Першыя вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады прадставілі ў Авальнай зале Дома ўрада. Перад дэпутацкім корпусам выступіў міністр эканомікі Юрый Чабатар, перадае БелТА.
Год таму ў Авальнай зале былі прэзентаваны асноўныя палажэнні праграмы, галоўная задача якой — новая якасць жыцця чалавека, эфектыўнае функцыянаванне эканомікі і прадпрыемстваў. Праграму распрацоўвалі з улікам меркавання насельніцтва. Апытанні выкарыстоўваюцца і пры падвядзенні вынікаў, што дазваляе зразумець, наколькі краіна прасунулася ў вырашэнні пастаўленых задач.

Міністр адзначыў, што ключавы вектар работы — павышэнне эфектыўнасці працы пры адначасовым росце даходаў грамадзян. Падкрэслена, што эканоміка працы выбудоўваецца па прынцыпе: зарплата расце не замест эфектыўнасці, а разам з ёй.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Віктар Нікалайкін у каментарыі журналістам заўважыў, што работа рэальнага сектара эканомікі ўплывае на напаўненне бюджэту і вырашэнне сацыяльных пытанняў. «А мы вельмі вялікую праграму разгарнулі ў гэтай пяцігодцы па сацыяльна арыентаваным кірунку. На сёння праграма выконваецца, і паказчыкі нядрэнныя», — сказаў ён, адзначыўшы таксама пытанні, на якія варта звярнуць увагу.