Сакавік — самы чаканы месяц года, прынамсі, для садоўнікаў і кветкаводаў. Вясна лунае ў паветры. Адпаведна, разгортваецца актыўны фронт садовых работ.
Абрэзка кустоў і дрэў
Перш за ўсё трэба ўдзяліць увагу ягадным кустам. Так, у чорных парэчак, акрамя хворых, паламаных, сухіх галінак, абразаюць усе парасткі, старэйшыя за пяцігадовы ўзрост (у белай і чырвонай галінкі абразаюць толькі пасля 8-9 гадоў). Пасля таго як на кустах парэчак з’явяцца пупышкі, аглядайце іх штотыднёва, каб своечасова сабраць тыя, у якіх пасяліўся пупышкавы парэчкавы клешч.
Маліны патрабуюць іншага падыходу: усе атожылкі, якія пладаносілі ў мінулым годзе, зразаюць каля самай зямлі; таксама выдаляюць і слабыя аднагадовыя парасткі або галінкі з патаўшчэннем унізе — менавіта ў іх зімуе малінавая галіца. На ўсіх астатніх ягадных кустах здаровыя галіны кароцяць да 2-4 пупышак, а занадта густыя і пашкоджаныя парасткі выдаляюць цалкам.
У сакавіку самы час заняцца прарэджваннем дэкаратыўных кустоў — усіх, акрамя тых, што цвітуць вясной, бо ў іх у гэты час ужо закладзены пупышкі і чапаць іх нельга.
А вось якія расліны любяць менавіта сакавіцкае абразанне, дык гэта вечназялёныя культуры, кусты і дрэвы. На абразанне і на фарміраванне кроны яны лепш за ўсё рэагуюць у канцы зімы, калі ўжо цалкам выканалі сваю галоўную дэкаратыўную ролю. Удзяліць увагу трэба і раслінам у жывых платах, і салістам.
Абразаць кусты можна да пачатку руху соку, прыкмета якога — набраканне пупышак. Таксама да пачатку гэтага перыяду трэба правесці першае апырскванне саду супраць шкоднікаў і хвароб.
Пасадка раслін
У сакавіку на расаду высейваюць адналетнікі (вербена, астра, цэлозія і іншыя), акрамя мацыёлы, якая высаджваецца на глыбіню 5-6 мм, і львінага зеву, які рассаджваюць на глыбіню не больш за 4 мм.
Любіць сакавіцкую сяўбу і дэльфініум, які разводзяць свежым насеннем у рыхлым і вільготным субстраце. Калі вы хочаце, каб і іншыя культуры (вяргіні, кракасмія, ацытандэра, гальторыя) зацвілі раней — таксама высадзіце іх для падрошчвання. Кветкі трымаюць пры тэмпературы каля 18 градусаў цяпла на светлым падаконніку.
Першыя дэкаратыўныя дрэвы і кусты можна высаджваць адразу пасля таго, як адтае глеба. Саджанцы лепей набываць непасрэдна перад пасадкай, каб пазбегнуць абязводжвання карэнішчаў.
Марына ВЯРЭНІЧ