Уборачная кампанія толькі пачалася, а ўжо ёсць тыя, хто пераадолеў тысячны рубеж. На Гродзеншчыне і Міншчыне першых тысячнікаў віталі амаль адначасова.
Першым тысячнікам сёлетняй уборачнай кампаніі ў Беларусі стаў Сяргей Шантыр з Гродзеншчыны. Рэкардсмен працуе ў СВК «Гродзенскі». Дарэчы, яго леташняе дасягненне — 6800 тон збожжа.
У працэсе ўборкі азімага ячменю ў гаспадарцы задзейнічаны тры камбайны. Усе яны працуюць спраўна, без збояў. Ураджай ячменю сёлета лепшы, чым летась, адзначаюць у «Гродзенскім». Тут стараюцца выкарыстоўваць насенне гэтай культуры першай рэпрадукцыі і элітнае. Агульная плошча пасеваў ячменю складае 120 гектараў.
Рубеж у тысячу тон Сяргей Шантыр пераадолеў усяго за чатыры дні, намалаціўшы ў сярэднім ад 200 да 260 тон за дзень. Аграрый ставіцца да сваёй працы з адказнасцю і адзначае, што адчувае дух саперніцтва:
— Не буду ўтойваць: ганаруся, што стаў першым. Віншаванні прымаць прыемна. Апроч уласнага жадання старанна працаваць, падганяе і канкурэнцыя, усе хочуць выкласціся напоўніцу, і я гэта адчуваю. З самага пачатку працы ў сельскагаспадарчай сферы ў мяне амаль усе ўборкі перадавыя. Летась вельмі добра папрацаваў, сёлета хачу адпрацаваць не горш.
Гаспадаркі вобласці настроены на сур’ёзную работу. Як адзначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Сарокін, у рэгіёне добра падрыхтаваліся да жніва. Некаторыя раёны, напрыклад Гродзенскі і Бераставіцкі, ужо заканчваюць уборку азімага ячменю. У цэлым па вобласці ўбрана больш за 8 тысяч гектараў, што складае амаль чвэрць усіх палёў.
А на Міншчыне ў адной гаспадарцы Клецкага раёна — адразу два тысячнікі: камбайнер ААТ «Кухчыцы» Павел Шуціла і Андрэй Аляксейчык з гэтай жа гаспадаркі — ён стаў першым кіроўцам у краіне, які сёлета перавёз на сваім аўтамабілі «МАЗ» тысячу тон збожжа.
У ААТ «Кухчыцы» сёлета пасеяна 460 гектараў азімага ячменю. Гэта аптымальная плошча, каб забяспечыць сваю жывёлагадоўлю фуражным збожжам, выканаць дзяржзаказ і закласці насенне для ўласных патрэб гаспадаркі.
«Убралі больш за 50 % азімага ячменю, намалочана крыху больш чым дзве тысячы тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць перавышае 80 цэнтнераў на гектар. Хацелася б, вядома, больш... Вясновыя замаразкі не лепшым чынам паўплывалі на пасевы. Але вынік усё ж годны», — паведаміў дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей ЗДРОК.
Агульная ўборачная плошча да гэтага жніва складае больш за 1,5 тысячы гектараў. Для работы гаспадарка мае 9 камбайнаў, два з іх — новыя. Паводле слоў кіраўніка сельгаспрадпрыемства, гомельскія GS-2124 ні ў чым не саступаюць імпартным аналагам.
Ён таксама выказаў вялікую падзяку кіраўніцтву краіны за тое, што сёння вяскоўцы, адчуваючы падтрымку, у тым ліку і ў выглядзе тэхнічнага абсталявання, могуць не толькі паказваць высокія вынікі, але і добра зарабляць.
Яшчэ адзін тысячны вынік па стане на 9 ліпеня зафіксаваў кіроўца аўтамабіля МАЗ-555 Андрэй Аляксейчык. «Летась за сезон ён перавёз больш за 5 тысяч тон збожжа — гэта быў найлепшы вынік у вобласці! І сёлета здаваць пазіцыі перадавіка Андрэй не плануе», — адзначыў кіраўнік гаспадаркі. У 2025 годзе ў ААТ «Кухчыцы» планы на ўраджай нядрэнныя. «Спадзяёмся, што вынік восенню пакажам годны», — рэзюмаваў Сяргей Здрок.
«Гэтыя дасягненні — не проста лічбы. А вынік карпатлівай працы, самааддачы і адданасці зямлі, — віншуючы аграрыяў, адзначыў старшыня Клецкага райвыканкама Юрый Карловіч. — У кожным каласку, у кожнай тоне збожжа і перавезенага грузу — часцінка душы гэтых людзей, іх вопыт і майстэрства. Такія работнікі — залаты фонд аграпрамысловага комплексу, прыклад для пераймання, гонар усёй Мінскай вобласці і краіны».
Новыя рэкорды не за гарамі. Уборачная кампанія ў самым разгары, і ў палях кіпіць работа. Механізатары і вадзіцелі, аграномы і інжынеры — усе, хто мае дачыненне да жніва, імкнуцца ўнесці свой уклад у агульны поспех. Кожны дзень прыносіць новыя перамогі, і імёны перадавікоў будуць гучаць усё гучней.