Top.Mail.Ru

Першымі ў новым годзе на экскурсію ў Палац Незалежнасці трапілі медработнікі

Першая экскурсія ў Палацы Незалежнасці ў 2025 годзе прайшла 9 студзеня. Такі падарунак папрасілі ў кіраўніка дзяржавы работнікі Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы падчас яго візіту напярэдадні Новага года. Аляксандр Рыгоравіч з задавальненнем выканаў гэтае жаданне, і вось больш за 100 найлепшых супрацоўнікаў медустановы атрымалі магчымасць убачыць на свае вочы гэты ўнікальны будынак.


Адным з ініцыятараў такога падарунка для калектыву быў галоўны ўрач Дзмітрый Зайцаў. Па яго словах, гэтая падзея — яшчэ адно пацвярджэнне таго, што мары спраўджваюцца.

— У гэтым годзе мы першыя наведвальнікі Палаца Незалежнасці. Большасць тут упершыню. Эмоцый шмат. Гэта проста гонар за наш суверэнітэт, за нашу незалежнасць і ўвогуле за нашу Беларусь, — падзяліўся ён.

Цэнтрам прыцягнення экскурсантаў стала ялінка ў кадцы, упрыгожаная чырвонымі сэрцайкамі. Аказалася, супрацоўнікі бальніцы самі падарылі яе Прэзідэнту. Як прайшла тая сустрэча, успомніла загадчыца педыятрычнага аддзялення № 1 для лячэння дзяцей з кардыялагічнымі і рэўматалагічнымі захворваннямі Святлана Клячан:

— Кожны год мы традыцыйна віншуем са святам дзетак, якія застаюцца на лячэнні ў бальніцы на Новы год. Аднак заканчэнне 2024-га стала асаблівым, таму што да нас прыехаў сам Прэзідэнт.

Паводле яе слоў, як у медперсаналу, так і ў дзяцей уражанні проста цудоўныя.

— Вядома, перад візітам вельмі хвалюешся, бо разумееш, што чакаеш такога высокага госця. Аднак, як толькі Прэзідэнт звярнуўся да мяне, адразу стала лёгка на сэрцы. Было такое пачуццё, што гэта родны чалавек, якога я ведаю даўным-даўно і які проста прыехаў у госці павіншаваць дзяцей. У яго настолькі добрая аўра, што вам не перадаць. Гэта не толькі мае словы, але і словы дзяцей, якія прысутнічалі на свяце. Яны нават пасля выпіскі тэлефануюць і ўспамінаюць той дзень, — распавяла Святлана Клячан.

Ідэя падарыць ялінку, якая цяпер упрыгожвае Палац Незалежнасці, кіраўніку дзяржавы была агульнай.

— Як і аддзяленне кардыялагічнае, мы ўпрыгожылі яе сэрцайкамі. Дзеткі напісалі на іх свае пажаданні. Атрымалася шчыра і з душой, — заключыла Святлана Клячан.

Дарэчы, гэта не першая яе сустрэча з Прэзідэнтам. Восем гадоў таму яна атрымлівала з рук Аляксандра Лукашэнкі медаль «За працоўныя заслугі».

Падзялілася сваімі ўражаннямі і ўрач-отарыналарынголаг, старшыня прафсаюзнага камітэта Вольга Пачкоўская:

— Я ведала, што тут будзе вельмі прыгожа, але не ўяўляла, што настолькі. Я шмат дзе была, і мне ёсць з чым параўнаць. Гэта ўнікальнае спалучэнне сучаснасці і манументальнасці, якое не можа пакінуць абыякавым.

Паводле яе слоў, жадаючых наведаць палац было вельмі шмат, аднак па распараджэнні галоўнага ўрача выбралі найлепшых з найлепшых — тых, хто добра праявіў сябе ў 2024 годзе, і тых, хто актыўна прымаў удзел у падрыхтоўцы да сустрэчы Прэзідэнта.

— Тут прысутнічаюць людзі абсалютна рознага сацыяльнага рангу. Тым не менш у палацы любы чалавек — ад простага санітара да галоўнага ўрача — можа адчуць сябе важным госцем. Для многіх гэтая экскурсія — як сапраўднае свята. Людзі хваляваліся, перапытвалі па некалькі разоў, а ці насамрэч іх узгаднілі, а ці патрэбен зменны абутак, а якая форма адзення... Адным словам, для многіх — гэта падзея, — заключыла яна.

Экскурсія пакінула ў наведвальнікаў станоўчыя эмоцыі. Яны даведаліся шмат новага і цікавага, з задавальненнем разглядалі залы палаца і, канешне, рабілі фота на памяць.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю