Падзею можна смела назваць знакавай, прычым як для лічбавай эканомікі, так і для фінансавай сістэмы ў цэлым. У цэнтры ўвагі — рэалізацыя ўказа кіраўніка дзяржавы па пытаннях дзейнасці крыптабанкаў.
Першыя ў айчыннай гісторыі
Бар’еры паміж класічным фінансавым і крыптабізнесам паступова зніжаюцца — такая тэндэнцыя назіраецца ва ўсім свеце, і Беларусь не выключэнне. Таму спалучэнне класічных банкаўскіх аперацый і аперацый з крыптавалютай стала заканамерным крокам развіцця сферы ў нашай краіне.
Далейшае развіццё беларускага крыптасектара разгледзелі на пасяджэнні Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій разгледзелі, адзначыў Прэм’ер-міністр Аляксандр ТУРЧЫН:
— На працягу больш як паўгода вялася актыўная нарматворчая работа ў мэтах рэалізацыі ўказа кіраўніка дзяржавы па пытаннях дзейнасці крыптабанкаў, які ўступіў у сілу ў ліпені бягучага года. Быў прыняты шэраг пастаноў урада, прававых актаў Нацыянальнага банка і Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій, рэалізаваны неабходныя арганізацыйныя меры для ажыццяўлення ідэй, закладзеных ва ўказе кіраўніка дзяржавы.
І праведзеная работа ўвянчалася канкрэтным вынікам: падрыхтаваны рашэнні аб рэгістрацыі ў Парку двух крыптабанкаў, якія сталі першымі ў айчыннай гісторыі.
Як адзначыла начальнік Сакратарыята Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій Ганна РАБАВА, свой шлях крыптабанкі звычайна пачынаюць са статусу рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Пасля гэтага ім неабходна прайсці акрэдытацыю ўжо ў Нацыянальным банку.
Крок у будучыню
Адсюль і двайное рэгуляванне — з боку і Парка высокіх тэхналогій, і Нацыянальнага банка. На думку Дзмітрыя КАЛЕЧЫЦА, першага намесніка начальніка Сакратарыята Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій, гэта акажа спрыяльны ўплыў на экасістэму фінансавых патокаў, павысіць тэхналагічнасць бізнесу і давер да фінансавых інстытутаў, а таксама прыцягне інвестыцыі і павялічыць даходы ў краіне ўвогуле.
Першы намеснік начальніка Сакратарыята Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій таксама падкрэсліў: і Паркам, і Нацбанкам былі ўрэгуляваны ўсе асноўныя аспекты дзейнасці крыптабанкаў — ад патрабаванняў да іх да пытанняў, якія аперацыі яны могуць здзяйсняць, як весці ўлік і якой будзе справаздачнасць.
Дарэчы, варта адзначыць: вялікі пласт работы выканалі самі арганізацыі, якія заявілі аб намеры стаць крыптабанкамі. У тым ліку сабралі прафесійныя каманды, перабудавалі IT-архітэктуру, а таксама прайшлі тэхнічныя і юрыдычныя аўдыты. «Тыя арганізацыі, якія цяпер плануюць станавіцца крыптабанкамі, — гэта вядомыя гульцы на рынку ў Парку і на крыптарынку, яны маюць дастаткова добры практычны досвед работы ў крыптасферы», — расказаў Дзмітрый Калечыц.
Увогуле з’яўленне ў нашай краіне крыптабанкаў, па словах Дзмітрыя Калечыца, гэта той самы крок, які дазволіць зблізіць традыцыйныя фінансы і крыптасферу: «У свеце адбываецца паступовая інтэграцыя розных сегментаў фінансавага рынку, у тым ліку інтэграцыя крыптаінструментаў у работу нашых класічных фінансавых пасрэднікаў. Гэта павінна служыць павышэнню эфектыўнасці функцыянавання фінансавага рынку, дыверсіфікацыі рознага роду фінансавых інструментаў».
Адсюль — больш магчымасцяў абароны зберажэнняў і разнастайнасць фінансавых аперацый, якія могуць атрымліваць карыстальнікі фінансавых паслуг. А гэта, у сваю чаргу — прамы шлях да павышэння дабрабыту грамадзян.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА