Будучыню нельга прадказаць, яе трэба рабіць
Маладыя людзі на Летняй школе маладога аналітыка паспрабавалі зрабіць амаль немагчымае: зазірнуць за гарызонт і ўявіць будучыню краіны праз 15-20 гадоў. Натуральна, улічваючы імклівае тэхналагічнае развіццё. У тым ліку нейрасетак, якія, хочам мы таго ці не, ужо трансфармуюць сацыяльна-эканамічны ландшафт. У межах Школы праходзілі сустрэчы з вядомымі і высокапастаўленымі людзьмі. На заключным этапе Школу наведаў першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай СНАПКОЎ: і каб пачуць меркаванне маладых людзей, іх пазіцыю, і адказаць на пытанні, якія іх хвалююць.
Сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны. І закраналіся многія праблемы: актуалізацыя сістэмы адукацыі, структура эканомікі краіны ў доўгатэрміновай перспектыве, магчымасці і рызыкі лічбавізацыі, сістэма ўзаемаадносін дзяржава — бізнес — грамадства ў будучую эпоху...
Мікалай Снапкоў уважліва слухаў высновы маладых аналітыкаў, адзначыўшы: старэйшаму пакаленню так ці інакш ёсць чаму павучыцца ў моладзі. Яна лепш арыентуецца ў сучаснай тэхналагічнай прасторы, у старэйшага пакалення ёсць жыццёвы досвед, пройдзены шлях поспехаў і памылак. У сінэргіі гэта можа стаць асновай канкурэнтаздольнасці краіны.
Першы намеснік Прэм’ер-міністра арыентаваў маладых людзей разам са стратэгічным развіваць і практычнае мысленне. Ідэя можа быць цудоўнай, выдатнай, перспектыўнай. Але як яе рэалізаваць? Напрыклад, Мікалай Снапкоў пагадзіўся з тэзісам моладзі аб развіцці ініцыятывы знізу-ўверх, калі жыхары той ці іншай мясцовасці, грамадскія супольнасці, бізнес прадстаўляюць ініцыятыву і атрымліваюць ад дзяржавы рэальныя паўнамоцтвы для яе рэалізацыі. На думку Мікалая Снапкова, не выклікае сумнення, што грамадства павінна ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў. «А як гэта рэалізаваць?» — задаў ён пытанне, амаль рытарычнае. Якія інстытуты для гэтага патрэбны, якія інструменты выкарыстоўваць. «Для гэтага неабходна кожны дзень, тыдзень, месяц, год фарміраваць інфраструктуру, каб была практычная рэалізацыя», — адзначыў ён. Пры гэтым неабходна сумясціць розныя погляды ў грамадскай думцы. Напрыклад, апытанні моладзі паказваюць, што мінчане арыентаваны на асабісты поспех, высокую якасць жыцця, зніжэнне эканамічнай рэгуляторыкі. А ў Віцебскай вобласці ў іх равеснікаў, наадварот, ёсць запыт на сацыяльную справядлівасць, развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі. І гэтыя пазіцыі неабходна злучыць у адзінае цэлае ў межах адной краіны.
Наогул, у кожнай праблемы два медалі. Напрыклад, у лічбавізацыі. З аднаго боку, яна неабходна і за ёй будучыня. З другога, як адзначыў Мікалай Снапкоў, поўная аблічбоўка эканамічнага і грамадскага жыцця робіць яго поўнасцю празрыстым. Паняцце асабістай прасторы як такой знікае: лічбавы след захоўвае ўсе дзеянні чалавека. Па словах першага намесніка Прэм’ер-міністра, запыт на высокія тэхналогіі ёсць. Асабліва ў моладзі. З іншага боку, шмат хто не гатовы да таго, каб іх персанальныя даныя ў поўнай меры траплялі ў розныя базы даных. Таму вельмі складана знайсці залатую сярэдзіну. Цяпер Беларусь рухаецца па трэку лічбавізацыі ўсіх дзяржаўных паслуг: каб імі было зручна і камфортна карыстацца. Па гэтым кірунку рухаемся. Не заўсёды так хутка, як хацелася б, але дынаміка ёсць.
Высокі госць перакананы: будучыню прадбачыць практычна немагчыма. «Што будзе праз дзесяць гадоў, не ведаю ні я, ні вы», — адзначыў ён. — Але вы гэтую будучыню будзеце рабіць".
Уладзімір ВАЛЧКОЎ