Пра гэта заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка па выніках калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на якой былі разгледжаны вынікі працы галіны ў 2024 годзе.
У прыватнасці, ён падкрэсліў, што дзякуючы прымаемым сістэмным мерам адзначаецца станоўчая дынаміка павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.
Так, забяспечаны рост рэальных грашовых даходаў. Вырасла пакупніцкая здольнасць заработнай платы, пенсій, дапамог. Па выніках 2024 года рост рэальных грашовых даходаў склаў 109,7%. Рэальная зарплата па краіне вырасла на 13 працэнтаў, у бюджэтнай сферы — на 11 працэнтаў.
Таксама павялічыліся памеры працоўных пенсій. Профільны віцэ-прэм’ер нагадаў, што на працягу года былі праведзены два пераразлікі і па выніках года рэальны рост працоўных пенсій адзначаны на ўзроўні 110 працэнтаў да 2023 года.
Ігар Петрышэнка нагадаў, што ў 2024 годзе на заканадаўчым узроўні быў замацаваны шэраг важных сацыяльных навацый. Так, з 1 студзеня бягучага года для працуючых пенсіянераў знята абмежаванне па памеры пенсій.
— Заработная плата і поўны памер пенсіі — добры стымул для працягу працоўнай дзейнасці, — дадаў намеснік Прэм’ер-міністра.
Акрамя гэтага, дадатковыя пенсійныя гарантыі атрымалі дзеці-інваліды (у выпадку смерці аднаго з бацькоў); спрошчаны ўмовы прызначэння пенсій маці з чатырма дзецьмі, бацькам дзяцей-інвалідаў. Таксама быў павялічаны мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах: для студэнтак — у два разы, для жанчын, якія выйшлі на рынак працы і не маюць шасці месяцаў стажу, — больш чым у тры разы (з 224 рублёў да 448 і 726 рублёў адпаведна). А бацькі дзяцей-інвалідаў атрымалі магчымасць працаваць з захаваннем дапамогі па доглядзе дзіцяці.
— Сваё развіццё атрымала праграма «сямейнага капіталу». Яна падоўжаная на наступны пяцігадовы тэрмін — да 2029 года. Пры гэтым пашыраны магчымасці датэрміновага выкарыстання сродкаў па дзеючых напрамках, замацаваны маёмасныя правы дзяцей на жылыя памяшканні, набытыя з выкарыстаннем сямейнага капіталу, — акцэнтаваў увагу Ігар Петрышэнка.
Ён звярнуў увагу і на ўзмацненне фінансавай падтрымкі грамадзян падчас хваробы:
— У выніку дзве траціны грамадзян-атрымальнікаў дапамогі па часовай непрацаздольнасці (якія маюць стаж працы 10 і больш гадоў) атрымалі такую дапамогу ў памеры 100 працэнтаў заработнай платы з першага дня хваробы.
Профільны віцэ-прэм’ер канстатаваў таксама, што для павышэння даступнасці сацыяльных паслуг укаранёны дыстанцыйная форма абслугоўвання і абавязковае транспартнае забеспячэнне:
— Для арганізацыі падвозу атрымальнікаў паслуг са сродкаў мясцовых і рэспубліканскага бюджэту набываюцца транспартныя сродкі. У 2024 годзе набыта 28 аўтобусаў, адаптаваных для перавозкі інвалідаў. Сёння падвоз адаптаваным транспартам арганізаваны ў 114 тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Ён звярнуў увагу на яшчэ адну навацыю — доўгачасовы догляд — як альтэрнатыве стацыянарнай форме сацыяльнага абслугоўвання. Так, на сённяшні дзень ужо каля 100 чалавек у хатніх умовах атрымліваюць адначасова медыцынскую дапамогу і сацыяльныя паслугі.
Важны момант — сацыялізацыя ў звычайным жыцці тых, хто мае пэўныя праблемы са здароўем. Было адзначана, што ў 2024 годзе працаўладкавана 70,5 тысяч інвалідаў (больш за 60 працэнтаў ад агульнай колькасці інвалідаў, якія маюць прафесійныя і працоўныя рэкамендацыі).
Нядрэнныя лічбы дэманструе і безбар’ернае асяроддзе: так, па выніках мінулага года колькасць цалкам даступных аб’ектаў сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры, вулічна-дарожнай сеткі павялічылася да 30 тысяч аб’ектаў.
Закрануў Ігар Петрышэнка і тэмы ліцэнзавання прыватных дамоў-інтэрнатаў для пажылых:
— З увядзеннем у 2024 годзе ліцэнзавання дзейнасці прыватных суб’ектаў гаспадарання, якія аказваюць сацыяльныя паслугі ў стацыянарнай форме, разлічваем, што яны таксама стануць несці больш важкую сацыяльную нагрузку і адказнасць, прыўнясуць больш шырокія магчымасці для атрымання маючымі патрэбу грамадзянамі якаснай сацыяльнай дапамогі.
Намеснік Прэм’ер-міністра таксама падкрэсліў, што ў асаблівай зоне ўвагі дзяржавы — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і асобы, якія пацярпелі ад яе наступстваў. Ён нагадаў, што для павышэння сацыяльнай абароненасці гэтых катэгорый грамадзян у 2024 годзе прыняты Закон «аб змяненні законаў па пытаннях ветэранаў», які ўступіць у сілу з 1 мая бягучага года.
— Безумоўна на самым высокім узроўні будуць арганізаваны і праведзены мерапрыемствы ў рамках святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Наш святы абавязак паклапаціцца пра тых, дзякуючы каму была здабытая перамога, — асабліва адзначыў Ігар Петрышэнка.
У завяршэнне ён нагадаў, што ў краіне працягваецца рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі «актыўнае даўгалецце — 2030». У адпаведнасці з ёй, у цяперашні час працягваюць працоўную дзейнасць больш за 460 тысяч пенсіянераў, што на 5,7 працэнта больш чым у 2023 годзе.