадаць у навучанне. Думаю, у нас усё атрымаецца ў рамках далейшай падрыхтоўкі. Падчас наступнай праверкі гэта ўвогуле зойме лідзіруючае месца ў працэсе навучання і падрыхтоўкі войскаў».

Яшчэ немалаважны аспект — з беспілотнікамі змагаюцца з выкарыстаннем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, і гэты элемент быў апрабаваны ў рамках падрыхтоўкі. «Скажу адразу: ёсць ад беспілотнікаў „проціяддзе“, і працуе яно дастаткова эфектыўна. Не буду апускацца ў назвы тых ці іншых сістэм, але аб’ектыўна магу сказаць, што там, дзе правільна былі прыменены сродкі радыёэлектроннай барацьбы, беспілотнікі страцілі сваё панаванне над полем бою», — падкрэсліў першы намеснік міністра абароны.

  • Штучны інтэлект — добрая дапамога, але апошняе рашэнне застаецца за камандзірам. Павел Муравейка падкрэсліў, што поспех у ваеннай справе сёння грунтуецца найперш на волі, а інтэлект толькі падказвае найбольш лёгкі спосаб дасягнення гэтага поспеху. «Так, сёння вайна — гэта вайна інтэлектаў, але інтэлект абапіраецца на волю і на класічныя дзеянні, якія ў той ці іншай сітуацыі выкарыстоўваюцца, — адзначыў першы намеснік міністра абароны. — Мы бачым поле бою, мы ведаем аб праціўніку, але хтосьці з нас выйграе. І той, хто прыдумаў больш дасканалыя спосабы дзеянняў, той і перамог. Безумоўна, цяпер вельмі шмат гавораць пра штучны інтэлект, які гатовы дапоўніць нашу аб’ектыўную ваенную рэчаіснасць. Гэта добрая дапамога ў працэсе абгрунтавання прыняцця рашэнняў, правядзення пэўных разлікаў, мадэлявання сітуацый, але ўсё роўна апошняе рашэнне застаецца за чалавекам, за камандзірам».

Павел Муравейка нагадаў выказванне аб тым, што ў ваеннай справе любыя дзеянні можна абгрунтаваць матэматычна, але вядзенне вайны застаецца мастацтвам. «Таму ваеннае мастацтва — гэта ўсё ж такі мастацтва, якое грунтуецца на ўспрыманні чалавекам тых працэсаў, якія адбываюцца. Штучны інтэлект, натуральна, напоўніць нашу рэчаіснасць у найбліжэйшай перспектыве. Ён ужо ёсць у нас у асобных падраздзяленнях сувязі, мадэлявання, інфармацыйных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца. Прыйдзе час, і штучны інтэлект, магчыма, будзе кіраваць і танкам, але пакуль за рычагамі баявых волатаў сядзіць чалавек і ён з’яўляецца адзінай асобай, якая прымае рашэнне і ставіць апошнюю кропку».

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю