Top.Mail.Ru

Першы шахтавы пагрузчык БЕЛАЗ прыступіў да заводскіх выпрабаванняў

Першы шахтавы пагрузчык БЕЛАЗ прыступіў да заводскіх выпрабаванняў, паведамілі БелТА на прадпрыемстве. 



Пагрузачна-даставачная машына (ПДМ) БЕЛАЗ-79550 грузападымальнасцю 17,2 т — найноўшы шахтавы пагрузчык, створаны ў цесным супрацоўніцтве з нарыльскімі гарнякамі для высокаэфектыўнай работы ва ўмовах абмежаванай прасторы руднікоў на Крайняй Поўначы Расіі.

ПДМ спраектаваная пад канкрэтныя запыты кампаніі «Нарыльскі нікель», якая мае вялікі вопыт эксплуатацыі і абслугоўвання падземнага транспарту дадзенага класа. Галоўная задача навінкі — аператыўная пагрузка горнай масы ў коўш, яе транспарціроўка з забою і выгрузка ў шахтныя самазвалы або на канвеерныя стужкі. Функцыянальнасць і ўніверсальнасць шахтавага пагрузчыка БЕЛАЗ даюць магчымасць выконваць і іншыя транспартныя задачы: расчышчаць шахтныя тунэлі, перавозіць матэрыялы і нават працаваць у якасці цягача.

Выкарыстанне перадавых лічбавых тэхналогій дазволіла стварыць ПДМ з павышаным запасам трываласці і павялічаным тэрмінам службы. У канструкцыі машыны рэалізаваны інавацыйныя інжынерныя рашэнні, сучасныя сістэмы трансмісіі і кіравання.

«Шахтавы пагрузчык БЕЛАЗ-79550 сур’ёзна адрозніваецца ад ПДМ МаАЗ-4076, якая ўжо выпрабоўваецца ў шахтах Нарыльска, — сказаў генеральны канструктар БЕЛАЗа Аляксандр Наскавец. — Для разліку трываласці апорных канструкцый і працаздольнасці механізмаў ПДМ БЕЛАЗ ужываліся методыкі камп’ютарнага мадэлявання. Машына абсталявана абсалютна новай кабінай. Яна прасторней і сучасней. У шахтным пагрузчыку мы па максімуме выкарыстоўвалі кампанентную базу вытворчасці прадпрыемстваў Саюзнай дзяржавы».

Зараз ПДМ БЕЛАЗ-79550 праходзіць заводскія выпрабаванні працоўнага абсталявання і хадавой часткі машыны па праграме, складзенай разам са спажыўцом. БЕЛАЗ і «Нарнікель» працягваюць сумесную працу над стварэннем высокатэхналагічных імпартанезалежных падземных машын.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю