У аснове — нацыянальныя інтарэсы
Як падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, Беларусь заўсёды пазіцыянавала сябе як міралюбівую дзяржаву. Яна нагадала аб прыхільнасці краіны да палітыкі неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, акцэнтуючы ўвагу на важнасці міру і супрацоўніцтва з тымі, хто настроены на добрыя адносіны.
«Такую ж палітыку вядзе і Турцыя, падкрэсліваючы, што абедзве краіны імкнуцца стварыць платформу для мірных перагавораў і ўрэгулявання ваенных канфліктаў, якія, на жаль, сёння не рэдкасць, — канстатавала спікер. — Важна, што Беларусь, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, адыгрывае значную ролю ў гэтым працэсе, звязваючы Усход і Захад. Беларусь і Турцыя — гэта тыя краіны, якія прытрымліваюцца суверэнітэту і незалежнасці сваіх краін, дакладна адстойваюць свае нацыянальныя інтарэсы. І таму мы, парламентарыі, павінны працаваць і працуем менавіта ў такім ключы».
Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктара АНАНІЧА, Турцыя з’яўляецца адным з асноўных эканамічных партнёраў Беларусі. «За апошнія гады яна ўвайшла ў топ-10 дзяржаў, якія маюць з нашай краінай значны тавараабарот: за 2024 год таварааабарот паміж Беларуссю і Турцыяй склаў больш за мільярд долараў, — канкрэтызаваў сенатар. — Але ёсць яшчэ значны патэнцыял. Мы бачым як запатрабаванасць турэцкага бізнесу, так і беларускія рашэнні па інвестыцыйных пытаннях. Лідары нашых дзяржаў паставілі задачу — давесці тавараабарот да 1,5 мільярда долараў, таму мы ў тым ліку абмяркоўвалі, як выканаць гэтыя даручэнні».
Ад гандлю да турызму
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА лічыць, што Беларусі і Турцыі важна развіваць даверны дыялог і аб’ядноўваць намаганні па вырашэнні пытанняў рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, прасоўванні ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.
«Тэм для двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Турцыі нямала, але перш за ўсё — гэта эканоміка, — падкрэсліў спікер. — Значэнне Турцыі, якая традыцыйна ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі, працягвае ўзрастаць, асабліва з улікам наяўнай у гэтай краіны фінансавай і транспартна-лагістычнай інфраструктуры. Мы можам сур’ёзна прыбавіць, пашыраючы кантакты паміж дзелавымі коламі дзвюх краін. Тым больш у Беларусі існуе шэраг прадпрыемстваў з турэцкім капіталам. Гэтыя прадпрыемствы зарэгістраваны ў свабодных эканамічных зонах, у тым ліку ў кітайска-беларускім парку. Мы запрашаем турэцкі бізнес да супрацоўніцтва. Думаю, што тут ёсць поле для ўзаемадзеяння і па парламенцкай лініі».
Па выніках сумеснага пасяджэння рабочых груп па супрацоўніцтве парламентаў Беларусі і Турцыі старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам Турэцкай Рэспублікі Сяргей РАЧКОЎ указаў на багатую гісторыю двухбаковых адносін. «Задача парламентарыяў — знаходзіць новыя рэзервы, новы патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва ў розных сферах, — канкрэтызаваў ён. — Падчас пасяджэння мы, вядома, гаварылі аб паглыбленні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Для Рэспублікі Беларусь вельмі важная падтрымка Турцыі на міжнародных парламенцкіх пляцоўках, такіх як Парламенцкая асамблея АБСЕ і Міжпарламенцкі саюз».
Па словах дэпутата, на штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў Партугаліі беларускія парламентарыі выступілі сааўтарамі турэцкіх паправак у рэзалюцыі асамблеі. Ён дадаў, што беларусы таксама атрымліваюць падтрымку з боку турэцкіх калег.
Сярод іншага абмяркоўвалася пытанне задзейнічання вялікага фінансава-эканамічнага патэнцыялу Турцыі для развіцця эканомікі Беларусі. «Вядома, для парламентарыяў важныя і пытанні народнай дыпламатыі, культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва, развіцця турызму, — дадаў Сяргей Рачкоў. — Перш за ўсё мы акцэнтавалі ўвагу на наступным: нягледзячы на тое, што Турцыя ў беларусаў карыстаецца вялікай папулярнасцю ў якасці турыстычнага маршруту, але і ў Беларусі турызм вельмі актыўна развіваецца. І мы былі б рады бачыць у Рэспубліцы Беларусь больш турэцкіх гасцей».
Як адзначыў у размове з журналістамі кіраўнік міжпарламенцкай групы сяброўства Турцыя — Беларусь Вялікага нацыянальнага сходу Турэцкай Рэспублікі Сельман ЭСЕР, сяброўства і адносіны паміж краінамі і без таго знаходзяцца на вельмі высокім узроўні. «Але мы спадзяёмся, што пры дапамозе кантактаў, якія чакаюцца падчас гэтага візіту, мы вывядзем іх на яшчэ больш высокі ўзровень, — удакладніў ён. — Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі, якія налічваюць 33 гады і развіваюцца галоўным чынам у такіх вымярэннях, як эканоміка, палітыка, гуманітарная сфера, маюць канструктыўны характар. Турцыя вельмі шчыра зацікаўлена ў развіцці адносін з Беларуссю».
Паводле прэс-службаў Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў.