Беларусь упэўнена заяўляе аб сабе ў сферы крэатыўнай эканомікі: за першае паўгоддзе 2026 года экспарт камп’ютарных, тэлекамунікацыйных і інфармацыйных паслуг вырас на 13,7 %, а ў Глабальным інавацыйным індэксе мы ўвайшлі ў топ-25 па долі экспарту ІКТ-паслуг у агульным гандлі. Але ў лічбавізацыі ёсць і адваротны бок — рызыка кантрафакту, незаконнага капіравання. Змагацца з ёю найболей эфектыўна можна з дапамогай прававой аховы прамысловай уласнасці, лічаць удзельнікі VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця».
Пляцоўка для дыялогу
З 2021 года канферэнцыя трывала замацавалася як аўтарытэтная пляцоўка, дзе эксперты абменьваюцца думкамі і разам выпрацоўваюць стратэгіі, каб эфектыўна адказваць на сучасныя выклікі галіны. Таму нядзіўна, што аўдыторыя мерапрыемства сабрала шырокае кола ўдзельнікаў. У тым ліку — работнікі дзяржаўных структур, супрацоўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі беларускіх і замежных навучальных устаноў. Таксама на форуме прысутнічалі практыкуючыя эксперты ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, навуковыя работнікі, студэнты, магістранты і аспіранты, патэнтныя павераныя і ацэншчыкі аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Агульная колькасць тых, хто праявіў цікавасць да тэмы, перавысіла 400 чалавек. Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна сталі Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці і Еўразійскае патэнтнае ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі.
Удзельнікі абмеркавалі ўсе аспекты інтэлектуальнай уласнасці як асновы і драйвера развіцця крэатыўных індустрыі. Справа ў тым, што гэта сістэма сёння апынулася перад абліччам новых выклікаў, якія не пакідаюць абыякавымі грамадства. Адзін з самых вострых — імклівае развіццё штучнага інтэлекту, якое паднімае пытанні аўтарства, уцечкі даных і лічбавае пірацтва. Таму неабходным бачыцца распрацоўка прававых механізмаў, што забяспечаць баланс паміж выкарыстаннем IT-тэхналогій і абаронай інтарэсаў аўтараў.
Даклады прадставілі таксама па пытаннях патэнтавання і аўтарскага права, яго абароны ад кантрафакту, захавання балансу інтарэсаў аўтараў, праваўладальнікаў і карыстальнікаў і не толькі.
Актуальныя пытанні сучаснасці
Асаблівае месца — у пытання сінергіі інтэлектуальнай уласнасці і крэатыўнай эканомікі, адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс КАРЖЫЦКІ:
— Бо менавіта вынікі інтэлектуальнай дзейнасці выступаюць галоўным актывам крэатыўных індустрый, ператвараючы творчыя ідэі ў прадукцыю і экспарт. Так, паводле ацэнак ААН, крэатыўныя тавары і паслугі ўжо фарміруюць больш за 3 % сусветнага ВУП, а іх штогадовы аб’ём перавышае 2 трыльёны долараў.
Уклад крэатыўных індустрый у ВУП нашай краіны па выніках 2025 года дасягнуў 5 %. Пры гэтым тэмпы росту крэатыўнай эканомікі ўстойліва апярэджваюць сярэднесусветныя паказчыкі іншых сектараў. А значыць, і без сістэмнай дзяржаўнай падтрымкі ў сферы ўжо не абысціся.
Якія ўмовы стварае дзяржава для развіцця рынку інтэлектуальнай уласнасці ўвогуле? Па словах Дзяніса Каржыцкага, заканадаўства нашай краіны ў гэтай галіне сёння адпавядае сусветнаму:
— У нас таксама распрацаваны мадэльны закон Саюзнай дзяржавы. Вядзецца далейшая прапрацоўка пытанняў абароны аўтарскіх правоў з улікам развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту, — адзначыў ён.
Актыўна падчас канферэнцыі абмяркоўвалі і праблемы продажу тавараў на маркетплэйсах:
— Трэба выпрацоўваць механізмы, якія перашкаджаюць вываду кантрафактнай прадукцыі праз маркетплэйсы на нашы рынкі, у першую чаргу на рынкі Саюзнай дзяржавы і краін ЕАЭС, — падкрэсліў Дзяніс Каржыцкі.
Айчынныя распрацоўкі — у топе
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях таксама звярнуў увагу на тэндэнцыю апошніх шасці гадоў: тэмпы росту ўкладанняў у аб’екты інтэлектуальнай уласнасці перавышаюць тэмпы росту ўкладанняў у звычайныя матэрыяльныя актывы. І, каб падтрымаць гэты рынак, камітэт стварае адпаведную інфраструктуру.
— Напрыклад, сёлета былі прыняты змяненні ў закон аб абароне правоў інтэлектуальнай уласнасці. Яны прадугледжваюць скарачэнне працэдур патэнтнай аховы распрацовак аўтараў, а таксама больш зручныя магчымасці для атрымання патэнтаў. Усе гэтыя працэдуры можна зрабіць у электронным выглядзе, — падкрэсліў Дзяніс Каржыцкі.
Але нацыянальнымі ініцыятывамі справа не абмяжоўваецца. Беларусь актыўна ўключана ў міжнародныя працэсы, і адзін з ключавых напрамкаў — супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскай патэнтнай арганізацыі.
У яе рабоце наша краіна ўдзельнічае ўжо больш як 30 гадоў. А прамысловыя ўзоры сталі ахоўным аб’ектам еўразійскай сістэмы прававой аховы каля пяці гадоў таму, расказаў віцэ-прэзідэнт Еўразійскага патэнтнага ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі Уладзімір РАБАВОЛАЎ. За гэты час па колькасці заявак на прамысловыя ўзоры Беларусь замацавалася на другім месцы, уступаючы толькі Расіі. За такімі паказчыкамі — распрацоўкі МАЗ, БелАЗ, «Амкадор» і іншых прамысловых прадпрыемстваў. Беларусь таксама займае трэцяе месца ў свеце па ступені запатрабаванасці еўразійскай патэнтнай сістэмы з улікам колькасці насельніцтва, уступаючы толькі Швейцарыі і Даніі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА