Рэспубліканскі навукова-практычны семінар «Стратэгія развіцця галіны: вынікі і перспектывы» сабраў у Быхаве прадстаўнікоў кансервавай галіны краіны, перадае БелТА.
Як расказаў генеральны дырэктар РУП «НПЦ НАН Беларусі па харчаванні» Аляксей Меляшчэня, падобныя семінары праводзяцца ўжо каля 20 гадоў сумесна з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам». І гэта не проста традыцыя, а магчымасць абмеркаваць найбольш важныя тэмы, праблемныя моманты і знайсці для іх шляхі вырашэння. А цяпер такія сустрэчы маюць асаблівае значэнне, бо ў краіне ідзе пяцігодка якасці.

«Такая сістэмная работа з прадпрыемствамі, якія ўваходзяць у склад канцэрна і якія не ўваходзяць у склад, вядзецца пастаянна. Мы прэзентуем для калег і прадпрыемстваў свае навуковыя распрацоўкі, падымаюцца тыя праблемы, якія патрабуюць вырашэння ў галіне вытворчай сыравіны, якасных характарыстык самой сыравіны, самой прадукцыі, праблемы, якія ўзнікаюць на рынках, — адзначыў ён. — Кожны раз фармат трохі змяняецца, абмяркоўваюцца найбольш значныя праблемы. Тут выпрацоўваюцца калі не нейкія канкрэтныя рашэнні, то, прынамсі, ставяцца задачы перад навукай, перад нашым цэнтрам па харчаванні, канцэрнам «Белдзяржхарчпрам». У нас звычайна прысутнічаюць прадстаўнікі Дзяржстандарта, МАРГ. Гэта значыць абмеркаванне пытанняў вядзецца комплексна».
Ёсць некалькі аспектаў развіцця кансервавай галіны, якія заўсёды знаходзяцца пад пільнай увагай. Напрыклад, мадэрнізацыя. І тут, упэўнены Аляксей Меляшчэня, нельга спыняцца. Умовы надвор’я таксама ўносяць свае карэкціроўкі ў работу ўсёй галіны. Бо ад ураджаю гародніны залежыць якасць і аб’ёмы прадукцыі, якая выпускаецца. Але і тут прадпрыемствы шукаюць шляхі вырашэння: свой рынак пладова-агародніннай прадукцыі ў Беларусі вялікі, а калі з’яўляецца неабходнасць дакупіць сыравіну — наладжаны імпарт.
Падчас навукова-практычнага семінара ўдзельнікі не толькі абмяркоўваюць найбольш важныя аспекты развіцця галіны, але і наведваюць розныя прадпрыемствы. Сёння яны пазнаёміліся з поўным цыклам вытворчасці сезоннай прадукцыі ў ТАА «Быхаўскі кансервавы завод». Як падкрэсліў Аляксей Меляшчэня, у такіх візітах ёсць свае плюсы. Акрамя гэтага, падчас семінара праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу кансерваванай прадукцыі «Хрустальны яблык».Цеснае ўзаемадзеянне навукі і прадпрыемстваў кансервавай галіны дае свой плён. «Мы пастаянна працуем з усімі прадпрыемствамі на ўсіх этапах. Гэта і да моманту пачатку вытворчасці, паколькі большасць вытворчасцяў сезонныя ў кансерватараў, так і ў працэсе ўзнікаюць нейкія вытворчыя пытанні: засваенне новай прадукцыі, спалучальнасць сыравіны, праверка якасных паказчыкаў. У гэтым плане мы працуем вельмі цесна практычна з усімі прадпрыемствамі хоць дзяржаўнай, хоць прыватнай форм уласнасці», — падсумаваў ён.