Свята «Дзень першакласніка» прайшло ў кінатэатры «Беларусь» 27 жніўня, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».
Свята стала фіналам гарадской дабрачыннай акцыі «Партфель першакласніка». Пры падтрымцы дзяржаўных і грамадскіх структур, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і неабыякавых гараджан вось ужо больш за тры дзесяцігоддзі яна праводзіцца для таго, каб дапамагчы малазабяспечаным і шматдзетныя сем’ям, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, падрыхтаваць першакласнікаў да навучальнага года.
— Напярэдадні Дня ведаў у сталіцы праходзіць шмат дабрачынных акцый. Адна з іх — «Партфель першакласніка», — звярнуўся да хлопчыкаў і дзяўчынак старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран. — Такія святы — не проста ўручэнне падарункаў, гэта сімвал уступлення ў новае жыццё. Зусім хутка вы прыйдзеце ў школу па веды. Год за годам будзеце вывучаць вучэбную праграму, даведвацца штосьці новае і станеце адукаванымі людзьмі, годнымі грамадзянамі краіны. Усяго самага добрага і светлага вам у пачатку гэтага вялікага шляху
Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Пётр Шуцько звярнуў увагу на тое, што дзень, калі ідзеш у першы клас, самы запамінальны ў жыцці.
— У вас наперадзе яркі і цікавы перыяд — падарожжа ў краіну Ведаў, — даў наказ маленькім мінчанам Пётр Шуцько. — Школа адкрывае цэлы свет, напоўнены маленькімі і вялікімі радасцямі, зносінамі, пашырэннем кругагляду.
Ён падкрэсліў, што дабрачыннае свята — частка вялікай дзяржаўнай падтрымкі, якая аказваецца ў Беларусі сем’ям з дзецьмі.
— У Мінску жывуць больш за 16 тысяч шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца амаль 30 тысяч дзяцей-школьнікаў, — прывёў звесткі Пётр Шуцько. — Традыцыйна да новага навучальнага года такія сем’і атрымліваюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу. Сёлета яе памер на кожнага школьніка склаў 146,3 рубля. Выплаты ўжо атрымалі больш за 87 % сталічных сем’яў. Адзначу, што са сродкаў мясцовага бюджэту на гэтыя мэты выдзелена 4,8 млн рублёў.
Не застаюцца ў баку ад добрай справы і неабыякавыя людзі. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення партыі «Белая Русь», намеснік старшыні партыі «Белая Русь» Андрэй Бугроў адзначыў, што ў нашай краіне дзеці акружаны клопатам бацькоў і дзяржавы.
У сваю чаргу, старшыня Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў Таццяна Краўчанка звярнула ўвагу на тое, што на працягу 30 гадоў грамадская арганізацыя як адстойвае інтарэсы вялікіх сем’яў на заканадаўчым узроўні, так і аказвае ім дапамогу пры вырашэнні надзённых праблем.
Для малых, якія зусім хутка ўпершыню сядуць за школьныя парты, арганізатары падрыхтавалі гульні, конкурсы і, вядома, падарункі. Больш за сто дзяўчынак і хлапчукоў атрымалі ранцы з прыладамі да школы, цацкамі і прысмакамі.
— Мне ўсё вельмі падабаецца, — падзяліўся ўражаннямі шасцігадовы Васіль Волкаў. — Мама з татам ужо купілі мне касцюм, кашулю, туфлі. Чакаю не дачакаюся, калі можна будзе іх надзець.
У Дзень ведаў муж і жонка Юлія і Дзмітрый Волчак павядуць на ўрачыстую лінейку адразу траіх школьнікаў. Блізняткі Стэфанія і Ясенія пойдуць у трэці клас, Васіль — у першы. Дарэчы, на свяце будзе і яшчэ адзін малыш. Пакуль ён жыве ў мамы ў жывоціку, але зусім хутка ў сям’і чакаецца папаўненне.
Фота Ірыны Маліноўскай